Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Асудзілі і амніставалі. У войска пакуль што не забралі


Яўген Якавенка
Яўген Якавенка
Сёньня калегія крымінальных справаў Гомельскага абласнога суду пад старшынёўствам Людмілы Грынько адхіліла касацыйныя скаргі актывіста БХД Яўгена Якавенкі і ягонага адваката на вырак Цэнтральнага суду за ўхіленьне ад вайсковай службы.


Актывіст пакараны годам абмежаваньня волі, так званай “хіміяй”, “за ўхіленьне ад мерапрыемстваў прызыву” – па сутнасьці за тое, што патрабаваў ад ваенкамату выпісваць яму позвы на беларускай мове.

Адначасова калегія ўжыла да спадара Якавенкі закон “Аб амністыі” ў сувязі з 65-годзьдзем Перамогі. Ягоная судзімасьць скасавана.

Пастанову калегіі абласнога суду амніставаны Яўген Якавенка разглядае як чарговы зьдзек зь беларускамоўнага грамадзяніна:
Гэта проста зьдзек. Маўляў, мы цябе на волі пакінулі, але ўсё адно ты вінаваты...


“Магчыма, маё стаўленьне было б спакойнае, бо ў прынцыпе тут відавочная палітычная замова. Але тое, што судзьдзя, як я зразумеў, галоўная ў маёй справе, была ўсьцешана, усьміхалася, падпускала шпількі: во, зноў у ваенкамат выклічуць... Гэта проста зьдзек, не рашэньне, а зьдзек. Маўляў, мы цябе на волі пакінулі, але ўсё адно ты вінаваты. У гэтай сытуацыі абурае тое, што ніхто ў гэтай краіне ня хоча выконваць закон”.

Дакладала на паседжаньні калегіі сутнасьць крымінальнай справы і касацыйных скаргаў судзьдзя Ірына Ўладыка. Яна спрабавала камунікаваць з прызыўніком Якавенкам па-беларуску. Судзьдзя пры гэтым нагадала, што ў краіне дзьве дзяржаўныя мовы, і справаводзтва ў ваенкаматах, паводле інструкцыі Міністэрства абароны, вядзецца на расейскай мове.

Дакладчыца нават задалася пытаньнем: што наагул будзе, калі ўсе хлопцы, як Якавенка, запатрабуюць альтэрнатыўнай службы? Хто ў такім разе будзе абараняць Беларусь і яе межы?

Патрабаваў пакінуць пакараньне й прадстаўнік пракуратуры, хаця было відавочна, што позваў Яўген Якавенка насамрэч не атрымліваў – ён адмаўляўся браць іх, паколькі напісаныя яны былі па-расейску.

Ня выканаў ваенкамат і патрабаваньня закону аб прымусовай дастаўцы прызыўніка на так званыя “мерапрыемствы прызыву”. Супрацоўнікі міліцыі дастаўлялі Якавенку ў ваенкамат толькі для таго, каб ён пагадзіўся ўзяць чарговую позву на расейскай мове. Ваенкамат наагул ініцыяваў перасьлед 25-гадовага прызыўніка за 16 дзён да заканчэньня прызыўнога тэрміну.

Адвакат прызыўніка Яўген Грабоўскі лічыць, што калегія абласнога суду пасіўна прыняла пазыцыю абвінавачаньня і суду першаснай інстанцыі:
Фактычна супрацоўнікі ваенкамату ня выканалі патрабаваньня закону...


“Палавіністае, канфармісцкае рашэньне, паколькі фармальна прызнана, што склад злачынства ў дзеяньнях Якавенкі меў месца. З гэтым я ня згодны. Фактычна супрацоўнікі ваенкамату ня выканалі патрабаваньня закону. Лічу, што як мінімум ёсьць недапрацоўка зь іхняга боку”.

Праваабаронца, дацэнт унівэрсытэту імя Ф.Скарыны Віктар Адзіночанка, які сачыў за працэсам супраць Яўгена Якавенкі, лічыць ненармальнай сытуацыю ў беларускіх афіцыйных установах:

“Ненармальна, што на тэрыторыі Беларусі тое, што беларус просіць, каб яму выдалі нейкія афіцыйныя дакумэнты на беларускай мове, лічыцца складам злачынства. Гэта абсалютна ненармальна. А з гэтага ўсё й пачалося.

Што да патрабаваньня альтэрнатыўнай службы, то такое права запісана ў 57-м артыкуле Канстытуцыі. Хаця і са спазьненьнем, але вядзецца распрацоўка закону аб альтэрнатыўнай службе. І Якавенка як грамадзянін Беларусі мае поўнае права прасіць прайсьці такую службу”.

Гомельскі юрыст і праваабаронца Леанід Судаленка зьвярнуў увагу на тое, што, нягледзячы на ўсе суды, ня вырашана галоўнае для беларускамоўных прызыўнікоў пытаньне – права камунікацыі на роднай мове:
Ня вырашана галоўная праблема: ці будзе надалей ваенкамат выпісваць такім хлапцам, як Якавенка, позвы на роднай беларускай мове...


“Цяперашняе вызначэньне суду – гэта палавіністае рашэньне, бо ня вырашана галоўная праблема: ці будзе надалей ваенкамат выконваць закон аб беларускай мове і выпісваць такім хлапцам, як Якавенка, позвы на роднай беларускай мове?”

Сам Яўген Якавенка пакуль што ня вызначыўся, будзе ён апратэстоўваць вырак у Вярхоўным судзе ці не. У любы час яго могуць ізноў выклікаць у ваенкамат.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG