Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print
Сыноптыкі Беларускага гідрамэтэацэнтру паведамляюць, што ў найбліжэйшыя выходныя чакаецца рэкордная тэмпэратура паветра: 37 градусаў і вышэй. З прычыны моцнай сьпёкі на дарогах, каля вадаёмаў і на жніве ўзмоцнена дзяжурства кантрольных і ратавальных службаў.

Працяглая сьпёка сталася прычынай датэрміновага пачатку масавай уборкі збожжа ва ўсіх рэгіёнах краіны. І ўжо ў першыя дні на Віцебшчыне загарэўся камбайн. Як уплывае сьпякота на ход жніва і іншыя сельгасработы, памочнік міністра сельскай гаспадаркі Мікалай Чупік паведаміць адмовіўся:

"Уборка ідзе нармальна. Выйдзіце на сайт міністэрства і вазьміце інфармацыю, а ў мяне часу няма".

Тым часам у Дэпартамэнце дзяржаўнай інспэкцыі працы паведамляюць, што жніво, асабліва ў сёлетніх умовах анамальнай сьпёкі, — асабліва небясьпечны пэрыяд. Таму за бясьпекай на жніве ў складзе мабільных групаў цяпер сочаць некалькі ведамстваў: тэхнічны нагляд, санслужбы і Міністэрства надзвычайных сытуацый. У прыватнасьці, міністар Энвэр Барыеў паведаміў наступнае:
нашы супрацоўнікі падчас уборкі бяруць адпачынкі і працуюць камбайнэрамі ...

"Што тычыцца ўдзелу ва ўборачнай кампаніі, то мы ў шмат якіх пазыцыях працуем. Гэта і пытаньні дастаўкі паліва як небясьпечнага грузу, і абсталяваньне камбайнаў пажарнай тэхнікай. Ёсьць нават такая практыка, што нашы супрацоўнікі падчас уборкі бяруць адпачынкі і працуюць камбайнэрамі, а таксама на іншай тэхніцы".

Адначасна сыноптыкі Беларускага гідрамэтцэнтру паведамляюць: не зважаючы на істотную колькасьць ападкаў, у некаторых рэгіёнах краіны на глебе адчуваецца недахоп вільгаці, што можа адмоўна паўплываць на ўраджай караняплодаў. Гаворыць галоўны сыноптык Вольга Фядотава:
З-за сьпякоты зьменшыліся аграмэтэаралягічныя ўмовы для высьпяваньня ўраджаю бульбы, цукровых буракоў ...

"Высокая тэмпэратура паветра спрыяе прасыханьню зерня. Адначасна анамальная сьпёка паўплывала на зьніжэньне запасаў вільгаці на ўсходзе і паўднёвым усходзе краіны. З-за сьпякоты зьменшыліся аграмэтэаралягічныя ўмовы для высьпяваньня ўраджаю бульбы, цукровых буракоў і іншых караняплодаў, а таксама адрастаньне травы на сенакосах і выганах. На Гомельшчыне адзначана скручваньне лісьця кукурузы ад сьпёкі, пачынаецца высыханьне травы. Найбольш спрыяльна сябе адчуваюць толькі цеплалюбівыя культуры — такія, як памідоры, да прыкладу".

З нагоды моцнай сьпёкі, асабліва ў выходныя дні, ратавальнікі на вадзе рэкамэндуюць ня плаваць у незнаёмых месцах, асабліва нападпітку. Дзяржаўная аўтаінспэкцыя заяўляе пра ўзмоцнены кантроль хуткасьці на дарогах і раіць кіроўцам пры магчымасьці адмовіцца ад паездак.
XS
SM
MD
LG