Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Замежнікі ў Беларусі атрымалі болей правоў


Ад сёньняшняга дня ўступіў у сілу Закон Рэспублікі Беларусь "Аб прававым становішчы замежных грамадзянаў і асобаў без грамадзянства ў Рэспубліцы Беларусь". У ім ёсьць істотныя зьмены, якія тычыцца атрыманьня беларускага грамадзянства, выхаду з грамадзянства непаўналетніх дзяцей.

У Беларусі пражывае і стаіць на ўліку звыш 130 тысяч замежных грамадзянаў. 62% зь іх — расейцы, 31% — украінцы.

Згодна з новай рэдакцыяй Закону павялічаны тэрмін знаходжаньня іншаземца ў Беларусі, цягам якога ён павінен зарэгістравацца. Выканаўца абавязкаў начальніка Дэпартамэнту грамадзянства і міграцыі МУС Мікалай Шэўчык тлумачыць:

Мікалай Шэўчык
"Калі раней замежнік павінен быў зарэгістравацца ў Рэспубліцы Беларусь цягам трох сутак, то цяпер — цягам 5 сутак, выключаючы выходныя і сьвяточныя дні".

У мэтах прыцягненьня замежных турыстаў спрашчаецца сама працэдура рэгістрацыі. Калі замежнікі вандруюць па ўсёй Беларусі, рэгістравацца ім дазволена адзін раз па месцы знаходжаньня турагенцтва; дазволена рэгістраваць замежнікаў у аграсядзібах, санаторыях, дамах адпачынку.

Згодна з новым законам, Беларусь ня будзе надаваць грамадзянства замежнікам, якія былі асуджаныя за зьдзяйсьненьне любых злачынстваў на яе тэрыторыі. Ня маюць права на беларускае грамадзянства асобы, якія ўчынілі тры і болей адміністрацыйныя правапарушэньні.

Ёсьць таксама зьмены, якія тычацца выхаду зь беларускага грамадзянства, тлумачыць намесьнік начальніка Дэпартамэнту грамадзянства і міграцыі МУС Валеры Шунтаў:

Валеры Шунтаў
"Калі раней непаўналетняе дзіця магло выйсьці з грамадзянства толькі пры ўмове адначасовага выхаду з грамадзянства Рэспублікі Беларусь бацькоў альбо аднаго з бацькоў, то цяпер яно мае такое права без умовы выхаду бацькоў зь беларускага грамадзянства. Іншымі словамі, бацькі могуць хадайнічаць аб выхадзе з грамадзянства свайго дзіцяці, застаючыся самі грамадзянамі Беларусі".

Што да правоў замежнікаў у Беларусі, падпалкоўнік Мікалай Шэўчык падкрэсьлівае:

"У Рэспубліцы Беларусь замежныя грамадзяне, якія тут пастаянна пражываюць, маюць аднолькавыя правы з грамадзянамі Рэспублікі Беларусь".

Раней замежнікі наракалі, што ў Беларусі парушаюцца іх правы ў гатэлях і музэях — цэны для беларусаў і замежнікаў былі рознымі, для іншаземцаў істотна даражэйшыя. Цяпер такія выпадкі — рэдкасьць, хіба што ў райцэнтрах. Тэлефаную ў гатэль "Нясьвіж", што ў горадзе Нясьвіжы:

Карэспандэнтка: "Кошты ў гатэлі для беларусаў і замежнікаў аднолькавыя?"

"Кошты аднолькавыя. Але з замежнікаў, калі гэта не грамадзяне Расеі, бярэцца збор 4200 рублёў".

Карэспандэнтка: "А за што?"

"Мясцовы збор з замежных грамадзянаў".

Што да парушэньняў замежнікамі беларускіх законаў, Мікалай Шэўчык прывёў такую статыстыку:

"Прыцягнута да адміністрацыйнай адказнасьці за першае паўгодзьдзе 7314 замежнікаў. 27% — грамадзяне Ўкраіны. Потым ідуць грамадзяне Расеі. Дэпартаваны 581 замежны грамадзянін. Зь іх пад канвоем — 230. Паводле крымінальнай статыстыкі, з усіх злачынстваў, якія расьсьледуюцца, толькі 1,5% зьдзейсьнена замежнымі грамадзянамі — 1181 злачынства. Зноў жа, пераважна гэта расейцы і ўкраінцы".

Згодна з новым законам, зараз фармуецца банк дадзеных замежнікаў, якім часова будзе абмежаваны выезд зь Беларусі. У сьпісе невыязных будуць тыя, хто судзімы, мае фінансавую запазычанасьць перад дзяржавай, злосныя няплатнікі алімэнтаў — гэтыя ўмовы тыя ж, як і ў невыязных грамадзянаў Беларусі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG