Лінкі ўнівэрсальнага доступу

26 ліпеня вайсковы трыбунал у Камбоджы, які праводзіцца пад эгідай ААН, вынес прысуд былому начальніку турмы пры рэжыме “чырвоных кхмэраў” Канг Кек Іеў. Ён асуджаны на 35 гадоў зьняволеньня. Шмат людзей у Камбоджы абураныя мяккасьцю прысуду. Прысудаў чакаюць яшчэ 4 дзеячы былога рэжыму, пры якім за 4 гады было забіта каля 2 мільёнаў чалавек.

Прысудам, агучаным учора, Камбоджа ўсталёўвае справядлівасьць, падводзіць рахунак свайму жахліваму мінуламу.

67-гадовы былы начальнік самай жахлівай камбаджыйскай турмы “Туол Сленг”, вядомы па мянушцы "таварыш Дуч", прызнаў, што асабіста кіраваў катаваньнямі і забойствамі тысячаў людзей. У турме ўтрымлівалася 17 тысяч чалавек, жывымі адтуль выйшаў тузін, цяпер жывымі засталіся трое. Адзін зь іх, 79-гадовы Чум Мэй, расказваў у судзе, як яго катавалі 12 дзён. Ён быў абураны тым, што галоўны ягоны кат быў асуджаны толькі на 35 гадоў. “Мы ахвяры двойчы, – крычаў Мэй каля будынка суду, – першы раз тады, другі – цяпер”.

Увесь час працэсу каля будынку суду стаялі тысячы людзей, хаду працэсу трансьлявала нацыянальнае тэлебачаньне ў жывым эфіры.

Першы выпадак у Камбоджы, калі высокі чыноўнік быў асуджаны за злачынствы супраць чалавечнасьці
Насамрэч "таварыш Дуч" атрымаў учора толькі 19 гадоў зьняволеньня: пракурор прасіў 40 гадоў, далі 35, але ўлічылі тэрмін, які былы начальнік турмы ўжо правёў за кратамі да суду, а таксама скарацілі тэрмін яшчэ на 5 гадоў у якасьці кампэнсацыі за працэсуальныя парушэньні.

Справа Канг Кек Іеў – першы выпадак у Камбоджы, калі высокі чыноўнік быў асуджаны за злачынствы супраць чалавечнасьці, і першы выпадак, калі гэта было зроблена ў поўнай адпаведнасьці са стандартамі міжнароднага правасудзьдзя.

Пры вынясеньні прысуду ўлічвалася тое, што Іеў супрацоўнічаў са сьледзтвам і судом і часткова пакаяўся ў сваіх злачынствах.

Праўда, калі ён падчас разбору папрасіў памілаваць яго, заля выбухнула гневам.


"Толькі выконваў загады"


Падчас суду ён спрабаваў праводзіць лінію, што, маўляў, толькі выконваў загады. Але абвінавачанага падвяла пунктуальнасьць: калі ён быў начальнікам лягеру, то вёў падрабязны архіў загадаў, фатаздымкаў, прызнаньняў. Захаваліся загады, падпісаныя "таварышам Дучам", санкцыі на катаваньне электрашокам і вырываньнем пазногцяў, ён асабіста зацьвярджаў усе сьмяротныя прысуды.

Раны, нанесеныя рэжымам “чырвоных кхмэраў”, дагэтуль не загаіліся ў камбаджыйскім грамадзтве. Велізарная колькасьць людзей страціла сваіх блізкіх, многія шкадуюць, што ў краіне няма сьмяротнага пакараньня для такіх, як "таварыш Дуч": на іх думку, ён цалкам заслугоўваў пажыцьцёвага прысуду.

Але, паводле журналіста Зуя Ванака, нават калі нарэзаць "таварыша Дуча" на 2 мільёны кавалкаў, гэта не ўваскрэсіць забітых.

Суду ў турме чакаюць яшчэ 4 дзеячы рэжыму “чырвоных кхмэраў”, у тым ліку былыя кіраўнік краіны Кхіеў Самфан і міністар замежных справаў Іенг Сары.

Тым, хто забірае шмат жыцьцяў, ня ўдасца пазьбегчы справядлівасьці.
Чэа Лінг – пракурор на працэсе былога начальніка турмы “чырвоных кхмераў”, сказаў сёньня на прэсавай канфэрэнцыі:

“Гэты прысуд – яснае пасланьне ўсім, хто робіць злачынствы. Тым, хто забірае шмат жыцьцяў, ня ўдасца пазьбегчы справядлівасьці”.

Простыя словы, якія маюць значэньне ня толькі для Камбоджы. З апошніх іх пацьвярджэньняў можна прыгадаць працэсы ў Чылі над катамі рэжыму Піначэта і асуджэньне ў Чэхіі пракуроркі, якая патрабавала сьмяротнага пакараньня дысыдэнтам у судзе камуністычнай Чэхаславаччыны.

Не закон прыроды, зразумела, але лёс "таварыша Дуча" – сапраўды ўрок для многіх, хто ўпэўнены ў сваёй беспакаранасьці і ў апраўданьні гісторыі.

Прымусовыя працы за часам рэжыму "Чырвоных кхмэраў"
XS
SM
MD
LG