Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусь зь першым афіцыйным візытам прыбыў прэзыдэнт Сырыі Башар Асад. Сёньня ён сустрэўся з А. Лукашэнкам, заўтра возьме ўдзел у двухбаковым эканамічным форуме.

Сустракаючы Башара Асада, Аляксандар Лукашэнка заявіў, што Сырыя і Беларусь могуць значна прасунуцца ў палітычнай і гандлёва-эканамічнай сфэрах:

"Вы нашыя сябры, а зь сябрамі мы ўмеем наладжваць адносіны. Зыходзьце з таго, што вы нашыя сябры, і мы гатовыя для вас зрабіць усё, што вы пажадаеце".

А. Лукашэнка двойчы бываў у Сырыі — у 1998 і 2003 гадах. Першы раз ён сустракаўся яшчэ з бацькам Башара Асада, Хафезам, які кіраваў Сырыяй 30 гадоў, аж да сьмерці ў 2000-м годзе, і здолеў перадаць уладу сыну.

Сёньня А. Лукашэнка цёпла згадаў свае сустрэчы з Хафезам Асадам:

"Маім першым сябрам у мусульманскім сьвеце і наагул на Ўсходзе быў Хафез Асад. Да гэтага часу памятаю праведзены зь ім час. Ён мне шмат што распавёў, што адбывалася ў тым сьвеце, пра ўзаемаадносіны паміж СССР і краінамі Ўсходу. Я гэта ўспамінаю з асаблівай цеплынёй, таму што для мяне, маладога палітыка, быў зроблены сапраўдны палітычны ўрок. У выніку гэтага я на шмат якія рэчы паглядзеў іншымі вачыма".

Знайшоў А. Лукашэнка агульную мову і з Башарам Асадам. У прыватнасьці, ён заявіў у размове зь ім: "У нас абсалютна аднолькавыя погляды на сусьветны парадак". А сам Башар Асад назваў Беларусь і Сырыю сябрамі, якія праводзяць незалежную палітыку і могуць абаперціся адзін на аднаго.

Менскі палітоляг Аляксандар Класкоўскі наступным чынам ацаніў такое адзінства поглядаў:

"Гэта даўно дэкляраваны прынцып беларускай дыпляматыі — наводзіць масты найперш з тымі краінамі, якія не прад'яўляюць пытаньняў да беларускіх уладаў па правах чалавека. Таму так шмат кантактаў з краінамі трэцяга сьвету, краінамі недэмакратычнымі. Аўтарытарныя рэжымы гуртуюцца. У сёньняшнім сьвеце, дзе мацнеюць дэмакратычныя тэндэнцыі, ім даводзіцца ўсталёўваць свой аўтарытарны інтэрнацыянал, каб гэтым тэндэнцыям супрацьстаяць".

Разам з Башарам Асадам у Менск прыляцела дэлегацыя сырыйскага бізнэсу складам больш за 100 чалавек. Заўтра яны возьмуць удзел у паседжаньні двухбаковай Рады дзелавога супрацоўніцтва. Падрыхтаваныя да падпісаньня дамовы і праекты ў галінах машынабудаваньня, сельскай гаспадаркі, адукацыі і турызму. Сырыя хоча набываць у Беларусі аўтобусы і сельскагаспадарчую тэхніку, Беларусь прапануе ствараць на сырыйскай тэрыторыі зборачныя прадпрыемствы сваёй тэхнікі — МАЗ, МТЗ і МЗКТ — ды разьлічвае на сырыйскія інвэстыцыі.

Таваразварот паміж краінамі невялікі — летась ён склаў 58 мільёнаў даляраў, у тым ліку імпарт з Сырыі — каля 2 мільёнаў.

Незалежны эканаміст Яраслаў Раманчук лічыць супольныя праекты з Сырыяй карыснымі ва ўмовах эканамічнага крызісу:

"Хай гэтыя кантакты разьвіваюцца, хай іх будзе больш, але ня трэба забываць, што ўсё гэта ў параўнаньні з Расеяй і Эўразьвязам, з Польшчай, Украінай — нішто".

Яраслаў Раманчук зазначыў, што, сярод іншага, Беларусь гандлюе з Сырыяй зброяй, але інфармацыя пра гэта застаецца закрытаю.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG