Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У бліжэйшыя дні ў Беларусі чакаецца новая хваля анамальна гарачага надвор'я. Як яе пераадолець на працоўным месцы?

Санітарныя нормы прадугледжваюць, колькі можна знаходзіцца на працоўных месцах пры тэмпэратуры паветра, вышэйшай за дапушчальныя нормы. Да прыкладу, пры сядзячай працы зь невялікімі нагрузкамі (паводле дакумэнту, гэта працаўнікі катэгорый 1а і 1б) поўны 8-гадзінны працоўны дзень магчымы толькі тады, калі ў памяшканьні ня больш як 28 градусаў цяпла. Пры падвышэньні тэмпэратуры ўжо на палову градуса працоўны дзень павінны скараціць на гадзіну. Пры тэмпэратуры ў 30 градусаў працаваць можна ня больш за пяць гадзін. Аднак для таго, каб зафіксаваць перавышэньне тэмпэратуры, санітарныя службы павінны правесьці па пісьмовай просьбе адпаведныя замеры. Далей яны даюць рэкамэндацыі адміністрацыі прадпрыемства, і наймальнік павінен прыняць рашэньне, тлумачыць прадстаўнік Рэспубліканскага цэнтру гігіены Аляксандар Ракевіч.

"Перанось працоўны час, рабі большыя перапынкі, праветрывай, стаў кандыцыянэр, забясьпеч пітной вадой і так далей. Карацей, гэта рэкамэндацыі. Гэта анамальная сытуацыя, і да яе трэба быць гатовымі".

Прадстаўніца Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларусі паведаміла, што шэраг наймальнікаў у краіне скарацілі ў сьпёку працоўны дзень на гадзіну.

"Прайшла інфармацыя па Расеі, што ў зьвязку са сьпёкай наймальнікі там скарацілі працоўны дзень працаўнікам прадпрыемстваў. Рэзананс пайшоў і ў нас. Я ведаю, што шэраг прадпрыемстваў скарацілі на гадзіну працоўны дзень".

Паводле намесьніка галоўнага санітарнага лекара Менску Віктара Чалнова, скаргі паступалі з мэблевых крамаў і гандлёвых цэнтраў. Заняцца гэтым пытаньнем могуць і прафсаюзы. Намесьнік старшыні прафкаму Менскага мэханічнага заводу імя Вавілава Мікалай Бакунчык апавёў, як на прадпрыемстве вырашана гэтая праблема:

"Мы гэтую праблему вырашылі. Тэмпэратура ёсьць тэмпэратура. Кандыцыянэры мы не паставім у кожным кабінэце, у кожным падразьдзяленьні. Павялічылі колькасьць рэглямэнтаваных перапынкаў. Недзе мінэральнай вадзічкі падвозім. Калі некаму цяжкавата, кіраўнік падразьдзяленьня адпускае".

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG