Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сваякі забітай міліцыянтам дзяўчыны зьвярнуліся да праваабаронцаў


Сваякі загінулай ад кулі міліцыянта дзяўчыны зьвярнуліся ў Праваабарончы цэнтар "Вясна". Яны заявілі, што ня вераць у афіцыйную вэрсію трагедыі, што міліцыянт выпадкова выстраліў у галаву.

Праваабаронцы лічаць, што неабходна правесьці грамадзкае назіраньне за ходам расьсьледаваньня гэтай крымінальнай справы.
У купальскую ноч участковы міліцыянт сьмяротна параніў з пісталета дзяўчыну. Паводле інфармацыйных агенцый, позна ўвечары трое міліцыянтаў пасадзілі трох мясцовых дзяўчат да сябе ў аўтамашыну і паехалі зь імі ў мястэчка Доўск. У аўтамашыне ўчастковы інспэктар сьмяротна параніў з табэльнага пісталета 22-гадовую дзяўчыну.

Гомельская абласная пракуратура распачала крымінальную справу паводле часткі 1 артыкулу 14 і артыкулу 139 Крымінальнага кодэксу – замах на злачынства й забойства. Вядзецца сьледзтва. Участковы міліцыянт затрыманы. Яму 34 гады, ён жанаты, мае дваіх дзяцей. Жыве ў Доўску, а працуе ўчастковым міліцыянтам у Курганскім сельскім савеце. Адначасова тут ён зьяўляецца й сельскім дэпутатам.
22-гадовая Ніна памерла ў рэанімацыі. Сьмерць дзяўчыны зьяўляецца падставай для разгляду пытаньня аб перакваліфікацыі абвінавачваньня з замаху на забойства ў забойства, паведаміла БелаПАН начальнік аддзела пракуратуры Гомельскай вобласьці Надзея Бондарава. Па папярэдніх дадзеных сьледзтва, на момант здзяйсьненьня злачынства міліцыянт знаходзіўся ў стане алькагольнага ап'яненьня.

Сваякі загінулай распавялі праваабаронцам з Гомеля Леаніду Судаленку і Анатолю Паплаўнаму, што ім прапануюць грошы.

"Зараз размовы пра грошы выглядаюць проста па блюзьнерску. Наша прававая пазыцыя заключаецца ў тым, што маральную шкоду ад злачынства можна будзе спагнаць непасрэдна з МУС, дзе служыў міліцыянт. У першую чаргу неабходна пераканацца, што папярэдняе расьсьледаваньне дадзенай крымінальнай справы праведзена аб'ектыўна, каб ні ў каго не ўзьнікала пытаньняў. Менавіта такога роду юрыдычныя кансультацыі дадзеныя з нашага боку сваякам загінулай, - сказаў А.Паплаўны, паведамляе сайт "Вясны".

Праваабаронцы заявілі, што арганізуюць незалежнае назіраньне за расьсьледаваньнем гэтай крымінальнай справы і ў выпадку неабходнасьці акажуць сям'і загінулай юрыдычную дапамогу, у тым ліку і ў пошуках незалежнага ад мясцовай улады адваката.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG