Лінкі ўнівэрсальнага доступу

The Washington Post: Амэрыка перастрахавалася і перасакрэцілася


Газэта The Washington Post апублікавала артыкул, зь якога вынікае, што ЗША збудавалі настолькі велізарную і грувасткую сыстэму збору выведвальнай інфармацыі, якую ніхто ня ў змозе ўзяць на правільны ўлік і скарыстаць належным чынам для нацыянальнай бясьпекі.

Досьлед пад назвай "Top Secret America" журналісты The Washington Post праводзілі цягам двух апошніх гадоў, а першы артыкул з заплянаванай сэрыі, якая прадставіць вынікі гэтага досьледу, напісалі Дана Прыст і Ўільям Аркін.

Паводле The Washington Post, пасьля тэрарыстычных атакаў на ЗША 11 верасьня 2001 году амэрыканскі ўрад збудаваў у краіне "сьвет надзвычайнай сакрэтнасьці" (top secret world), мэта якога — зьбіраць і аналізаваць інфармацыю аб пагрозах нацыянальнай бясьпецы ЗША ды выпрацоўваць рэкамэндацыі па супрацьдзеяньні гэтай пагрозе.

Аўтары артыкулу пішуць, што на сёньняшні дзень у гэтым "сьвеце надзвычайнай сакрэтнасьці" працуе 854 тысячы людзей, якія маюць доступ да дакумэнтаў з грыфам "надзвычайна сакрэтна". Паводле газэты, у краіне прыблізна 1300 урадавых арганізацый і 2000 прыватных кампаній займаюцца працай, якая мае адносіны да змаганьня з тэрарызмам, пытаньняў унутранай бясьпекі і выведвальнай дзейнасьці. Гэтыя арганізацыі і кампаніі ды іхнія філіялы маюць бюро і прадстаўніцтвы ў 10 тысячах мясцовасьцяў.

"Складанасьць гэтай сыстэмы не паддаецца апісаньню, — The Washington Post цытуе адстаўнога генэрал-лейтэнанта Джона Вайнса, які дапамагаў журналістам разабрацца ў сакрэтных праграмах Дэпартамэнту абароны ЗША. — Паколькі ў гэтай сыстэме няма сынхранізацыі, яе непазьбежным наступствам зьяўляюцца супярэчлівыя паведамленьні, абмежаваная эфэктыўнасьць і марнатраўства сродкаў. У выніку — немагчыма насамрэч ацаніць, ці сыстэма дае нам большую бясьпеку."

Сакратар Дэпартамэнту абароны ЗША Робэрт Гейтс прызнаў, што газэта мае рацыю ў тым, што разгалінаванасьць сыстэмы збору сакрэтнай інфармацыі можа даваць у некаторых выпадках большую блытаніну, чым большую бясьпеку.

"Пасьля 11 верасьня адбыўся такі вялікі рост, што ахапіць усё гэта — ня толькі дырэктару Нацыянальнай выведкі, але і кожнаму іншаму, дырэктару ЦРУ або сакратару абароны — зьяўляецца сапраўдным выклікам," — сказаў Гейтс.

У інтэрвію нашаму радыё Дана Прыст выказала спадзяваньне, што публікацыя досьледу ў The Washington Post, разам з эканамічным крызысам і бюджэтным дэфіцытам у ЗША, могуць давесьці да рэформы сыстэму збору сакрэтнай інфармацыі ў бок яе зьмяншэньня і большай эфэктыўнасьці ды кіравальнасьці.
XS
SM
MD
LG