Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Браціслава можа адклікаць сваіх міратворцаў з Косава


Славацкі прэзыдэнт Іван Гашпаравіч сёньня выступіў з крытыкай рашэньня Міжнароднага суду ў Гаазе , што аднабаковае абвяшчэньне Косавам незалежнасьці ў 2008-м годзе не парушыла міжнародныя нормы. Вэрдыкт, паводле кіраўніка Славаччыны, не прынясе стабільнасьць у рэгіён. Гашпаравіч таксама ўказаў на тое, што суд ня ўзяў пад увагу ранейшую пазыцыю Рады Бясьпекі ААН у гэтым пытаньні. Ён спаслаўся на рэзалюцыю 1244 , якую Рада бясьпекі прыняла ў 1999-м годзе. Рэзалюцыя падтрымала аўтаномію Косава, але ў ёй падкрэсьлівалася , што гэта правінцыя ёсьць непадзельнай часткай Югаславіі, у якую на той час уваходзілі Сэрбія і Чарнагорыя.

Прэзыдэнт Гашпаравіч мяркуе, што пасьля рашэньня суду звузіліся магчымасьці для далейшых перамоваў. Славаччына , паводле яе кіраўніка, можа ўзважыць магчымасьці адкліканьня сваіх салдатаў з міратворчай місіі ў Косаве.

Вэрдыкт Міжнароднага суду ў Гаазе быў прыняты дзесяцьцю галасамі супраць чатырох. Адным з судзьдзяў, які паводле дыпляматычных крыніцаў галасаваў супраць, быў славацкі судзьдзя Пётр Томка.
XS
SM
MD
LG