Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Родны брат экс-прэзыдэнта Кіргізстану Курманбека Бакіева Ахмат не аказаў збройнага супраціву пры арышце. Аб гэтым паведаміў першы намесьнік міністра ўнутраных спраў краіны Меліс Турганбаеў.

Агенцтва “Интерфакс-Запад” цытуе чыноўніка: "Яго затрымалі ў сераду, 21 ліпеня ў горадзе Джалал-Абад, і ён не аказаў збройнага супраціву".

Паводле Турганбаева, брат экс-прэзыдэнта хаваўся ў мікрараёне "Спадарожнік", па вуліцы Джэніжак. У доме №30 ён здымаў кватэру. У Ахмата Бакіева была зброя, але ён і не спрабаваў яе выкарыстаць. Акрамя таго, у яго знайшлі парык, накладныя вусы і бараду.

"Сама апэрацыя была старанна сплянаваная і праведзена, завяршылася яна ў 22:30", – заявіў М. Турганбаеў.

Паводле яго слоў, на першым жа допыце А. Бакіеў стаў даваць паказаньні.

"Яму выстаўлена абвінавачаньне ў арганізацыі масавых беспарадкаў, распальваньні міжнацыянальнай варожасьці, арганізацыі незаконнага ўзброенага фармаваньня", – паведаміў М. Турганбаеў.

У самы бліжэйшы час брата экс-прэзыдэнта даставяць у сьледчы ізалятар Дзяржаўнай службы нацыянальнай бясьпекі ў Бішкеку.
XS
SM
MD
LG