Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У першы дзень масавага жніва, якім Аляксандар Лукашэнка абвясьціў 20-га ліпеня, на Берасьцейшчыне загінуў памочнік камбайнэра. Зараз на месцы здарэньня, у сельгаскамбінаце "Заходні" Берасьцейскага раёну, вядзецца расьсьледаваньне трагедыі, а ў рэгіёне — прафіляктычная праца па прадухіленьні няшчасных выпадкаў на жніве.

Вечарам 20 ліпеня кіроўца аўтамабіля МАЗ сельгаскамбінату "Заходні" каля вёскі Вельямовічы ўчыніў наезд на памочніка камбайнэра, які працаваў на полі. Хлопец, які меў 21 год, загінуў ад атрыманых траўмаў. У Берасьцейскай раённай пракуратуры паведамілі, што заведзеная крымінальная справа.

У раённай інспэкцыі аховы працы адзначаюць, што выпадак недарэчны: нябожчык знаходзіўся ў зоне "нябачаньня" кіроўцы:

"Раней не было падобных здарэньняў. Рухавік у МАЗе быў выключаны. Незразумела, як магчыма не пачуць, што машына завялася. Камбайнэр быў невялікага росту. Гэта і абумовіла трагічны выпадак. З вышыні кабіны заўважыць яго проста не было магчымасьці".

Інспэктар адзначае, што пацярпелым таксама можна назваць і кіроўцу машыны, які ўчыніў наезд на камбайнэра:

"Падчас маёй працы даводзілася бачыць, як пасьля ДТЗ кіроўцы больш не сядалі ніколі за руль. Гэтаму кіроўцу пяцьдзясят гадоў. На машыне ён працуе 32 гады. Відавочцы здарэньня кажуць, што ён не сьпяшаўся. Ужо сканчаў загрузку, пад'яжджаў да трэцяга камбайна. Яму пачалі сыгналізаваць. Ён зразумеў, што нешта адбылося, а калі пабачыў, то за раз прыняў тры таблеткі валідолу".

Летась, як адзначае інспэктар, колькасьць выпадкаў падчас правядзеньня сельскагаспадарчых працаў у параўнаньні з 2008 годам значна вырасла. Садзейнічае траўматызму і выкарыстаньне сельгастэхнікі, эксплюатацыя якой паводле дзейных нормаў недапушчальная. Паводле пракурорскай праверкі, колькасьць парушэньняў тут перасягае сотні выпадкаў, кажа супрацоўнік абласной пракуратуры:

"Падчас пасяўной кампаніі ў гэтым годзе быў зарэгістраваны 31 выпадак выпуску ў эксплюатацыю няспраўнай тэхнікі. На працягу мінулага году ДАІ прыцягнула да адказнасьці 318 асобаў за такія парушэньні. За тры першыя месяцы бягучага году складзена 75 пратаколаў".

Сёлета пракуроры зафіксавалі ўжо 106 выпадкаў выкарыстаньня няспраўнай тэхнікі.

А тым часам на Віцебшчыне супрацоўнікам Пастаўскага райаддзелу МНС давялося ратаваць ад пажару камбайн, які працаваў на ўборцы кармоў каля пасёлку Варапаева. На шчасьце, абышлося без ахвяр, распавяла супрацоўніца Пастаўскага райаграсэрвісу:

"Усё добра — мэханізатар пасьпеў выскачыць. Але гэта хвілінная справа — яны ж хутка гараць, тыя камбайны. Так ужо здарылася, іскра трапіла ў рухавік, рухавік загарэўся і кола пачало гарэць. Але ж затушылі, МНС адразу выклікалі”.

Летась Віцебскі аблвыканкам праводзіў адмысловую праверку гаспадарак, каб прадухіліць траўматызм. Паводле афіцыйнай статыстыкі, было выяўлена 11 534 парушэньні, адхіленыя ад працы 390 работнікаў, забаронена эксплюатацыя 1005 адзінак сельскагаспадарчай тэхнікі.

Усяго за першае паўгодзьдзе ў Беларусі загінулі 36 працаўнікоў АПК. 10 зь іх знайшлі мёртвымі на тэрыторыі ці ў памяшканьнях фэрмаў, на пашы ці ў будках для вартаўнікоў. Яшчэ пяцёра трапілі пад колы транспарту, астатнія — няўдала падалі з вышыні, атрымалі апёкі альбо памерлі ад сардэчнага прыступу.

Па словах намесьніка дырэктара Дэпартамэнту дзяржаўнай інспэкцыі працы Ірыны Шылаевай, жніво — найбольш небясьпечны пэрыяд што да бясьпекі працы. Таму за бясьпекай на жніве ў складзе мабільных групаў цяпер сочаць некалькі ведамстваў: тэхнічнага нагляду, МНС, санстанцыі.
XS
SM
MD
LG