Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украінскія экспэрты: нафтавае супрацоўніцтва зь Менскам – пэрспэктыўнае


Украінскія экспэрты лічаць вельмі пэрспэктыўным для Кіева супрацоўніцтва зь Менскам у галіне транзыту вэнэсуэльскай нафты. На іх думку, разьвіцьцю супрацоўніцтва, у прыватнасьці, выкарыстаньню нафтаправоду Адэса-Броды, замінае нежаданьне новай украінскай улады псаваць адносіны з Масквой.

Як піша ўкраінскае эканамічнае інтэрнэт- выданьне Finance.ua, нягледзячы на тое, што ў Адэсу прыбыў ужо чацьвёрты танкер з Каракасу, а пагадненьне паміж Кіевам і Менскам аб транспартаваньні паліва было заключанае 12 ліпеня, тэкст дакумэнту ўсё яшчэ застаецца ў тайне.

Тым часам дырэктар энэргетычных праграм кіеўскага цэнтру "Номос" Міхаіл Ганчар іранізуе над падобнай сакрэтнасьцю. "Гэта поўны нонсэнс, паколькі міждзяржаўнае пагадненьне ня можа быць закрытым”. Паводле аналітыка, той факт, што зьмест дамоўленасьцяў не агучваюць, сьведчыць толькі аб адным: дакумэнт мала чым адрозны ад ніякага дакумэнту. Ганчар лічыць, што Ўкраіна, мяркуючы па ўсім, так і ня вырашыла пайсьці на тыя крокі, да якіх яе схіляў беларускі бок. Інакш гэта былі б крокі насустрач канфлікту з Масквой. Новая ўкраінская ўлада, паводле экспэрта, ня хоча рызыкаваць, а таму выкарыстоўваць ўкраінскія нафтаправоды для паставак у Беларусь нафты з альтэрнатыўных крыніц.

У той чай як некаторыя аналітыкі ставяць пад сумнеў пытаньне рэнтабэльнасьці перапрацоўкі лацінаамерыканскай нафты на беларускіх НПЗ, называючы гэты праект выключна палітычным, Ганчар упэўнены ў іншым. Ён адзначае, што дамоўленасьці Лукашэнкі і Чавэса адносна спэцыяльнай цаны на вэнэсуэльскую нафту для Менску здольныя зрабіць супрацоўніцтва цалкам узаемавыгадным. Асабліва, калі бакі здолеюць замацавацца на эўрапейскіх рынках збыту і пастаўляць туды сапраўды высакаякасныя нафтапрадукты.

Выгада для Ўкраіны, на Ганчара, тут цалкам відавочная. Бо пастаўкі расейскай нафты па нафтаправодзе Адэса-Броды маюць "тэндэнцыю да няўхільнага скарачэньня. А адна зь дзьвюх галін нафтаправоду "Дружба", які злучае магістраль Адэса-Броды зь беларускім Мазыром, дзе разьмешчаны нафтаперапрацоўчы завод, таксама практычна не загружаная з-за скарачэньня перапампоўкі нафты Расеяй”.

З Міхаілам Ганчаром пагаджаецца і іншы ўкраінскі аналітык, прэзыдэнт Кіеўскага міжнароднага энэргаклюбу Аляксандар Тадыйчук. Ён адзначае, што Менск пасьпяхова разьвівае ня толькі нафтаздабычу ў Вэнэсуэле, але і ў Іране. І што іранскія ўлады ўжо заявілі пра гатоўнасьць прадаваць Беларусі больш нафты за тую, якую яна ў іх здабывае. Тадыйчук перакананы, што "Ўкраіна можа быць ідэальным транзытэрам для іранскай нафты ў Беларусь, дастаткова кінуць беглы погляд на мапу".

Тадыйчук, аднак, папярэдзіў, што калі Кіеў сёньня ня возьмецца за рэалізацыю праектаў альтэрнатыўных маршрутаў транзыту нафты, то праз пару гадоў у выніку расейскай палітыкі можа наогул страціць сваё значэньне нафтатранспартнай краіны.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG