Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Скарына, Машэраў і Лукашэнка: Гістарычная памяць беларусаў у люстры апытаньняў


Гэтай тэме прысьвечаны артыкул Аляксея Ластоўскага, апублікаваны летась у выданьні Цэнтра Юрыя Лявады «Вестник общественного мнения», а сёлета перадрукаваны Інтэрнэт-рэсурсам Polit.ru У аснову працы пакладзеныя апытаньні, праведзеныя у 2008-2009 гадах Інстытутам сацыялёгіі НАН Беларусі і сацыялягічнай лябараторыяй Новак.

Розныя апытаньні дэманструюць, што сярод беларусаў пераважае думка, што карані беларускай дзяржаўнасьці палягаюць у далёкім мінулым – у часах Полацкага Княства і Вялікага Княства Літоўскага. Пры гэтым, калі асобы сталага веку больш схільныя бачыць гэтыя карані ў БССР, нават сярод іх адносная большасьць аддае перавагу больш старажытным утварэньням.

Розныя апытаньні дэманструюць, што сярод беларусаў пераважае думка, што карані беларускай дзяржаўнасьці палягаюць у далёкім мінулым – у часах Полацкага Княства і Вялікага Княства Літоўскага
Дасьледаваньні пацьвярджаюць, што для беларусаў галоўнай гістарычнай падзеяй зьяўляецца перамога ў Вялікай Айчыннай вайне. Пры гэтым, адзначае Аляксей Ластоўскі, гэтая вайна паўстае ў сьвядомасьці беларусаў як жахлівае выпрабаваньне, якое даказвае ня толькі права народа на існаваньне, але і на ўсеагульную павагу. Разам з тым беларускі вобраз вайны адрозьніваецца ад савецкага. У беларускім адзначаецца велізарная колькасьць ахвяраў, у ім асаблівую ролю адыгрывае партызанскі міт.

“Паступова сыходзіць у мінулае “савецкі народ як пераможца фашызму” і яго месцы займае беларускі народ” – піша Аляксей Ластоўскі. – Можна пагадзіцца, што гістарычная памяць аб Вялікай Айчыннай вайне зьяўляецца ключавой для фармаваньня беларускай нацыянальнай ідэнтычнасьці”.

Аднак сярод іншых гістарычных падзеяў найбольш яркія падставы ганарыцца краінай беларусы знаходзяць у найноўшай гісторыі – гэта здабыцьцё незалежнасьці, якое па значнасьці саступае толькі перамозе ў Вялікай Айчыннай вайне, гэта спартовыя дасягненьні, будаўніцтва Нацыянальнай бібліятэкі і лядовых палацаў.

У цэлым станоўча ацэньваюць беларусы ролю ў гісторыі краіны Аляксандра Лукашэнкі – гэтак гэтую ролю ацэньваюць 58%, адмоўна –8%, супярэчлівай яна бачыцца чвэрці апытаных.

Калі казаць пра гістарычныя постаці, то найбольш станоўча беларусы ацэньваюць асьветнікаў Францішка Скарыну і Эўфрасіньню Полацкую, высокія пазыцыі займае таксама Кастусь Каліноўскі, які разглядаўся станоўча і ў савецкія часы. Аднак ацэнкі полацкага князя Ўсяслава Чарадзея і князя Вітаўта таксама станоўчыя, прычым колькасьць станоўчых ацэнак значна большая сярод моладзі
Цікава адзначыць, што акрамя перамогі ў вайне іншыя падзеі савецкага пэрыяду беларусы ацэньваюць даволі стрымана. Напрыклад, абсалютна малазначнай зьяўляецца Кастрычніцкая рэвалюцыя. Цікава, што нават агульнасаюзныя падзеі ўспрымаюцца ў беларускай афарбоўцы – пры згадцы пра асваеньне космасу прыгадваецца не Гагарын, а Клімук і Кавалёнак.

“Гісторыя 1917-1991 гадоў у масавай сьвядомасьці беларусаў успрымаецца ня як мінулае савецкага народу, а як мінулае беларускага народу ў савецкай дзяржаве”, – адзначае аўтар. Разам з тым у цэлым адмоўна, асабліва старэйшым пакаленьнем, успрымаецца распад Савецкага Саюзу.

Паводле апытаньняў сярод лідэраў савецкай эпохі адназначна пазытыўна ацэньваецца толькі фігура Пятра Машэрава, што зноў жа сьведчыць пра беларускі кантэкст. Аднак ацэнкі даволі моцна залежаць ад узросту, сярод старэйшага пакаленьня яго станоўча ацэньваюць тры чвэрці апытаных, сярод моладзі – каля 40%.

Разам з тым памяць аб савецкім мінулым утрымлівае некалькі балесных кропак: Чарнобыль, вайна ў Аўганістане, сталінскія рэпрэсіі і калектывізацыя.

Калі казаць пра гістарычныя постаці, то найбольш станоўча беларусы ацэньваюць асьветнікаў Францішка Скарыну і Эўфрасіньню Полацкую, высокія пазыцыі займае таксама Кастусь Каліноўскі, які разглядаўся станоўча і ў савецкія часы. Аднак ацэнкі полацкага князя Ўсяслава Чарадзея і князя Вітаўта таксама станоўчыя, прычым колькасьць станоўчых ацэнак значна большая сярод моладзі. Аўтар артыкулу адзначае, што гэтыя пэрсанажы адсутнічалі ў савецкіх падручніках гісторыі, таму залежнасьць у іх ацэнках ад узросту цалкам зразумелая.

Аляксей Ластоўскі мяркуе, што ня гледзячы на слабую актуалізаванасьць уяўленьняў пра мінулае Беларусі дасавецкага пэрыяду, менавіта гэты пэрыяд мае найбольшы патэнцыял для ўмацаваньня нацыянальнай ідэнтычнасьці.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG