Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Незалежнасьць Косава перад Міжнародным судом


Віцэ-прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн сустрэўся ў Вашынгтоне з косаўскім прэм'ер-міністрам Хашымам Тачы

Віцэ-прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн сустрэўся ў Вашынгтоне з косаўскім прэм'ер-міністрам Хашымам Тачы

Сёньня Міжнародны суд ААН павінен агучыць рашэньне аб законнасьці абвяшчэньня незалежнасьці Косава ад Сэрбіі. Гэта першы выпадак, калі суд разглядае справу аб аддзяленьні тэрыторыі ад сувэрэннай дзяржавы.

Суд дасьць адказ на зыск Бялграду, паводле якога абвяшчэньне Косавам незалежнасьці ў лютым 2008 года было парушэньнем тэрытарыяльнай цэласнасьці Сэрбіі.

Хаця рашэньне Міжнароднага суду будзе мець рэкамэндацыйны характар, яно стане важным палітычным і дыпляматычным чыньнікам.

Рашэньне на карысьць права Прышціны на самавызначэньне можа падштурхнуць новыя краіны прызнаць незалежнасьць Косава. Зараз са 192 дзяржаваў, што ўваходзяць у ААН, незалежнасьць Косава прызналі 69 краін, у тым ліку 22 з 27 краін Эўразьвязу.

За рашэньнем суду пільна назіраюць некалькі краін, у якіх існуюць аналягічныя праблемы з сэпаратысцкімі тэрыторыямі – такія як Гішпанія, Кітай і Расея.

Падчас слуханьняў у Міжнародным судзе ААН прадстаўнікі Сэрбіі завілі, што прызнаньне незалежнасьці Косава ня толькі падрывае тэрытарыяльную цэласнасьць Сэрбіі, але і зьнішчае міжнароднае права.

"Калі гэта адбудзецца, тады ніводная спрэчная мяжа ў сьвеце ня можа лічыцца бясьпечнай", – заявіў міністар замежных справаў Сэрбіі Вук Йереміч.

“Мы павінны захоўваць трываласьць і працягваць ісьці тым шляхам, якім ішлі: гэта шлях дыпляматычнай барацьбы, узброенай міжнародным правам, для захаваньня цэласнасьці краіны. Трэба дасягнуць кампрамісу па пытаньні будучага статусу Косава і Мэтохіі. Ён магчымы выключна шляхам новых перамоваў”, – дадаў ён.

Косаўскія альбанцы, наадварот, лічаць, што яны мелі права абвясьціць незалежнасьць у сытуацыі, калі на працягу дзесяцігодзьдзяў іх правы ў Сэрбіі ўшчамляліся. Прэм'ер-міністар Косава Хашым Тачы не дапускае магчымасьці, каб пасьля заключэньня суду маглі б пачацца новыя перамовы аб статусе Косава.

“Я зь вялікім аптымізмам стаўлюся да Міжнароднага суду і ўпэўнены, што ён улічыць рэальнасьць у Косаве, і яго заключэньне нікому не нанясе шкоды. Аднак, нягледзячы на пазыцыю суду, незалежнасьць Косава зьяўляецца незваротнай і свабода майго народа – вечнай. Пра гэта немагчыма весьці перамовы, абмяркоўваць мы можам толькі практычныя пытаньні: такія як лёс зьніклых бязь вестак або вяртаньне уцекачоў,” – кажа Хашым Тачы.

Некаторыя раёны на поўначы Косава падзеленыя на зоны кампактнага пражываньня сэрбаў і альбанцаў. Камандуючы міратворчымі сіламі НАТА заявіў, што 10-тысячны кантынгент гатовы змагацца з беспарадкамі, якія могуць успыхнуць у сувязі з рашэньнем суду.

Сэрбскія сілы былі вымушаныя пакінуць Косава ў 1999 годзе пасьля паразы ў вайне з НАТА. З тых часоў і да лютага 2008 году, калі парлямэнт Косава прагаласаваў за незалежнасьць краю, ён знаходзіўся пад кіраваньнем ААН.

Сэрбія, падтрыманая Расеяй, адмовілася прызнаваць аддзяленьне Косава і падала пазоў у міжнародны суд ААН.

21 ліпеня віцэ-прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн падчас сустрэчы ў Вашынгтоне з косаўскім прэм'ер-міністрам Хашымам Тачы заявіў, што ЗША цалкам падтрымліваюць "незалежнае, дэмакратычнае, шматэтнічнае Косава, чыя будучыня шчыльна зьвязаная з эўрапейскімі і эўраатлянтычнымі арганізацыямі".

У Бялградзе мяркуюць, што рашэньне суду стане "момантам ісьціны", паколькі гэта першы выпадак, калі міжнародны суд ААН разглядае справу аб аддзяленьні тэрыторыі ад сувэрэннай дзяржавы.
XS
SM
MD
LG