Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выбар паміж прарасейскім і праэўрапейскім Лукашэнкам


Гія Нодзія

Гія Нодзія

Як афіцыйны Тбілісі тлумачыць інтэрвію прэзыдэнта Грузіі беларускаму тэлебачаньню? Ці можа Саакашвілі стаць адвакатам Лукашэнкі на Захадзе? Як ставіцца да інтэрвію грузінскага прэзыдэнта беларускаму тэлебачаньню грузінская апазыцыя? На гэтыя пытаньні адказвае грузінскі палітоляг Гія Нодзія.

Дракахруст: Спадар Нодзія, як грузінская ўлада тлумачыць нядаўні выступ Міхаіла Саакашвілі па беларускім дзяржаўным тэлебачаньні? Яшчэ некалькі гадоў таму спадар Саакашвілі абяцаў дапамагчы беларускім дэмакратам усталяваць у іх краіне дэмакратыю. А зараз, хаця і даволі акуратна, выступае адвакатам дзейнай беларускай улады. У некаторых у Беларусі выклікалі абурэньне ацэнкі грузінскім прэзыдэнтам справаў зьніклых беларускіх палітыкаў. Гэтыя справы цяпер выкарыстоўваюцца расейскай прапагандай супраць Лукашэнкі, а Саакашвілі ўстае на абарону Лукашэнкі ў гэтым пытаньні.

Нодзія: У Грузіі з гэтай нагоды Саакашвілі ніхто не крытыкуе, адпаведна, і няма патрэбы нешта тлумачыць. Сапраўды, Саакашвілі спрабаваў грунтаваць палітыку адносна Беларусі і некаторых іншых краін на ідэалягічным падмурку. Цяпер, відаць, ён вырашыў, што паколькі Беларусь канфліктуе з Расеяй, зь іншага боку, ёсьць небясьпека, што Лукашэнка прызнае Абхазію і Паўднёвую Асэтыю, то трэба клапаціцца пра добрыя стасункі зь Беларусьсю і нават спрыяць таму, каб Лукашэнка больш арыентаваўся на Эўропу, чым на Расею.
У інтарэсах Грузіі, каб Лукашэнка быў больш арыентаваны на Эўропу.

Дракахруст:
А ў якой ступені спадар Саакашвілі можа быць пэўным адвакатам, пасярэднікам афіцыйнага Менску ў стасунках з Захадам? У свой час Лукашэнка вельмі дзякаваў прэзыдэнту Ўкраіны Віктару Юшчанку за выкананьне менавіта гэтай ролі.

Нодзія:
У інтарэсах Грузіі, каб Лукашэнка быў больш арыентаваны на Эўропу. Для гэтага ён павінен быць больш прыняты ў Эўропе. У межах сваіх магчымасьцяў Саакашвілі, грузінская ўлада могуць імкнуцца спрыяць паляпшэньню адносінаў Эўропы і Лукашэнкі. Зразумела, што Грузія ня надта важкая дзяржава, каб гэта зрабіць. Але наколькі гэта ў яе сілах, яна будзе імкнуцца гэта зрабіць.

Дракахруст: І яна будзе казаць Захаду, што трэба заплюшчыць вочы на тыя асаблівасьці палітычнай сыстэмы, якія ёсьць у Беларусі, дзеля геапалітычнай выгады?

Нодзія:
Хутчэй за ўсё, аргумэнты будуць менавіта такія. Зыходная пазыцыя будзе палягаць у тым, што ў Беларусі ўсё роўна будзе Лукашэнка, на гэтым этапе, на жаль, ніякіх пэрспэктываў зьмены ўлады ў Беларусі няма. Так што выбар даводзіцца рабіць паміж прарасейскім Лукашэнкам і Лукашэнкам, які імкнецца палепшыць стасункі з Эўропай.
Выбар даводзіцца рабіць паміж прарасейскім Лукашэнкам і Лукашэнкам, які імкнецца палепшыць стасункі з Эўропай

Дракахруст:
Вы сказалі, што Саакашвілі не задаюць пытаньні наконт яго інтэрвію беларускаму тэлебачаньню. А як ставіцца да гэтага зьнешнепалітычнага кроку грузінская апазыцыя?

Нодзія:
Не, я ня бачыў, каб пра гэта нехта заяўляў публічна. Мне казалі журналісты, што не пад запіс апазыцыянэры казалі ім, што яны ў гэтым пытаньні згодны з Саакашвілі: яны лічаць, што ён робіць правільна, але паколькі яны ў апазыцыі, яны ня хочуць яго хваліць.

Дракахруст:
А якая зараз унутрыпалітычная сытуацыя ў Грузіі? Летась падчас масавых акцый апазыцыі вонкаваму назіральніку здавалася, што зьмена ўлады рэальная.

Нодзія:
Апазыцыя летась зрабіла вялікія памылкі, яна запатрабавала занадта шмат, яна вырашыла дзейнічаць паводле прынцыпу "ўсё ці нічога" і ў рэшце рэшт засталася ні з чым. Мясцовыя выбары, якія прайшлі ў траўні, былі індыкатарам кансалідацыі ўлады. Яны прайшлі неідэальна, але ўсе прызнаюць, што яны прайшлі лепш, чым папярэднія выбары.

Цяпер улада Саакашвілі кансалідавалася. Чакаюцца адносна спакойныя 2-3 гады.

Зараз галоўная тэма – гэта канстытуцыйная рэформа, на якую людзі глядзяць па-рознаму. Аб'ектыўна гэтыя зьмены ў бок парлямэнтарызму будуць станоўчым крокам, але апанэнты бачаць у гэтым перш за ўсё палітычны праект, скіраваны на тое, каб Саакашвілі застаўся ва ўладзе ў рангу прэм'ер-міністра.
  • 16x9 Image

    Юры Дракахруст

    Журналіст. Нарадзіўся ў 1960 г. Зь 2000 г. — супрацоўнік Беларускай рэдакцыі Радыё Свабода ў Празе. Ляўрэат прэміі Беларускай асацыяцыі журналістаў (1996).
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG