Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Трагічная вестка прыйшла з Горак. Загінуў тамтэйшы апазыцыйны лідэр, сацыял-дэмакрат, журналіст і прадпрымальнік Дзям'ян Франкоўскі. Яму было 29 гадоў. Загінуў ён учора ў Магілёве на Дняпры. Выратаваўшы ад сьмерці пляменьніка, ён патануў сам. Да свайго трыццацігодзьдзя ён не дажыў трох месяцаў.


Выдатным кампутарнікам, выдаўцом кніг і заснавальнікам рэгіянальных ды мясцовых газэт — такім застанецца ў памяці калегаў і сяброў Дзям’ян Франкоўскі. Нарадзіўся ён у Горках 5 кастрычніка 1980 году. Ён быў з тых людзей, якія непрыкметна, але адказна робяць сваю справу. Рэдактар незалежнай горацкай газэты "Ўзгорак" Эдуард Брокараў знаўся зь нябожчыкам больш як дзесяць гадоў:

"Мы зь Дзям’янам пачыналі "Ўзгорак", які быў нядаўна зарэгістраваны. Макет гэтай газэты распрацаваны ім. Гэта быў чалавек, які заўжды адгукаўся на просьбы, на чужую бяду, на чужыя праблемы. Ён заўжды гатовы быў дапамагчы. І вось адбылося так, што ў апошнія хвіліны свайго жыцьця ён таксама дапамагаў малому хлопцу выратавацца з рэчкі. Той не патануў, ён яго выратаваў, але сам, на жаль, ня выратаваўся".

Імкненьне даць рады людзкім праблемам прывяло Дзям’яна Франкоўскага ў Беларускую сацыял-дэмакратычную партыю "Грамада".

"Дзям’ян пранікся ідэяй дэмакратычнага сацыялізму. Пэўны час быў кіраўніком моладзевай арганізацыі ў Горках "Маладая Грамада". Ён неаднойчы падкрэсьліваў, што ён сацыял-дэмакрат і спрабуе жыць паводле прынцыпаў сацыял-дэмакратыі: Свабода, Справядлівасьць, Салідарнасьць. Сваім ладам жыцьця ён сапраўды быў адданы гэтым прынцыпам", зазначае старшыня абласной арганізацыі Сацыял-дэмакратычнай партыі "Грамада" Ігар Барысаў.

Адданасьць беларушчыне вылучала Дзям’яна Франкоўскага зь людзкога тлуму. З-за яе ён меў нямала праблемаў, кажа ягоны калега па грамадзкай дзейнасьці Андрэй Юркоў:

"Гэты чалавек заўжды гаманіў па-беларуску. Тое, што было прыемна чуць мне і тым людзям, якія трымаюцца беларушчыны, часта ў штыкі ўспрымаецца нашымі ўладамі. Такім людзям складана ў жыцьці. Яму цяжка было знайсьці добрую працу. Яго ня дужа разумелі".

Дзям’ян Франкоўскі любіў свае Горкі, дзе палова жыхароў — студэнты. Горад, дзе была напісаная неўміручая паэма "Тарас на Парнасе". Сваім землякам ён пакінуў на памяць зборнік вершаў паэтаў-пачаткоўцаў "Горацкія крыніцы".
XS
SM
MD
LG