Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прызнаньне Косава: працяг будзе?



Кансультацыйнае заключэньне Міжнароднага суду ААН у Гаазе аб тым, што абвяшчэньне незалежнасьці Косавам у 2008 годзе не супярэчыла нормам міжнароднага права, выклікала шмат камэнтараў у сусьветнай прэсе.


Заахвочаньне для сэпаратыстаў?


У рэдакцыйным камэнтары амэрыканская газэта Christian Science Monitor піша, што рашэньне адносна Косава можа натхніць шмат якія сэпаратысцкія рухі на сьвеце.

Хоць рашэньне мае дарадчы характар, піша газэта, але яно выглядае як "прававое заахвочаньне для чачэнцаў, курдаў, баскаў, тыбэтцаў ды для процьмы іншых народаў з Афрыкі і Азіі, якія спрабуюць аддзяліцца і жыць па-свойму".

Christian Science Monitor заўважае, што гэтае заключэньне можа ўнесьці шмат замяшаньня ды нават выклікаць канфлікты ў краінах з сэпаратысцкімі тэндэнцыямі. У гэтым кантэксьце газэта згадвае Расею, Кітай, Гішпанію, Румынію ды курдзкую праблему на Блізкім Усходзе.

Але ў выпадку Косава, робіць выснову Christian Science Monitor, юрыдычнае прызнаньне незалежнасьці можа пацягнуць за сабою палітычнае прызнаньне з боку большасьці краінаў сьвету (на гэты момант косаўскую незалежнасьць прызналі 69 краінаў).

Аглядальнік нямецкай газэты Tagesspiegel Герд Апэнцэлер лічыць, што ў выпадку з прызнаньнем Косава сутыкнуліся лоб у лоб два асноўныя прынцыпы міжнароднай палітыкі: права народаў на самавызначэньне і права дзяржавы на тэрытарыяльную цэласнасьць.

Паводле Апэнцэлера, пагроза сэпаратызму значна большая ў краінах з аўтарытарным рэжымам кіраваньня, чым у дэмакратыях. "У дэмакратычных краінах накшталт Гішпаніі этнічныя меншасьці на працягу дзесяцігодзьдзяў дасягнулі такой ступені аўтаноміі, што сілавы пратэст супраць цэнтральнай улады здаецца малаімаверным. Ва ўмовах дыктатуры ўсё выглядае іначай. Кітай па сёньняшні дзень імкнецца зьнішчыць культурную і гістарычную тоеснасьць тыбэтцаў, а кадры з Грознага, чачэнскай сталіцы, зруйнаванай расейскімі войскамі, абляцелі ўвесь сьвет" — піша аглядальнік бэрлінскай Tagesspiegel.


Палёгка для сэрбаў?


У амэрыканскім часопісе Foreign Policy экспэрт у бальканскіх справах Дэйвід Боска піша, што рашэньне Міжнароднага суду ААН сэрбскія палітыкі, хутчэй за ўсё, успрынялі з палёгкай, паколькі яно ім разьвязвае рукі ў перамовах з Брусэлем аб далучэньні Сэрбіі да Эўразьвязу. Калі б суд прызнаў абвешчаньне незалежнасьці Косава нелегітымным, сэрбскім палітыкам трэба было б прытрымлівацца ранейшай "нацыяналістычнай" пазыцыі, аргумэнтуе Боска.

Паводле экспэрта Foreign Policy, судовае рашэньне можа паспрыяць палітычнаму прызнаньню Косава тымі краінамі, якія да гэтай пары яшчэ гэтага не зрабілі.

Што тычыцца гэтага рашэньня як прэцэдэнту для сэпаратыстаў у іншых частках сьвету, Боска заўважае, што Косава атрымала незалежнасьць насамрэч ад ЗША. "Бунтаўнікам без падобных моцных сяброў ня будзе так шанцаваць, незалежна ад таго, што скажуць судзьдзі ў Гаазе" — заключае Боска.

Падобная думка да гэтай выказваецца ў рэдакцыйным артыкуле брытанскай газэты The Guardian: "Хто моцны, той мае рацыю. Калі частку вашай дзяржавы, якая жадае аддзяліцца, падтрымліваюць Амэрыка або Расея, незалежнасьць прызнаюць".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG