Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сэрбія будзе дамагацца кантролю над Косавам


Сэрбія мае намер змагацца супраць выхаду Косава зь яе складу і пасьля таго, як у чацьвер Міжнародны суд ААН вырашыў, што абвяшчэньне незалежнасьці Косава не супярэчыць міжнародным прававым нормам.

Прэзыдэнт Сэрбіі Барыс Тадзіч настойвае, каб пастанова Міжнароднага суду была вынесеная на абмеркаваньне Генэральнай Асамблеі ААН, якая пачынае працу ў верасьні.

“У канцы тыдня адмысловыя пасланьнікі даставяць у 55 краінаў сьвету мой ліст да прэзыдэнтаў і прэм’ер-міністраў. На шмат якія дзяржавы будзе ісьці ціск, каб яны прызналі незалежнасьць Косава да абмеркаваньня гэтага пытаньня на Генэральнай Асамблеі ААН. Сэрбія прыкладзе ўсе намаганьні для таго, каб як мага менш краінаў прызналі Косава і каб увосень у Нью-Ёрку ААН ухваліла прапанаваную Сэрбіяй рэзалюцыю”, – сказаў Барыс Тадзіч.

Тадзіч таксама выказаў намер дамагацца прыняцьця новай рэзалюцыі ААН пра тое, што канчаткова статус Косава павінен быць вызначаны шляхам перамоваў.

Прэм’ер-міністар Косава Хашым Тачы са свайго боку заявіў, што ягоная краіна незалежная дэ-факта і гэта не падлягае абмеркаваньню.

Сёньня Эўразьвяз выказаў гатовасьць дапамагчы дыялёгу паміж Косавам і Сэрбіяй.

Незалежнасьць Косава ўжо прызналі 69 дзяржаваў.
XS
SM
MD
LG