Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Новы закон для замежнікаў


"З 21 ліпеня ў Беларусі ўступае ў сілу новы Закон" Аб прававым становішчы замежных грамадзянаў і асоб без грамадзянства", які прадугледжвае павелічэньне тэрміну знаходжаньня замежнікаў на тэрыторыі краіны без рэгістрацыі з 3 да 5 працоўных дзён", - паведамілі агенцтву Інтэрфаксу ў міліцыі Менску.

Новы закон захавае ранейшы тэрмін кароткатэрміновага побыту iншаземца на працягу 90 дзён. Таксама ўводзіцца паняцьце каляндарнага году – "гэта значыць, што іншаземец можа знаходзіцца на тэрыторыі Беларусі і атрымаць дазвол на часовае або пастаяннае жыхарства на працягу 90 сутак, з 1 студзеня па 31 сьнежня гэтага года".

"Іншаземец проста дэкляруе месца свайго жыхарства, а ўпаўнаважаны орган яго па гэтым месцы жыхарства рэгіструе. Але для асобаў, якія наведваюць Беларусь у мэтах турызму і якія маюць некалькі месцаў для пражываньня – вандруючы (…) усталяваная працэдура рэгістрацыі па першаму месцы знаходжаньня", - паведамілі ў ГУЎС.

Дазвол на часовае пражываньне выдаецца iншаземцам, калі яны зьяўляюцца мужам і жонкай, блізкімі сваякамі грамадзянаў Беларусі.

"Паводле новага закону, дазвол на сталае пражываньне замежніка не выдаецца, калі маюцца дакумэнты або зьвесткі, якія пацьвярджаюць, што шлюб з грамадзянінам Беларусі альбо іншаземцам, якія пастаянна пражываюць у краіне, заключаны замежнікам выключна з мэтай атрыманьня дазволу на сталае пражываньне", - адзначылі ў ГУЎС Менску.

***

У краінах-суседках Беларусі замежнікі не павінны рэгістравацца для кароткатэрміновага побыту ў Літве і Латвіі. Але калі замежнік хоча застацца ў гэтых краінах даўжэй, чым на 90 дзён, дык мусіць прайсьці рэгістрацыю (у Літве — у мясцовай управе самакіраваньня; у Латвіі — ва ўправе па справах грамадзянства і міграцыі).

Замежнік, які прыяжджае ва Ўкраіну на тэрмін карацейшы чым 90 дзён, рэгіструецца на мяжы, упісваючы меркаваны час і адрас свайго побыту ў гэтак званую рэгістрацыйную карту. Замежнік абавязаны мець гэтую карту з сабою падчас свайго знаходжаньня ва Ўкраіне і вярнуць яе памежным уладам пры выезьдзе.

У Польшчы замежнікі абавязаныя зарэгістраваць свой кароткатэрміновы побыт (да 90 дзён) ва ўправе мясцовага самакіраваньня (управе гораду або гміны), адпаведнай месцу пражываньня, на працягу чатырох працоўных дзён з часу перасячэньня польскай мяжы.

У Расеі замежнікі павінны рэгістраваць свой кароткатэрміновы побыт на працягу трох працоўных дзён з часу перасячэньня расейскай мяжы, на якой яны атрымліваюць дзеля гэтай рэгістрацыі так званую міграцыйную карту.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG