Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шаленства


Вампіры ня любяць Люі Пастэра – і іх можна зразумець. Нават сьціплы партрэт гэтага францускага навукоўца, выразаны зь Вялікай савецкай энцыкляпэдыі і павешаны ў перадпакоі, становіцца для хцівага крывасмока неадольнай загародай – вампір ніколі не наважыцца ўвайсьці ў такую кватэру, ён будзе доўга і тужліва выць на лесьвічнай пляцоўцы, удаючы заблукалага супрацоўніка Мінгазу, і ўрэшце сыдзе, пакінуўшы пасьля сябе лёгкі водар аміяку – каб болей ніколі ўжо не вярнуцца...


Менавіта Пастэр, утаймоўнік сібірскай язвы і халеры, распрацаваў больш за сто гадоў таму цудадзейную вакцыну, пасьля якой колькасьць вампіраў у Старым і Новым сьветах пачала рэзка скарачацца. Славутыя героі легендаў і паданьняў нечакана былі разжалаваныя ў звычайныя пацыенты і апынуліся ў панылай чарзе да доктара Пастэра і ягоных вучняў. Бо высьветлілася, што карані народных уяўленьняў пра вампіраў, вэрвольфаў, вахтароў студэнцкіх інтэрнатаў і іншых ваўкалакаў растуць не адкуль-небудзь, а з хваробы пад назваю рабіес, ці шаленства, якая пужае чалавецтва з таго часу, зь якога яно сябе памятае.
Такі родны і блізкі ўсім нам вобраз вампіра...


Сапраўды, такі родны і блізкі ўсім нам вобраз вампіра шмат у чым паўтарае клінічную карціну шаленства. Вось толькі некалькі простых падабенстваў. Укушаны вампірам сам становіцца крывасмокам – то бок перадача вірусу ў абодвух выпадках ажыцьцяўляецца праз укус, празь сьліну. Адным з галоўных сродкаў барацьбы супраць вампіраў ёсьць сьвятая вада, якую яны ня здольныя трываць – як тут не прыгадаць характэрную для шаленства гідрафобію, вадабоязь. Вампір уцякае ад паху часныку – хворыя на шаленства наогул не выносяць моцных раздражняльнікаў: пахаў, гукаў, сьвятла. Вампір не адлюстроўваецца ў люстры – па шматлікіх сьведчаньнях, на другой стадыі шаленства чалавек пачынае ненавідзець сваё адлюстраваньне і панічна яго баяцца. Агрэсія, трывога, страх – усё гэта ў крывасмока і хворага на рабіес агульнае, а позы, якія любяць прымаць галівудзкія вампіры, дужа падобныя да праяваў паралюшу канцавінаў, уласьцівых трэцяй стадыі разьвіцьця хваробы.

Век хворага на шаленства кароткі і імклівы – як жыцьцё інсэкты, якая пакінула джала ў нейчай скуры. Як сэзонная слава чарговага “фільму жахаў” і запрошанай да ўдзелу ў ім “зоркі”.

Вось жа, цалкам магчыма, што граф Дракула быў у дзяцінстве вельмі добрым хлопчыкам, які не пакрыўдзіў і мухі. Але аднойчы, зьбіраючы на лузе кветкі для сваёй малодшай сястры, ён пабачыў у полі мышку і ўзяў зьвярка ў свае пульхныя ручкі. А мышка малога графа сваімі вострымі зубкамі – гам!.. Грызуны спрадвеку былі галоўнымі пераносчыкамі вірусаў.

Henry Gray (1825–1861). Anatomy of the Human Body. 1918

Такім чынам, адкрыцьці Пастэра паклалі канец эпосе веры ў вампіраў. Ува ўсіх больш-менш вялікіх гарадах паадчыняліся пастэраўскія станцыі, што сачылі за эпідэміялягічнай сытуацыяй і праводзілі вакцынацыю – праўда, толькі ў раёнах, заселеных параўнальна заможнымі гараджанамі. У губэрнскім горадзе Менску такая станцыя была адчыненая ў 1911 годзе; у кастрычніку таго самага году “Минскія врачебныя извъстія” пішуць, напрыклад: “Собачье бъшенство болъзнь ръдкая и наблюдать ее приходится, главнымъ образомъ, больничным служащимъ».
Яна фактычна – сьмяротны вырак...


Вядома, шаленства – і цяпер хвароба ня надта распаўсюджаная, але ж і вылечыцца ад яе практычна немагчыма; калі тэрмінова не зьвярнуцца па мэдычную дапамогу, яна фактычна – сьмяротны вырак. Да 2009 году было вядома толькі каля дзевяці выпадкаў пасьпяховага лячэньня тых, хто не прайшоў своечасовай вакцынацыі. Адну амэрыканку вылечылі надта дасьціпным спосабам – увялі яе ў штучную кому, справядліва разважыўшы, што вірус шаленства выклікае толькі часовыя, хаця і незваротныя, парушэньні цэнтральнай нэрвовай сыстэмы. Распавядаюць пра ёга, які, укушаны сьвяшчэннай каровай, адной толькі сілай унушэньня прымусіў сябе не захварэць на шаленства – настолькі упэўнена ён кіраваў сваім арганізмам, настолькі стабільны быў стан ягонай нэрвовай сыстэмы. Але прайшло некалькі год і вось аднойчы ёга нешта моцна засмуціла – хто ведае, што менавіта: мо пройгрыш нацыянальнай зборнай на Кубку Азіі, а можа, сьмерць Мэрылін Манро – і ён дазволіў сабе расслабіцца. З-за стрэсу нэрвовая сыстэма дала збой, і вірус шаленства, што драмаў у засадзе, вырваўся на свабоду – празь некалькі дзён ёг памёр.

Цікава, што выпадкі шаленства зусім не рэгіструюцца на такіх кантынэнтах, як Аўстралія і Антарктыда. А вось зусім недалёка ад Беларусі (на адлегласьці прыкладна адной братэрскай любові), у краіне Вэнэсуэле пастэраўскія ідэі дагэтуль не знайшлі сабе досыць шырокага выкарыстаньня. Там у джунглях жыве маленькі індзейскі народ варао, што верыць у сваё паходжаньне ад Вялікага нябеснага паляўнічага, які калісьці прастрэліў у небе дзірку і спусьціўся празь яе на зямлю. Варао пакутуюць ад эпідэміі шаленства, якім яны заразіліся ад кажаноў. Вялікі зямны паляўнічы Уга Чавэс, кажуць, не сьпяшаецца дапамагаць варао. Калі так будзе і далей, то варао нічога не застанецца, як пагалоўна вярнуцца туды, адкуль прыйшоў заснавальнік іхнага роду, і шчыльна заклеіць за сабой адтуліну ў небе.

Уладыслаў Падкавінскі. Шал узрушэньня. 1894

Адной рукою мы гладзім котку, а другой зьнішчаем тысячы бяздомных жывёлін, адзіная віна якіх у тым, што яны існуюць побач з намі. Мне здаецца, шаленства заўжды было пэўным знакам звыш, нагадваньнем людзям, якія падпарадкавалі сабе «меншых братоў», пра жывёльную сутнасьць чалавека, пра нашае з жывёлінамі агульнае паходжаньне. Укус чалавека хвораю на шаленства жывёлінай – як пацалунак раба, які ў апошнюю хвіліну перад сьмерцю вось так нагадвае свайму тырану-гаспадару пра роўнасьць і адказнасьць, спрабуе абудзіць у ім гуманнасьць і спагаду. Да таго часу, пакуль чалавек не перастане забіваць жывёлін дзеля забавы і прэстыжу, будзе доўжыцца гэты маўклівы пацалунак, сьмяротны ўкус. Ён выкрывае бязьлітасную сутнасьць чалавека, ён, як выбух у мэтро, – апошняя, скрайняя мера, роспачны адказ на тэрор пераможцаў.

Шэсьцьдзесят балючых уколаў у жывот таму, каго ўкусіла бяздомная жывёліна – як шэсьцьдзесят сярэбраных куляў, выпушчаныя па вампіры: так адстрэльваецца ад нас прырода.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG