Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Эўрапейскія журналісты вывучаюць Беларусь


Група эўрапейскіх журналістаў, што наведвае Беларусь, сустракаецца з лідэрамі беларускай апазыцыі

Група эўрапейскіх журналістаў, што наведвае Беларусь, сустракаецца з лідэрамі беларускай апазыцыі

У Беларусь са спэцыяльным прэс-турам прыбылі 13 журналістаў, якія прадстаўляюць сродкі масавай інфармацыі Аўстрыі, Чэхіі, Даніі, Эстоніі, Фінляндыі, Грэцыі, Вугоршчыны, Італіі, Латвіі, Польшчы, Партугаліі, Румыніі і Вялікай Брытаніі. Мэта візыту —пазнаёміць грамадзянаў дзяржаваў — сябраў Эўразьвязу з праектамі, якія ЭЗ ажыцьцяўляе ў Беларусі ў межах Эўрапейскай палітыкі суседзтва.

Сёньня ў сядзібе БНФ эўрапейскія журналісты сустрэліся з апазыцыйнымі палітыкамі Анатолем Лябедзькам, Сяргеем Калякіным, Аляксеем Янукевічам, Яраславам Раманчуком і Віталём Рымашэўскім. Іх цікавілі і будучыя прэзыдэнцкія выбары, і ці ёсьць прарасейскі кандыдат, і супрацоўніцтва з эўрапейскімі партнэрамі. Анатоль Лябедзька папрасіў журналістаў напісаць у сваіх рэпартажах пра зьніклых — Юр'я Захаранку, Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага, Зьмітра Завадзкага. Таксама ён зьвярнуў увагу на тое, што Брусэль ня мае адзінай стратэгіі адносна Беларусі. Ён мяркуе, што мэсыджам эўрапейцаў можа быць — крэдыты і інвэстыцыі ўзамен на свабодныя выбары. Сяргей Калякін адзначыў, што ў Беларусі няма самага галоўнага — свабоды для чалавека. Ён выказаў пажаданьне, каб у Эўропе сачылі за сытуацыяй у Беларусі. Старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч адзначыў:

"Безумоўна, для палітычнага жыцьця краіны гэты прыезд можа мець не такое вялікае значэньне, як паказ па НТВ фільмаў пра Лукашэнку, але такі масавы візыт журналістаў напярэдадні выбарчай кампаніі — ужо таксама вельмі ясны сыгнал, што заплюшчваць вочы і пакідаць Беларусь убаку ў Эўропе ня будуць, ня будуць пакідаць на Расею — прынесьці сюды дэмакратыю".



Адна з арганізатараў прэс-туру Бранка Кастоўска, якая прадстаўляе Эўрапейскі журналісцкі цэнтар у Маастрыхце, адзначыла, што дэлегацыя прыехала на запрашэньне Беларускай асацыяцыі журналістаў і пры фінансавай падтрымцы Эўрапейскай камісіі.

"Мы прыехалі з мэтай атрымаць і потым перадаць эўрапейскім грамадзтвам лепшае разуменьне стасункаў паміж Эўразьвязам і Беларусьсю, у тым ліку ў рамках "Усходняга партнэрства", і ў цэлым атрымаць лепшае ўяўленьне пра Беларусь. Я думаю, журналісты напішуць пра магчымыя пэрспэктывы аднаўленьня стасункаў паміж Эўразьвязам і Беларусьсю. Цікавасьць была вялікая, бо Беларусь менш вядомая і шанцы сюды прыехаць здараюцца ня так часта. І, можа, яшчэ і таму, што ўвосень чакаецца рашэньне Эўразьвязу па беларускім пытаньні".

Журналісты правялі сустрэчы як з прадстаўнікамі ўладаў, так і апазыцыі, грамадзянскай супольнасьці, а таксама з замежнымі дыпляматамі.

Акрамя таго, адбудзецца візыт у інфармацыйны цэнтар устойлівага разьвіцьця і экатурызму, які быў нядаўна адкрыты ў Наваполацку ў межах праекту "Ўстойлівае разьвіцьцё на мясцовым узроўні". Праект ажыцьцяўляецца пры падтрымцы ЭЗ і праграмы разьвіцьця ААН. Латвійскі тэлежурналіст Арыс Янсанс адзначыў, што ў зьвязку з актывізацыяй эўрапейска-беларускіх стасункаў хоча даведацца пра рэальнае становішча ў суседняй краіне.

"Цікавае пытаньне энэргетыкі, супрацоўніцтва ў гэтай галіне. Бо Латвія спадзяецца на дапамогу Беларусі ў стварэньні электраліній, якія маглі б забясьпечыць пастаўкі электраэнэргіі з Украіны празь Беларусь у краіны Балтыі. Нас цікавіць будаўніцтва атамнай электрастанцыі ў Беларусі і адной са звычайных электрастанцый на рацэ Нёман, дзе ёсьць пытаньні наконт магчымай шкоды навакольнаму асяродзьдзю. І, канечне, цікавіць пытаньне пра рэальнае становішча з дэмакратыяй у Беларусі".

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG