Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Уладзімер Арлоў: "Незалежнасьць тады лунала ў паветры"


Уладзімер Арлоў
Уладзімер Арлоў
З выпадку 20-годзьдзя Дэклярацыі аб сувэрэнітэце Беларусі Ўладзімер Арлоў, аўтар культавага эсэ пачатку 90-х "Незалежнасьць – гэта…", згадвае, як ствараўся той твор.

"Я напісаў эсэ літаральна за нейкую гадзіну. Усё, што я выклаў на паперы, тады насілася ў паветры. Гэта быў зрэз думак і мараў тагачасных незалежнікаў. Гэтыя мары, безумоўна, шмат у чым былі наіўныя, але разам з тым і плённыя. Яны настройвалі тых людзей на адну хвалю.

Я памятаю, як я чытаў гэтае эсэ ў адной зь перадач Беларускага тэлебачаньня і за кулісамі заплакалі жанчыны: рэдактарка, памочніца рэжысэра, дзяўчаты з грымёркі… І потым, калі я сышоў са студыі, адна зь іх спыталася: "Няўжо ўсё гэта будзе?" І я так упэўнена сказаў: "Абавязкова будзе!"

Калі б яны згадалі той вечар і перачыталі тое эсэ сёньня, то, можа, хтосьці зь іх сказаў бы: "Ну вось, падмануў нас Арлоў, прайшло цэлых 20 гадоў, а зьдзейсьнілася ўсё-такі ня ўсё".

А я б адказаў, што прайшло толькі 20 гадоў і зьдзейсьнілася вельмі шмат з таго, пра што мы тады, можа быць, наіўна марылі. Калі перагарнуць гэтыя некалькі старонак, то хачу сказаць, што і свайго сына цяпер можна зарэгістраваць у ЗАГСе Рыгорам, я ведаю канкрэтны прыклад свайго сябра, у якога ў сына не Грыгорый, а Рыгор напісана і па-беларуску, і па-расейску ў пасьведчаньні аб нараджэньні. І хлопцы нашыя служаць не далей за памежны горад ці вёску, і ня востраць сапэрную рыдлёўку, каб акапацца ў Баку ці Тбілісі… І тое, што пісалася, што "незалежнасьць – гэта калі твая дзяўчына кажа, што хоча на выходныя ў Вену, і ты з чыстым сумленьнем абяцаеш ёй, што ў суботу вы вып'еце кавы насупраць палацу Шонбрун", не выглядае фантастыкай сёньня. І ў падручніках гісторыі напісана пра Грунвальдзкую бітву, і нават 600-годзьдзе Грунвальда адзначалася на такім напалову дзяржаўным узроўні. Гэта таксама наша незалежнасьць прымусіла ўлады гэта рабіць.

Безумоўна, што шмат чаго і ня зьдзейсьнілася, але абавязкова зьдзейсьніцца…

Для мяне 27 ліпеня не зусім сьвята. Беларусь ня стала пасьля Дэклярацыі пра сувэрэнітэт незалежнай дзяржавай. Яна заставалася ў складзе СССР. Толькі 25 жніўня 1991 году гэтая дэклярацыя набыла канстытуцыйны статус. Магла б быць нашым Днём незалежнасьці дата 25 жніўня, мне гэтая ідэя імпануе, бо я ў гэты дзень нарадзіўся. Але ўсё-такі найгалоўнейшым нашым сьвятам я лічу 25 сакавіка. Як раз тады, у 1918-м годзе, беларусы зноў сталі народам дзяржаўным. І без 25 сакавіка 1918 году не было б ні 1 студзеня 1919 году, ні 27 ліпеня 1990-га, ні 25 жніўня 1991 году. Дарэчы, маё эсэ было напісанае якраз у лютым 1990 году для адмысловага нумару газэты "Свабода", прысьвечанага Дню Волі. І нарэшце нагадаю апошнія радкі майго эсэ:

"Незалежнасьць – гэта калі ад нараджэньня да скону пачуваесься сваім чалавекам на сваёй зямлі. Я веру, што калі-небудзь так будзе. Бо іначай проста ня варта жыць".

Тое эсэ – гэта, безумоўна, дакумэнт свайго часу. Ён таму часу належыць, і цяпер я нічога б не дадаваў у гэтае эсэ. Я час ад часу яго перачытваю ў сувязі са шматлікімі перакладамі, дарэчы, апошні пераклад быў зроблены на чачэнскую мову сьветлай памяці Зелімханам Яндарбіевым. Думаю, што прыйдзе той момант, калі народзіцца новае эсэ на гэтую тэму. Але яно будзе зусім іншым. У ім будуць думкі, мары нас, пасталелых на 20 гадоў. Тых, хто прайшоў гэты шлях, хто зразумеў, якім доўгім ён можа быць, якім пакручастым, але гэта шлях, па якім мы ідзем".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG