Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лінгвістычная экспэртыза будзе шукаць крамолу ў "Вольным горадзе"


Арыштаваны наклад незалежнай крычаўскай газэты "Вольны горад" адправяць на лінгвістычную экспэртызу. Пра гэта паведамілі рэдактару выданьня Сяргею Няроўнаму ў раённай пракуратуры. Экспэртыза будзе доўжыцца да паўгоду.

"Яны робяць усё, каб дачакацца, пакуль у грамадзтве спадзе цікавасьць да скандальнага фільму НТВ "Хросны Бацька". Тады й артыкул у нашай газэце пра гэты фільм страціць актуальнасьць. Урэшце, вяртаць нам арыштаваныя 297 асобнікаў газэты ніхто й не зьбіраецца. Я лічу, што раённая міліцыя і пракуратура былі ўцягнутыя невядомымі сілавымі структурамі ў гэты фарс з арыштам газэт. Цяпер міліцыя і пракуратура ня ведаюць, як зь яго выйсьці", – зазначае Сяргей Няроўны.

Галоўнай тэмай арыштаванага нумару быў артыкул "НТВ зьнішчыла рэпутацыю прэзыдэнта Лукашэнкі" з камэнтаром Паўла Шарамета.

Кур’ера з 297 асобнікамі "Вольнага гораду" затрымалі чатыры міліцыянты на крычаўскім аўтавакзале 9 ліпеня. Пазьней яго выпусьцілі, але газэты канфіскавалі. Выдаўцы пісьмова запатрабавалі ад пракурора і начальніка раённай міліцыі вярнуць арыштаваны наклад газэты, а міліцыянтаў прыцягнуць да крымінальнай адказнасьці. Журналісты лічаць, што тыя скралі газэты, бо іх арышт быў незаконны.

Недзяржаўная газэта "Вольны горад" друкуецца ў Смаленску. Выданьне не зарэгістраванае. Паводле беларускага заканадаўства, у такім статусе газэта павінна выходзіць накладам, ня большым за 299 асобнікаў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG