Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сяргей Каваленка абвясьціў інфармацыйную вайну


Сяргей Каваленка

Сяргей Каваленка

Кастрычніцкі райсуд Віцебску не задаволіў пазоў С.Каваленкі супраць рэдакцыі газэты "Віцьбічы" і старшыні гарвыканкаму Віктара Нікалайкіна, ад якіх актывіст патрабаваў матэрыяльнай кампэнсацыі за маральныя пакуты і выбачэньняў за зьмест артыкула "Каму дрэнна, калі нам добра".

У Кастрычніцкім райсудзе Віцебску завяршыўся разгляд справы, якую ініцыяваў сябар Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ Сяргей Каваленка супраць старшыні віцебскага гарвыканкаму, а таксама рэдакцыі газэты "Віцьбічы" і асабіста рэдактаркі Ніны Тулінавай і журналісткі Натальлі Конахавай.

Судзьдзя Вікторыя Лешчанка адхіліла пазоў актывіста. Паводле яе рашэньня, у артыкуле "Каму дрэнна, калі нам добра", надрукаваным неўзабаве пасьля таго, як Каваленка быў затрыманы за вывешваньне бел-чырвона-белага сьцяга на гарадзкой навагодняй ёлцы, няма зьняваг і абразаў на ягоны адрас. Сяргей Каваленка кажа, што з рашэньнем судзьдзі ня згодны, але іншага не чакаў:
я лічу, што гэты стыль пачварны! ...

"Я ведаў, што мой пазоў не задаволяць, бо ўсё гэта адна сыстэма, і судзьдзі выконваюць волю ўладаў. Таму і адхілілі "ў поўным аб’ёме". Сказалі, што няма ў артыкуле ніякіх абразаў і што ўвогуле зь яго не відаць, што ён пра мяне напісаны, і што словы нармальныя і стыль нармальны. А я лічу, што гэты стыль пачварны!"

Героі артыкула "Каму дрэнна, калі нам добра" пазнавальныя: у ім згадваецца і імя Сяргея Каваленкі, і факт, які стаў нагодай для публікацыі — вывешваньне актывістам бел-чырвона-белага сьцяга на галоўнай гарадзкой ёлцы ў Віцебску. Згадваецца ў артыкуле і Тарас Сурган, сябар Сяргея Каваленкі, які таксама неаднаразова вывешваў у горадзе бел-чырвона-белыя сьцягі.

Тарас Сурган мае крымінальнае мінулае, і аўтарка артыкула Натальля Конахава напісала пра яго як пра вядомага ў Віцебску злодзея-кішэньніка. Хаця спадар Сурган неаднаразова заяўляў, што яму сорамна за былыя ўчынкі і што цяпер у яго іншыя каштоўнасьці — перадусім гэта бел-чырвона-белы сьцяг.

Сяргей Каваленка прадстаўлены ў артыкуле як вулічны хуліган, небясьпечны для грамадзтва. Якраз з гэтым апазыцыянэр прынцыпова ня згодны: вывешваньне бел-чырвона-белага сьцяга на ёлцы падчас масавых навагодніх мерапрыемстваў ён лічыць палітычнай акцыяй, а не хуліганскім учынкам, за які яго пакаралі трыма гадамі пазбаўленьня волі "ўмоўна".

Актывіст перакананы, што пра палітычную акцыю нельга пісаць у зьневажальным тоне, таму і зьвярнуўся ў суд. Ён кажа, што абвясьціў дзяржаўным віцебскім выданьням яшчэ й інфармацыйную вайну: пра тое, што ягоны пазоў да "Віцьбічаў" не задаволены, людзі змогуць даведацца зь іншых крыніцаў:

"Праз інтэрнэт, праз Радыё Свабода, радыё Рацыя, нават польскае радыё — яны мне таксама тэлефанавалі, бралі інтэрвію. Пра мяне зьяўляюцца ў гэтых СМІ матэрыялы, якія я лічу праўдзівымі. А СМІ — яны могуць захапіць розум людзей, гэта насамрэч чацьвёртая ўлада, і яна значна мацнейшая, прыкладам, за судовую ці карныя нейкія ўстановы".

Што да дзяржаўнай улады, то старшыня віцебскага гарвыканкаму Віктар Нікалайкін на судовыя пасяджэньні нават не прыходзіў. Хаця Сяргей Каваленка лічыць, што нэгатыўныя публікацыі ў мясцовых віцебскіх газэтах — менавіта ягоная ініцыятыва, бо артыкул "Каму дрэнна, калі нам добра" ды іншыя падобныя зьявіліся менавіта пасьля адмысловай нарады ў гарвыканкаме.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG