Лінкі ўнівэрсальнага доступу

WikiLeaks —змагары за свабоду кампрамату ці інфармацыі?


Кадр з сакрэтнага відэа абстрэлу іракцаў з амэрыканскага верталета, апублікаванага WikiLeaks

Кадр з сакрэтнага відэа абстрэлу іракцаў з амэрыканскага верталета, апублікаванага WikiLeaks

Публікацыя дзясяткаў тысяч сакрэтных дакумэнтаў аб вайне ў Аўганістане на сайце WikiLeaks.org зноў зьвярнула ўвагу сьвету на дзейнасьць гэтай даволі таямнічай арганізацыі, якая ўзьнікла тры гады таму, але адзначыла сваё існаваньне некалькімі вельмі гучнымі публікацыямі.

WikiLeaks — гэта міжнародная мэдыйная арганізацыя, якая публікуе на сваім сайце канфідэнцыйныя і сакрэтныя дакумэнты розных арганізацый і ўрадаў, не адкрываючы крыніцаў, зь якіх паходзяць такія дакумэнты.

"Мы верым, што празрыстасьць у дзеяньнях урадаў вядзе да зьмяншэньня карупцыі, лепшага кіраваньня і ўзмацненьня дэмакратыі" — сьцьвярджае сайт арганізацыі.

Мы верым, што празрыстасьць у дзеяньнях урадаў вядзе да зьмяншэньня карупцыі, лепшага кіраваньня і ўзмацненьня дэмакратыі.
У пачатковым пэрыядзе сваёй дзейнасьці WikiLeaks дзейнічала паводле падобнага прынцыпу, што і Wikipedia — кожны меў магчымасьць паставіць і рэдагаваць на сайце свой матэрыял ды ўдзельнічаць у абмеркаваньні іншых матэрыялаў.

Але ў пачатку гэтага году, пасьля пэўнага перапынку ў дзейнасьці сайту, выдавецкая палітыка WikiLeaks зьмянілася. Публікацыя матэрыялаў на сайце адбываецца цяпер толькі пасьля зацьвярджэньня іх рэдакцыяй. Наведнікам сайту таксама нельга ставіць камэнтароў.

Адным з заснавальнікаў WikiLeaks зьяўляецца 39-гадовы аўстралійскі праграміст і журналіст Джуліян Эсайнж, які выступае як прэсавы прадстаўнік арганізацыі.

Эсайнж сказаў The New York Times, што WikiLeaks атрымлівае штодня некалькі дзясяткаў дакумэнтаў, зь якіх публікуе толькі тыя, якія пройдуць праверку рэдакцыі на іхнюю верагоднасьць. У арганізацыі на пастаяннай аснове працуюць пяць-шэсьць чалавек добраахвотнікаў; арганізацыя таксама можа разьлічваць на экспэртную дапамогу ад 800-1000 спэцыялістаў у такіх сфэрах як шыфраваньне і праграмаваньне.

Сэрвэры WikiLeaks разьмешчаныя ў некалькіх краінах, уключна са Швэцыяй і Бэльгіяй, дзе законы гарантуюць большую бясьпеку захоўванай на іх інфармацыі.

У мінулым сайт WikiLeaks праславіўся, між іншым, публікацыяй сакрэтных матэрыялаў аб выкідах атрутных рэчываў каля ўзьбярэжжаў Афрыкі, агучваньнем інструкцыі па кіраваньні амэрыканскай вайсковай турмой у Гуантанама на Кубе ці разьмяшчэньнем відэа з атакай амэрыканскага вайсковага верталёта на гатэль у Багдадзе ў 2007, калі загінулі 12 чалавек, уключна з журналістам і фатографам агенцтва Ройтэрз.


УЗНАГАРОДЫ і крытыка


За сваю дзейнасьць сайт WikiLeaks атрымаў шэраг прэстыжных узнагародаў, між іншым, ад часопісу The Economist у 2008 і ад Amnesty International у 2009.

Акрамя прыхільнасьці, WikiLeaks таксама зьбірае шмат крытыкі — урадавыя прадстаўнікі крытыкуюць арганізацыю за тое, што яе
Яны не шануюць прававой дзяржавы і не паважаюць правоў асобы.
публікацыі ставяць пад пагрозу некаторыя вайсковыя апэрацыі, а абаронцы правоў чалавека абвінавачваюць арганізацыю ў пасяганьні на прыватнасьць і сфэру асабістага жыцьця.

"WikiLeaks трэба залічыць да ворагаў адкрытага грамадзтва, таму што яны не шануюць прававой дзяржавы і не паважаюць правоў асобы" — The New York Times цытуе меркаваньне Стывэна Афтэргуда, экспэрта па дзяржаўных таямніцах з Асацыяцыі амэрыканскіх навукоўцаў.

Нягледзячы на паўсакрэтныя ўмовы існаваньня і супярэчлівыя ацэнкі сваёй дзейнасьці, WikiLeaks удаецца знаходзіць спонсараў, як сярод прыватных асобаў, так і сярод журналісцкіх арганізацый (такіх, прыкладам, як агенцтва Associated Press, газэта The Los Angeles Times або Нацыянальная асацыяцыя выдаўцоў газэт у ЗША). Арганізацыйныя кошты ўтрыманьня сайту WikiLeaks ацэньваюцца на 200 тысяч эўра на год. Паводле афіцыйнай вэрсіі WikiLeaks, людзі, якія працуюць для гэтага сайту, не атрымліваюць ніякай зарплаты. Калі б ім плаціць, кошт утрыманьня дзейнасьці WikiLeaks узрос бы да 600 тысяч эўра на год.
XS
SM
MD
LG