Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print
Плот каля прыватнага дома Міхася Лукашэвіча, жыхара вёскі Вычулкі, што каля Берасьця, прыцягвае ўвагу ўсіх, хто праходзіць побач. На ім спадар Міхась выказаў усе свае крытычныя меркаваньні наконт парадкаў у краіне і ў горадзе. Мясцовым уладам і міліцыі такі выклік не даспадобы.

Міліцыя спачатку інкрымінавала Міхасю Лукашэвічу артыкул за крадзеж, бо плякаты намаляваныя на кавалках мэталу. Пазьней высьветлілася, што гэтыя матэрыялы — адкіды вытворчасьці дарожных прадпрыемстваў, таму справа заведзена не была. Тым ня менш спробаў зьнішчыць плякаты было даволі шмат, кажа спадар Міхась:

"Неаднаразова прыяжджала брыгада замаляваць, прыяжджаў начальнік міліцыі з камісіяй таксама ня раз. Апошнім часам таксама прыяжджалі ня раз міліцыянэры, праўда, даволі ветліва просяць сфатаграфаваць плот і плякаты. Ужо ня сварацца. Але, мяркую, што нешта рыхтуецца імі. Што дакладна — ня ведаю".


Вясковец кажа, што на плякатах няма нейкіх брыдкіх слоў, заклікаў да зьвяржэньня ўлады, таму лічыць свой спосаб барацьбы за справядлівасьць законным. А напісаць на плоце ён вырашыў пасьля таго, як зразумеў, што чыноўнікі яго ня чуюць:

"У мяне трое дзяцей, мне трэба неяк іх карміць, а паводле мэдыцынскіх пастановаў мне наагул забаронена працаваць. У такіх варунках да каго мне зьвяртацца? Каму пісаць? Вось, калі ласка, тут маю адказ з адміністрацыі прэзыдэнта... Таму толькі на плоце і пішу".

Паводле камэнтароў міліцыянтаў у прэсе, плот спадара Міхаіла Лукашэвіча і надпісы на ім не парушаюць дзейнага заканадаўства. Як адзначае праваабаронца Ўладзімер Вялічкін, гаспадару ня варта хвалявацца, што плякаты і плот могуць зьнішчыць, але вось правакацыі цалкам магчымыя:

"Плот ня зьнішчаць, але вось правакаваць могуць. Гэта прыватная ўласнасьць чалавека, што хоча на ёй, тое і можа рабіць. Тым больш што ён нікога не абражае сваімі дзеяньнямі".







Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG