Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусі не хапае замежных інвэстыцыяў


Прадстаўніцтва ААН у Беларусі прэзэнтавала Даклад аб усясьветных інвэстыцыях у 2010 годзе. Заяўлена, што ў параўнаньні зь мінулым годам, калі з-за глябальнага эканамічнага крызісу інвэстыцыйная актыўнасьць практычна спынілася, сёлета першае паўгодзьдзе дэманструе паступальнае аднаўленьне ўсясьветнай эканомікі.

Як вынік — значны прыток інвэстыцыяў па ўсім сьвеце. Які паказьнік інвэстыцыйнай прывабнасьці мае Беларусь?


Прадстаўнік ААН у Беларусі Антоніюс Брук кажа, што цягам шасьці месяцаў назіралася істотнае павелічэньне наўпроставых замежных інвэстыцый. Паводле прагнозаў, у 2010 годзе агульны прыток інвэстыцыяў ва ўсясьветным маштабе перавысіць 1,2 трыльёна даляраў, а ў 2011-м вырасьце да 1,5 трыльёна даляраў. Пры гэтым на разьвіваныя краіны і на краіны зь пераходнай эканомікай прыпадае амаль палова гэтага прытоку. Па словах спадара Брука, будуць пашырацца інвэстыцыйныя кантакты і зь Беларусьсю:
Важна выкарыстаць момант як магчымасьць да паскарэньня эканамічных рэформаў...


"Нягледзячы на часовае замаруджваньне тэмпаў прыросту замежных інвэстыцыяў у глябальным маштабе (уключна з вашым рэгіёнам), важна выкарыстаць гэты момант як магчымасьць да паскарэньня эканамічных рэформаў, стварэньня асяродзьдзя, якое было б найбольш спрыяльным для залучэньня як унутраных, так і міжнародных інвэстыцыяў. Мы плянуем пашырыць сфэру нашага супрацоўніцтва, уключыць сюды дзейнасьць, скіраваную на дасягненьне найбольшай эканамічнай выгады. У прыватнасьці, каб нарошчваць энэргетычную бясьпеку краіны. Будзем супрацоўнічаць з урадам у галіне падтрымкі ўстойлівага кіраваньня лясамі для зьніжэньня ўзроўню выкідаў парніковых газаў. Такая дзейнасьць мае вялікі патэнцыял у справе нарошчваньня вуглевадародных квотаў для Беларусі, якія могуць у пэрспэктыве прадавацца на міжнародных рынках".

Цягам апошняга часу беларускае кіраўніцтва нязьменна падкрэсьлівае прыхільнасьць да інвэстыцыйнай адкрытасьці краіны. Як кажа дырэктар Нацыянальнага інвэстыцыйнага агенцтва Віктар Каваленка, такая палітыка дае відавочны плён:

Віктар Каваленка
"Крыху статыстыкі: з 2001 году было падпісана толькі 6 інвэстыцыйных пагадненьняў. А з 15 лістапада 2009-га і да сёньняшняга часу ў рэестры ўжо зарэгістравана 166 інвэстыцыйных пагадненьняў. Іншымі словамі, зьявілася 160 новых інвэстпагадненьняў рознага ўзроўню! У 2009 годзе паступленьне замежных інвэстыцыяў у Беларусь склала 9,3 мільярда даляраў. Параўнальна з аналягічным пэрыядам 2008-га аб'ём інвэстыцыяў павялічыўся ў 1,4 разу. Зь іх наўпроставых замежных інвэстыцыяў — 4,8 мільярда даляраў. Найбольшы аб'ём замежных інвэстыцыяў у 2009 годзе паступіў з Расейскай Фэдэрацыі, Швайцарыі, Кіпру і Нямеччыны".

Якія перадусім сфэры ў Беларусі цікавыя для дзелавых людзей? Як кажа спадар Каваленка, спэктар надзвычай шырокі, але ёсьць і прыярытэты:
Сельская гаспадарка рэальна цікавіць расейскіх інвэстараў, таксама павышаны інтарэс з боку літоўцаў, бэльгійцаў, палякаў...


"Інвэстараў цікавіць і мэталаапрацоўка, і дрэваапрацоўка. Цяпер досыць высокі ўздым назіраецца ва ўкладаньні ў сельскую гаспадарку. Гэта перадусім малако, вытворчасьць сыроў і г.д. То бок менавіта малочны сэктар. Магу ўдакладніць, што сельская гаспадарка рэальна цікавіць расейскіх інвэстараў, таксама павышаны інтарэс з боку літоўцаў, бэльгійцаў, палякаў. Інтэнсіўнасьць перамоваў высокая. Важна, што ўзьнікла гэткая здаровая канкурэнцыя — каго ж запусьціць? Таму што тыя і тыя прапануюць новыя тэхналёгіі, досыць сур'ёзныя фінансавыя сродкі. Але цяпер паміж імі ёсьць конкурс. І я лічу, што гэта здорава, гэта добра".

Як рэагуюць на зазываньні ўкладаць сродкі ў беларускую эканоміку патэнцыйныя інвэстары? Пасьпяховы некалі івацэвіцкі прадпрымальнік Уладзімер Кудзінаў пасьля абвінавачаньня ў эканамічных злачынствах і працяглага зьняволеньня ад’ехаў зь Беларусі ва Ўкраіну. Ад плянаў вярнуцца дадому не адмаўляецца, але перакананы: ніякай лібэралізацыі ад улады, якая паўтара дзясятка гадоў мэтанакіравана заціскала бізнэс, чакаць нельга:

Уладзімер Кудзінаў
"Калі нават узяць 1990-я гады, то, слухаючы Аляксандра Рыгоравіча, можна зрабіць выснову: вельмі часта ён гаворыць адно, а робіць зусім іншае. Таму я думаю, што паварот на Захад, лібэралізацыя — усё гэта толькі на словах. А ў рэальным жыцьці не адбываецца нічога! Нічога не зьмянілася ў параўнаньні з тым, што было раней. Каб штосьці было, прыкладам, у кірунку пабудовы дэмакратычнага грамадзтва ці каб была ў Беларусі свабода слова, як ва Ўкраіне, — гэтага ж няма. Такое магчыма толькі пры зьмене ўлады. Калі будуць сумленныя выбары, калі абяруць новага прэзыдэнта, калі праз пэўны пэрыяд будзе пабудавана крыху іншая сыстэма кіраваньня грамадзтвам, а ня тая, якая існуе цяпер, — вось тады і будзе лібэралізацыя. І людзі тады сапраўды пацягнуцца. А пакуль проста пустыя словы з боку ўраду, адміністрацыі прэзыдэнта, каб толькі далі нейкія крэдыты".

Прамацаць настроі інвэстараў улады Беларусі мяркуюць у нямецкім Франкфурце-на-Майне на ІІІ Беларускім інвэстыцыйным форуме, які заплянаваны на канец лістапада. Два папярэднія адбыліся ў Лёндане і Менску, але спадзяванага плёну пакуль не прынесьлі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG