Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У адрозьненьне ад жывёлін, чалавека прырода стварыла патлівым. Нават пры звычайнай пакаёвай тэмпэратуры ў кожнага з нас выдзяляецца сама меней паўлітра поту ў суткі, а ў такую сьпякоту, як цяпер, залежна ад індывідуальных асаблівасьцяў арганізму, у разы і нават у дзясяткі разоў болей.

Заходнія таблоіды час ад часу друкуюць здымкі зорак (ад Тоні Блэра да Памэлы Андэрсан) з плямамі поту на вопратцы ці мокрымі ад поту тварамі. Нярэдка такія фота — свайго роду рэкляма новых сродкаў барацьбы з патлівасьцю, якія прапануюць розныя касмэталягічныя клінікі. Тым часам нямецкі лекар і журналіст Экард фон Гіршгаўзэн заклікае ўвогуле не камплексаваць наконт паценьня, бо здольнасьць чалавека да потавыдзяленьня — нішто іншае, як падарунак эвалюцыі.

"Факты кажуць самі за сябе", — піша Гіршгаўзэн у сваім артыкуле на старонках выданьня Die Welt. — "Калі б чалавек не пацеў, то ўжо праз паўгадзіны фітнэс-трэніроўкі ці такой гарачыні, як цяпер, тэмпэратура яго цела паднялася б да 40 градусаў і вышэй. Пры тэмпэратуры, крыху вышэйшай за 40, ужо пачынаюцца галюцынацыі, а вышэй за 42 градусы пачынае здаваць галаўны мозг". Гэта прыкладна тое ж самае, што і з аўтамабілем — калі не працуе сыстэма астуджэньня, то закіпае матор.

Такім чынам, адзначае аўтар, мы выгадна адрозьніваемся ад братоў нашых меншых: "Сабакі ў гарачыню часта дыхаюць, кошкі вылізваюць сябе і такім чынам змочваюць поўсьць… Нават цар зьвяроў — леў, каб пазьбегчы перагрэву, вымушаны адлежвацца ў цені".

Па сутнасьці, сьцьвярджаюць мэдыкі, ня трэба хвалявацца, калі павышанае потавыдзяленьне выклікана сьпякотай, фізычнай працай, гарачай ежай і пітвом. Варта проста сачыць за ўласнай гігіенай, часта прымаць душ, мяняць адзеньне ды правільна яго падбіраць: майкі без рукавоў, стракатыя футболкі ці блюзкі з тканіны, на якой непрыкметныя мокрыя плямы.
Швайцарскія дасьледчыкі: "Тое, як вы пахнеце, залежыць ад таго, што вы ясьцё, чым вы мыецеся, якое адзеньне носіце і які набор генаў атрымалі ў спадчыну"...


Зразумела, для таго, каб спатнець, існуе нямала іншых прычын — той жа стрэс, моцныя эмоцыі, узроставыя гарманальныя зьмены. Нярэдка паценьне выклікана інфэкцыямі, захворваньнямі эндакрыннай сыстэмы, пухлінамі ўнутраных органаў. Найчасьцей за ўсім стаіць такая клінічная паталёгія, як гіпэргідроз. На яго церпяць 0,6—1% жыхароў плянэты, прычым пераважна гараджане. У людзей з гіпэргідрозам вечна вільготныя рукі, павышана патлівасьць пад пахамі, ступняў, далоняў. Нярэдка пот у іх бяжыць з далоняў кроплямі. Сапраўдныя прычыны гэтай зьявы невядомыя. Пагрозаў жыцьцю яна не нясе, але, сьведчаць псыхолягі, з-за яе ў чалавека могуць узьнікаць праблемы ў інтымнай сфэры.

Спробы хворага на гіпэргідроз нэўтралізаваць праблему з дапамогай касмэталягічных сродкаў часьцей за ўсё ня маюць посьпеху. Доўгі час людзі, якія хацелі пазбавіцца непрыемных сымптомаў, ішлі на апэрацыі па выдаленьні потавых залозаў. У Беларусі за савецкім часам такія хірургічныя працэдуры рабілі прадстаўнікам партыйнага чынавенства, людзям мастацтва, іншым публічным асобам. Звычайна гэта былі апэрацыі па выдаленьні потавых залозаў на ступнях ног. Эфэкт быў вельмі адчувальны. Цяпер зьявілася яшчэ адна, нехірургічная мэтодыка лячэньня ад гіпэргідрозу. Гэта ўколы прэпарату "Botox", якія робяцца ў дэрматалягічна-касмэтычных кабінэтах. Іньекцыі аналяга батулічнага таксіну напачатку выкарыстоўваліся касмэтолягамі як сродак супраць змаршчакоў. Паколькі прэпарат здольны выклікаць амярцьвеньне мімічных мышцаў, твар ад уколаў рабіўся гладкі. Пры барацьбе з гіпэргідрозам "Botox" уводзяць у потавыя залозы ступняў, далоняў, пахаў — і на восем месяцаў чалавек можа забыцца пра сваю праблему. Потым працэдуру трэба паўтараць. У клініках Захаду адзін такі ўкол каштуе прыкладна 700 эўра. У беларускіх касмэталягічных установах — на парадак таньней.

У Беларусі праблема гіпэргідрозу не стаіць у цэнтры ўвагі. Паводле лекараў-дэрматолягаў, на прыём да іх зьвяртаецца надзвычай мала пацыентаў, якія адчуваюць дыскамфорт у сувязі са сваім дрэнным пахам. Шмат хто або саромеецца смуроду, або, наадварот, увогуле ня лічыць гэта праблемай. На дыскамфорт ад непрыемных пахаў найчасьцей скардзяцца самі лекары. Асабліва ўчастковыя тэрапэўты ў паліклініках, якія вядуць прыём насельніцтва. Мэдыкі зьвяртаюць увагу на тое, што ў большасьці выпадкаў дрэнны пах ад чалавека зусім не зьвязаны з гіпэргідрозам. Людзі проста ня маюць звычкі мыцца, мяняць бялізну ды шкарпэткі.
У Беларусі расьце алергія на смурод, аднак этыка сацыяльных паводзінаў не дазваляе ўголас рабіць заўвагі людзям, ад якіх дрэнна пахне...


Этыка сацыяльных паводзінаў, якая існуе на постсавецкай прасторы, не дазваляе рабіць уголас заўвагі наконт кепскага паху. Хаця ў той жа Беларусі, як і ў іншых краінах, якія зазналі ўрбанізацыю, назіраецца дынаміка росту так званай алергіі на пах чалавека. Упершыню такую алергію выявілі брытанскія дасьледчыкі ў 1950-я гады. Высьветлілася, што пах аднаго чалавека можа выклікаць у другога млосьць, ваніты, пачырваненьне або ацёк скуры, астматычныя прыступы, тыя ці іншыя псыхічныя рэакцыі. У заходніх краінах чалавека, які сьмярдзіць, могуць на патрабаваньне алергікаў вывесьці з салёну грамадзкага транспарту, іншых месцаў масавага знаходжаньня. Здараліся выпадкі, калі асобныя авіякампаніі, напрыклад, канадзкая Jazz Air, на просьбу пасажыраў здымалі з рэйсу людзей, ад якіх моцна пахла потам.

"Тое, як вы пахнеце, залежыць ад таго, што вы ясьцё, чым вы мыецеся, якое адзеньне носіце і які набор генаў атрымалі ў спадчыну", — сьведчаць швайцарскія навукоўцы, якія паводле заказу мясцовай касмэталягічнай прамысловасьці вывучалі пахі шараговых жыхароў гэтай краіны.

Пры аналізе ўзораў поту паддосьледных было высьветлена, што непрыемны пах узьнікае ад кантакту пэўных рэчываў, якія выдзяляе чалавек, з бактэрыямі, якія жывуць, напрыклад, пад пахамі. Як адзначае кіраўнік групы доктар Крыстыян Штаркенман, праведзенае дасьледаваньне дапаможа распрацаваць новыя віды мужчынскіх і жаночых дэзадарантаў, бо жанчына і мужчына пахнуць па-рознаму. Але дадзеныя, атрыманыя ў гэтым экспэрымэнце, ня варта экстрапаляваць па-за межы Швайцарыі, бо, лічаць дасьледчыкі, у розных краінах людзі жывуць па-рознаму.

Яшчэ на гэтую тэму

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG