Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўрапейскія краіны пачалі выцясьняць Беларусь у пастаўках у Расею малочных прадуктаў, у першую чаргу сухіх. Аб гэтым паведаміў журналістам 22 ліпеня выканаўчы дырэктар Малочнага саюзу Расеі Ўладзімір Лабінаў.

Лабінава цытуе БелаПАН:

"Асноўным пастаўшчыком сухіх малочных прадуктаў у РФ на працягу апошніх гадоў была Беларусь. Сёлета ў структуры імпарту сухіх малочных прадуктаў доля эўрапейскіх краін далёкага замежжа ўзрастае. Таму што Беларусь нават пры росьце аб'ёмаў вытворчасьці малака сёньня ня ў стане задаволіць той аб'ём спажываньня, які складваецца ў Расеі".

Пры гэтым Лабінаў зазначыў, што беларуская малочная прадукцыя, у прыватнасьці сухія малочныя прадукты, даражэйшая, чым такія ж прадукты, што пастаўляюцца з Эўразьвязу і нават з Новай Зэляндыі.

"У беларусаў ёсьць перавага — у нас зь імі бязмытны гандаль. Але нават з улікам гэтага беларуская прадукцыя не таньнейшая", — падкрэсліў Лабінаў.

У сваю чаргу старшыня праўленьня Нацыянальнага саюзу вытворцаў малака ("Саюзмалако") Андрэй Даніленка падкрэсьліў, што Беларусь мае вельмі якасную малочную прадукцыю. Пры гэтым ён зазначыў, што "ў межах нашага жаданьня мець стабільную цэнавую палітыку Беларусь у гэты летні пэрыяд наўмысна абмежавала аб'ём паставак малочнай прадукцыі ў Расею".

Паводле слоў Даніленкі, "Беларусь здольная істотна павялічыць аб'ёмы паставак на расейскі рынак". Ён таксама дадаў, што Беларусь будзе заставацца асноўным і самым буйным пастаўшчыком малочнай прадукцыі на расейскі рынак.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG