Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь-Расея: “Вайна ў імя братэрскіх сувязяў”


Сусьветная прэса з зацікаўленьнем прыглядаецца да расейска-беларускай мэдыйнай вайны.

Брытанская газэта The Independent, прадстаўляючы гісторыю прапагандысцкіх аплявух, якімі на працягу двух апошніх тыдняў абмяняліся Масква зь Менскам, піша, што мэдыйнае ўмяшаньне Расеі ў справы Аляксандра Лукашэнкі можа неўзабаве аслабіць “жалезную хватку апошняга дыктатара Эўропы”, зь якой ён трымае ўладу ў Беларусі.

У кантэксьце гэтага змаганьня The Independent прыгадвае падобную мэдыйную кампанію выкрываньня парушэньняў правоў чалавека ў Кіргізстане, якую Масква правяла ў пачатку гэтага году ў адносінах да былога кіргіскага прэзыдэнта Курманбека Бакіева.

Згадваючы ацэнкі аналітыкаў, якія лічаць, што Крэмль пастанавіў пазбыцца Лукашэнкі за любую цану, The Independent цытуе і Фёдара Лук’янава, рэдактара часопісу "Россия в глобальной политике”, паводле якога сярод беларускай апазыцыі няма адпаведнага заменьніка для беларускага прэзыдэнта.

"Але наступныя некалькі месяцаў будуць цікавыя. Чвэрць насельніцтва Беларусі паглядзела расейскі фільм пра Лукашэнку. Лукашэнка можа сабе дазволіць праігнараваць крытыку з Захаду, але ён не прызвычаены да дзеяньня ва ўмовах гучнай крытыкі з Расеі, якая даходзіць і да беларускага насельніцтва", – лічыць Лук’янаў.
Каб было яшчэ сьмяшней, гэтая вайна словамі адбывалася ў імя братэрскіх сувязяў і эканамічнага саюзу...


Брытанскі The Economist прадставіў гісторыю расейска-беларускай прапагандысцкай вайны ў больш саркастычным тоне.

"Расея і Беларусь ніяк не выглядаюць на абаронцаў дэмакратыі і свабоды слова. Але постмадэрнісцкі падыход да палітыкі можа даваць дзівотныя вынікі ў постсавецкім сьвеце. Апошнімі тыднямі гэтыя два аўтарытарныя рэжымы асудзілі аўтарытарызм адзін у аднаго і разгарнулі ў дзяржаўных мэдыях атаку адзін супраць аднаго за адсутнасьць свабоды слова. Каб было яшчэ сьмяшней, гэтая вайна словамі адбывалася ў імя братэрскіх сувязяў і эканамічнага саюзу", – напісаў тыднёвік.

Паводле The Economist, Лукашэнку нарэшце ўдалося вывесьці Крэмль зь цярплівасьці сваім супрацівам стварэньню мытнага саюзу, палітычнае значэньне якога, як прыгадвае тыднёвік, адзін з прыхільнікаў Пуціна прыраўнаваў да аб’яднаньня Нямеччыны.

The Economist цытуе меркаваньне Андрэя Саньнікава пра цяперашнюю расейска-беларускую прагандысцкую вайну: "Упершыню за апошнія 16 гадоў людзі ў Беларусі паглядаюць на Расею з надзеяй".
У гэтай бітве няма пункту невяртаньня, бо з абодвух бакоў змагаюцца не шляхетныя рыцары, а цынічныя гандляры...


Тыднёвік адзначае, што гэтая надзея можа быць заўчасная. "Спадару Лукашэнку часта ўдавалася перагульваць сваіх расейскіх спонсараў, якія баяцца страціць Беларусь на карысьць Захаду. Расейская атака можа быць скіраваная хутчэй на запалохваньне спадара Лукашэнкі, чым на яго скіданьне", – піша The Economist.

The Economist таксама цытуе Фёдара Лук’янава, які лічыць, што "ў гэтай бітве няма пункту невяртаньня, бо з абодвух бакоў змагаюцца не шляхетныя рыцары, а цынічныя гандляры".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG