Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Алесь Бяляцкі стаў ганаровым генуэзцам


Алесь Бяляцкі
Алесь Бяляцкі
Муніцыпалітэт гораду Генуя надаў старшыні Праваабарончага цэнтру "Вясна" Алесю Бяляцкаму ганаровае грамадзянства.

Італьянская грамадзкасьць такім чынам выказала сваю занепакоенасьць сытуацыяй з правамі чалавека ў Беларусі, у прыватнасьці, наяўнасьцю сьмяротнага пакараньня, абмежаваньнем свабоды СМІ, грамадзянскіх і палітычных правоў, і падтрымку беларускім праваабаронцам, – паведамляе сайт праваабарончага цэнтру “Вясна”.

Ганаровае пасведчанне беларускаму праваабаронцу ўручыла мэр Генуі Марта Вінцэнзі (Marta Vincenzi). На цырымоніі ўганараваньня, якая праходзіла 15 ліпеня ў Палацы Турсі, прысутнічала грамадзкасьць Генуі, дэпутаты італьянскага парлямэнту, журналісты, моладзь.

Алесь Бяляцкі зазначае, што для яго гэтае ганаровае званьне – знак падтрымкі як незарэгістраванага ПЦ “Вясна”, так і ўсіх беларускіх праваабаронцаў і змагароў за дэмакратыю ў краіне.

Ганаровае грамадзянства Генуі надаецца аднаму чалавеку на год. Гэтага статусу ў розныя гады ўдастойваліся такія вядомыя ў сьвеце асобы, як экс-прэзыдэнт Польшчы, ляўрэат Нобэлеўскай прэміі сьвету Лех Валэнса (1990), экс-прэзыдэнт СССР Міхаіл Гарбачоў (1996), двойчы прэм’ер-міністар, прэзыдэнт Ізраілю, ляўрэат Нобэлеўскай прэміі сьвету Шымон Пэрэс (1998).
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG