Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску пахавалі Ігара Дабралюбава


У Менску разьвіталіся зь Ігарам Дабралюбавым. Адзін з найбольш вядомых беларускіх кінарэжысэраў памёр пасьля некалькіх інфарктаў і інсультаў на 77 годзе і быў пахаваны на Ўсходніх могілках сталіцы.

Разьвітацца зь Ігарам Дабралюбавым прыйшлі перадусім прыхільнікі ягонага таленту. Тут былі і калегі-кіношнікі, і палітыкі, і чыноўнікі. Усіх зьяднала здольнасьць Майстра ствараць добрае і разумнае.

Кінарэжысэр Віктар Дашук — адзін з блізкіх сяброў Ігара Дабралюбава. Пачалося іх знаёмства яшчэ з факультэту журналістыкі БДУ, а пасьля разам яны пачалі скараць сьвет кінэматаграфіі:

"Прыкладна ў адны і тыя ж гады мы атрымоўвалі рэжысэрскую прафэсію ў Маскве: я — у Таркоўскага, ён — у Рома. І вось з тае самай юначай пары мы дзесяцігодзьдзі ішлі побач, па адной і той жа дарозе. І дарога гэта называлася "беларускі кінэматограф". Думаю, доўга расказваць ня трэба, што на гэтай дарозе сустракаецца ўсё што хочаш: і высокія ўзьлёты, і вялікая роспач, калі не атрымоўвалася так, як хацелася. Але павінен засьведчыць адну рэч: на ўсіх гэтых складаных паваротах лёсу Ігар Міхайлавіч ніколі ня здрадзіў той вялікай унутранай ідэі, якая вяла яго па жыцьці ў мастацтве".

Пахаваньне Ігара Дабралюбава
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:03:18 0:00


І хоць на рахунку Ігара Дабралюбава больш за 20 мастацкіх стужак, любяць яго перадусім як рэжысэра культавых "Белых Росаў". Фільм атрымаў нефармальны статус народнай камэдыі і, здавалася б, ягоны аўтар мае поўнае права быць гонарам нацыі. Аднак беларускія рэаліі іншыя. Ад сярэдзіны 1990-х Дабралюбаў стаўся незапатрабаваны на кінастудыі "Беларусьфільм", яго аднесьлі да апанэнтаў улады, адлучылі ад любімай справы, з-за чаго ён пачаў паступова згасаць. Між тым, як кажа драматург Аляксей Дудараў, пасьля сябе рэжысэр пакінуў вялікую сям'ю:

"Гэта быў сапраўды родны мне чалавек. Гэта быў мой старэйшы брат, ці, можа, нават бацька. Ён насамрэч быў такі, што хто зь ім працаваў, хто зь ім сутыкаўся — ці ў справе, ці па жыцьці — гэтых людзей можна лічыць шчасьлівымі. Шчасьлівы і я. Таму што праца над "Белымі Росамі", а потым над "Восеньскімі снамі" дала мне як чалавеку вельмі багата. Ён быў выдатным сем'янінам — і адначасова ствараў сям'ю іншую. Усе ягоныя вобразы, якія ад літаратурнай асновы праз артыстаў потым выходзілі на экраны і якіх любяць, як блізкіх сваякоў, гледачы, — гэта ягоная сям'я".

Кінакрытык Ала Бабкова акцэнтавала ўвагу на тым, што Ігар Дабралюбаў па-сапраўднаму не пасьпеў рэалізаваць свой патэнцыял. У тым ліку і з-за супраціву дзяржаўных ідэолягаў. Міністэрства культуры так і не дало дазволу на экранізацыю апавяданьня Васіля Быкава "Жоўты пясочак". А ў часы так званага застою пэрспэктыўныя праекты блякаваліся пачкамі:

"Якраз у пару, калі Дабралюбаў прыехаў з Інстытуту кінэматаграфіі, ён сябраваў з Уладзімерам Караткевічам. І вельмі хацеў зьняць фільм па ягоным сцэнары "Гнеўнае сонца пякучае". Карціна пра тое, як чалавек у працэсе свайго жыцьця пераадольвае страх. А паралельна ён думаў пра фільм "Разарваны рубель" па аповесьці цікавага расейскага пісьменьніка Сяргея Антонава — фільм пра адказнасьць, пра сумленьне, пра тое, што мы не павінны прыносіць пакуты іншаму чалавеку. На жаль, ні адну, ні другую карціну ён ня зьняў. А мог бы пакінуць яшчэ глыбейшы сьлед, каб гэтаму, прынамсі, спрыялі. Але насамрэч многія якраз перашкаджалі".

Сваё рэальнае стаўленьне да рэжысэра сёньня прадэманстравала і цяперашняе кіраўніцтва "Беларусьфільму". Генэральны дырэктар кінастудыі Ўладзімер Замяталін на грамадзянскай паніхідзе не зьявіўся. Мінкульт быў прадстаўлены на ўзроўні першага намесьніка міністра Ўладзімера Карачэўскага. Ён і зачытаў жалобны ліст ад Аляксандра Лукашэнкі.

Свой апошні фільм з сымбалічнай назвай "Эпілёг" Ігар Дабралюбаў зьняў у 1994 годзе. Стужка прысьвечаная якраз незапатрабаванасьці людзей мастацтва ў сучасным грамадзтве. Фактычна гэта была апошняя спроба працаваць у новых умовах.

Некалькі гадоў таму Калегія ў справах інтэлектуальнай уласнасьці Вярхоўнага суду абвясьціла нечаканы і жорсткі прысуд: аўтарскія правы Ігара Дабралюбава на фільмы, зьнятыя ім падчас працы на кінастудыі "Беларусьфільм" у 1964—1995 гадах, не прызнаваць. Як лічаць родныя Дабралюбава, ягонае і без таго слабое здароўе было тады падарванае канчаткова.





Намесьнік міністра культуры Ўладзімер Карачэўскі


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG