Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ад 2011 году ў Беларусі пачне дзейнічаць спрошчанае падатковае заканадаўства. На восеньскай сэсіі Палата прадстаўнікоў мае ўхваліць асаблівую частку Падатковага кодэксу, якім будзе рэгулявацца ўся палітыка дзяржавы ў гэтай галіне. Ці прынясе гэта чаканую лібэралізацыю?

Паводле складанасьці падаткаабкладаньня Беларусь у рэйтынгу Ўсясьветнага банку — на 183 месцы. Улады запэўніваюць, што захады, якія будуць зробленыя неўзабаве, радыкальна зьменяць гэты стан рэчаў. Начальнік галоўнага ўпраўленьня падатковай палітыкі Міністэрства фінансаў Дзьмітрый Кійко кажа: на парадку дня — максымальнае спрашчэньне падатковай нагрузкі, набліжэньне палітыкі ў гэтай сфэры да ўзору разьвітых краінаў. Будзе скасаваны шэраг спэцыфічных плацяжоў, што прывядзе да зьніжэньня падатковай стаўкі, мяркуецца рэалізаваць пераход са штомесячнай і нават штотыднёвай сплаты падаткаў на штоквартальную, укараняецца электроннае дэкляраваньне:
мінімум падаткаў паводле складу і колькасьці, невялікія стаўкі падаткаў, зразумелыя мэханізмы іх спагнаньня ...

"Мэтавая ўстаноўка — падатковая сыстэма, адпаведная стандартам разьвітых краінаў. То бок — мінімум падаткаў паводле складу і колькасьці, невялікія стаўкі падаткаў, зразумелыя мэханізмы іх спагнаньня. З рэалізацыяй гэтых прынцыпаў, перадусім за кошт спрашчэньня падатковага заканадаўства, адбудзецца зьмяншэньне выпадкаў яго парушэньня. Тое, што і прыводзіцца як прыклад заходніх краінаў — нізкія працэнты парушэньня як сьледзтва дзеяньня зразумелай і простай падатковай сыстэмы. І мы штогод, з улікам дасягнутага ўзроўню дзяржаўных выдаткаў, да гэтага ідзем. То бок мы касуем некаторыя падаткі, зьніжаем стаўкі. У гэтым кірунку таксама будзе адбывацца скарачэньне колькасьці правапарушэньняў".

Адзін зь лідэраў прадпрымальніцкага руху Ігар Леднік кажа, што некаторыя захады распрацоўнікаў Падатковага кодэксу выглядаюць недапрацаванымі і ствараюць больш праблемаў, чым зручнасьцяў. Так, адсутнасьць адзінага стандарту ў справе электроннага дэкляраваньня прыводзіць да таго, што кожны раз трэба прыстасоўвацца да патрабаваньняў нейкай дзяржаўнай установы. І ўсё ж — ці можна гаварыць пры асобных мінусах пра агульную лібэралізацыю ў падатковай галіне?

Ігар Леднік
"Іх жыцьцё прымушае гэтую лібэралізацыю праводзіць, бо яны самі бачаць: праблемы будуць толькі нарастаць. І тут справа ня столькі ў саміх падатках, колькі ў тым, як ідзе адміністраваньне падаткаў. Усясьветны банк у першую чаргу глядзіць на гэты паказьнік, калі прысуджае краіне нейкае месца. Але зараз мы абураныя тым, што ня ў нашых інтарэсах уводзіцца электроннае дэкляраваньне пры падаткаабкладаньні. У дзяржаве няма адзіных стандартаў сэртыфікатаў так званага электроннага ключа, і кожнае міністэрства, ведамства ўводзіць свае прынцыпы. Атрымліваецца, што прадпрымальнік павінен мець цэлую "зьвязку" гэтых ключоў, што, як мы канстатуем, ёсьць парушэньнем правоў уласнасьці. Павінен быць, як на Захадзе, адзін ключ, зь якім ты фармуеш адносіны і са сваімі партнэрамі, і зь дзяржаўнымі органамі. І па-другое, гэта парушэньне правоў падаткаплатнікаў, якія ўсё гэта фінансуюць. Разам з электронным дэкляраваньнем — традыцыйныя пытаньні штрафаў, праверак, найманых асобаў для ІП. Гэта для нас таксама балюча".

Прадстаўнік Міністэрства фінансаў Дзьмітрый Кійко абяцае зьніжэньне і фіскальнага прэсінгу. Неадэкватныя штрафныя санкцыі, якія даводзілася выплачваць прадпрымальнікам нават за самыя нязначныя парушэньні, выклікалі законнае абурэньне з боку як юрыдычных, так і фізычных асобаў. Да таго ж дзяржаўныя кантралёры пакідалі за сабой аднаасобнае права наладжваць рэйды згодна з уласным разуменьнем сытуацыі:
ля законапаслухмяных платнікаў — праверкі раз на 5 гадоў ...

"Што тычыцца кантролю, у нас гэтая праца выдзеленая ў асобны блёк. Прыняты 510-ы ўказ, які прадугледжвае ўпарадкаваньне кантрольнай дзейнасьці на ўзор разьвітых краінаў. Платніку на падставе пэўных фактараў прысвойваецца статус надзейнасьці, ягонай законапаслухмянасьці, і паводле прысвоенага статусу будзе ладзіцца правядзеньне праверак яго гаспадарчай дзейнасьці. Для законапаслухмяных платнікаў — раз на 5 гадоў. Адпаведна, са зьніжэньнем статусу колькасьць праверак будзе пачашчацца. Гэта агульнапрыняты падыход, ён зараз актыўна аналізуецца. Безумоўна, будзе праводзіцца карэктаваньне ў мэтах зьніжэньня ўмяшаньня органаў кантролю ў дзейнасьць суб'ектаў. Таму што ўрадам разглядаецца кірунак вызваленьня бізнэсу ад лішняга адміністратыўнага спагнаньня як адзін з фактараў эканамічнага разьвіцьця, лібэралізацыі эканомікі".

Паказальна, што пры абяцаным зьніжэньні падатковага цяжару стаўкі акцызаў на алькагольную і тытунёвую прадукцыю, наадварот, будуць расьці. У рамках дзяржаўнай палітыкі на барацьбу са шкоднымі звычкамі акцыз на алькаголь ад верасьня плянуецца падвысіць на 10, а на тытунь — на 20%.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG