Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дэпутаты Палаты прадстаўнікоў 7 верасьня зьбяруцца на пазачарговую сэсію. Адпаведны ўказ за № 364 падпісаў Аляксандар Лукашэнка. Афіцыйна паведамляецца, што дэпутаты абмяркуюць фінансавыя пытаньні, у тым ліку праект бюджэту краіны на 2011 год. Але шмат хто з аналітыкаў не выключае, што менавіта 7 верасьня Палата прадстаўнікоў назаве і дату правядзеньня чарговых прэзыдэнцкіх выбараў.

Дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, згодна з дзейным заканадаўствам, самі ня могуць прызначыць пазачарговую сэсію. Таму яны вымушаныя зьвярнуцца па дазвол да кіраўніка дзяржавы.

Неабходнасьць правядзеньня пазаплянавай сэсіі старшыня камісіі дзяржаўнага будаўніцтва, мясцовага самакіраваньня і рэглямэнту Васіль Байкоў зьвязвае з задачамі, якія кіраўнік дзяржавы паставіў у Пасланьні беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу. Вырашыць іх немагчыма без прыняцьця шэрагу законаў, падкрэсьлівае спадар Байкоў:

"Неабходна ўлічваць патрабаваньні кіраўніка дзяржавы пра тое, што нарматыўна-прававыя акты, асабліва ў галіне эканомікі, павінны пачынаць дзейнічаць не раней як за тры месяцы з моманту іх падпісаньня. Таму разгляд і прыняцьце на пазачарговай сэсіі шэрагу законаў дазволіць ня толькі ўлічыць патрабаваньні прэзыдэнта, але і дасьць магчымасьць арганізацыям і грамадзянам дэталёва вывучыць зьмяненьні заканадаўства і падрыхтавацца да працы ў новых умовах".

Чатыры пытаньні парадку дня пазачарговай сэсіі і сапраўды тычацца фінансаў і эканомікі. Гэта — праекты рэспубліканскага бюджэту і бюджэту Фонду сацыяльнай абароны на 2011 год, зьмяненьні ў Падатковы і Бюджэтны кодэксы. А вось пятае сфармулявана так: "Іншыя пытаньні (пры неабходнасьці)". Гэты пункт і дае аналітыкам падставу меркаваць, што якраз на гэтай сэсіі будзе прызначана і дата чарговых прэзыдэнцкіх выбараў.

Сакратар ЦВК Мікалай Лазавік у размове са "Свабодай" сказаў, што на сёньняшні дзень ніякіх навінаў пра тэрмін правядзеньня выбараў няма:

Мікалай Лазавік
"Адзінае, на што цяпер мы можам спасылацца, гэта заява самога кіраўніка дзяржавы пра тое, што выбары адбудуцца на пачатку наступнага году. Ён двойчы паўтараў гэтае сваё выказваньне. Але заканадаўства дазваляе правесьці выбары і раней. Канкрэтную дату выбараў вызначае Палата прадстаўнікоў. І калі дэпутаты зьбяруцца на пазачарговую сэсію, то, магчыма, і гэтае пытаньне будзе пастаўлена на парадак дня. А магчыма — і не".

Па-ранейшаму застаецца дакладнай дата, пазьней за якую выбары праводзіць нельга — 6 лютага 2011 году.

Старшыня Цэнтравыбаркаму Лідзія Ярмошына цяпер у адпачынку. Паводле слоў яе блізкіх, яна цяпер у расейскім Калінінградзе. Сёлета спаўняецца 35 гадоў, як спадарыня Ярмошына скончыла навучаньне на юрыдычным факультэце тамтэйшага ўнівэрсытэту. Так і зьявілася ў яе падстава пабачыцца зь сябрамі, — кажуць родныя старшыні ЦВК.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG