Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускім дыпляматам замінае айчынная эканамічная мадэль


Сяргей Мартынаў

Сяргей Мартынаў

Вучоба кіраўнікоў дыпляматычных місіяў Беларусі, якія працуюць за межамі краіны, завяршылася сёньня ў Менску. Вынікі амаль двухтыднёвых заняткаў падвёў міністар замежных спраў Сяргей Мартынаў.

Ён скіраваў дыпляматаў на актыўнае рашэньне агульнадзяржаўных задач і падкрэсьліў, што "Міністэрства замежных спраў не на словах, а на справе павінна быць перадавым ведамствам на зьнешніх рубяжах краіны".

Міністар Мартынаў падсумаваў задачы, якія выглядаюць цяпер найбольш актуальнымі. Па-ранейшаму галоўная зь іх — прасоўваньне беларускай прадукцыі на замежныя рынкі. Тут нават існуе асобая стратэгія замацаваньня беларускіх прадпрыемстваў на рынках розных краінаў. Але ўзрастае роля і іншых фактараў. Найперш гэта — неабходнасьць замежных інвэстыцыяў і падвышэньне транзытнага патэнцыялу.

Раней на падобных выніковых пасяджэньнях выступаў Аляксандар Лукашэнка. Менавіта зь ягоных вуснаў прагучала ў свой час тэза пра тое, што якасьць працы беларускіх дыпляматаў за мяжой найперш будзе вызначацца паводле колькасьці праданых там айчынных тавараў. Сёлета спадар Лукашэнка нараду дыпляматаў праігнараваў.

Палітоляг Алесь Лагвінец лічыць мэты, якія пастаўленыя перад беларускімі дыпляматамі, "вельмі правільнымі":

Алесь Лагвінец
"Дыпляматычныя прадстаўніцтвы мусяць гэтым займацца. Можна нават сказаць, што беларускія дыпляматы робяць цуды вынаходлівасьці, каб хоць неяк прасоўваць айчынную прадукцыю. Задэкляраваныя мэты вельмі правільныя. Нават сродкі вырашэньня вельмі правільныя.

Але праблема тут структурная. Сёньня беларуская эканамічная мадэль ня здольная даць магчымасьць прадпрыемствам працаваць па рынкавых правілах і таксама быць дынамічнымі і канкурэнтаздольнымі на замежных рынках. Бо гэта камандная мадэль. І вось менавіта таму камандная мадэль спрабуе выкарыстоўваць усе адміністрацыйныя рэсурсы, у тым ліку дзейнасьць нашых дыпляматычных прадстаўніцтваў, каб хоць нейкім чынам выціснуць усе сокі з таго, што ёсьць".

Спадар Лагвінец перакананы: выйсьці на якасна новы ўзровень, каб выканаць пастаўленыя задачы, у беларускіх рэаліях немагчыма:

"Бо ў нас вельмі непрывабны інвэстыцыйны клімат, няма нармальнага права на прыватную ўласнасьць, няма гарантыяў для дзейнасьці нацыянальнага бізнэсу, вельмі складаная падатковая сыстэма. І таму ўсе намаганьні ўладаў, якімі б гучнымі яны ні былі, збольшага будуць марнымі, бо ўнутры краіны нічога не зьмяняецца.

Прывабнасьць, дынамічнасьць, канкурэнтаздольнасьць краіны — гэта таксама вельмі добрае заканадаўства, пашыраныя магчымасьці для дзейнасьці ўнутры краіны. А ня проста мабілізацыя ўсіх рэсурсаў".

Паводле справаздачы Сусьветнага банку "Doing Business 2009" ( рэйтынг умоваў вядзеньня бізнэсу ў 181 краіне) Беларусь заняла 85-е месца (год раней было 115-е). Сусьветны банк назваў Беларусь у чацьвёрцы найбольш пасьпяховых краін-рэфарматараў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG