Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мастак Купава распрадае творы, каб разьлічыцца за Грунвальд


Вялікую частку імпрэзаў у Беларусі з нагоды 600-годзьдзя Грунвальдзкай бітвы арганізавала грамадзкасьць. Быў створаны і актыўна дзейнічаў Нацыянальны аргкамітэт па сьвяткаваньні юбілею Грунвальду. Аднак не знайшлося ахвотных дапамагчы аплаціць гэтую дзейнасьць. Цяпер сустаршыня камітэту мастак Мікола Купава вымушаны распрадаваць свае творы, каб разьлічыцца.

Сустаршыня аргкамітэту па сьвяткаваньні 600-годзьдзя Грунвальдзкай перамогі мастак Мікола Купава зьвяртае ўвагу, што прадстаўнікі дзяржавы фактычна праігнаравалі 600-я ўгодкі Грунвальду, абмежаваўшыся арганізацыяй фэсту сярэднявечнай культуры ў Наваградку. У Польшчу на сьвяткаваньні ніхто зь беларускіх афіцыйных асобаў не паехаў.

"З нашай тэрыторыі было да 30 харугваў. Хто езьдзіў туды, хто прадстаўляў Беларусь? Ці быў там міністар ці які іншы прадстаўнік? Ніхто не прадстаўляў гэты народ. Ні дзяржавы, ні мэцэнатаў няма. Мала таго, што дзяржава ніяк не далучылася, дык ніякія прыватныя камэрсанты не пачулі. Там жа вялізная колькасьць розных прадпрыемстваў і прадпрымальнікаў былі фундатарамі гэтага сьвята. Там іх рэкляма і шчыты стаялі. А тут жа ніхто не асьмеліўся, толькі мастакі. Невялікія ахвяраваньні паступілі ад пары грамадзкіх арганізацый, каб хаця б мінімальна разабрацца з артыстамі ды рыцарамі. Нікому гэта ня трэба".

Беларуская грамадзкасьць зладзіла на энтузіязьме і за ўласныя грошы тэатралізаванае відовішча ў Траецкім прадмесьці, дзьве мастацкія выставы, арганізавала паездку ў Польшчу, кажа Мікола Купава:

"Я яшчэ вінен 1500 даляраў, каб разьлічыцца за ўсё. Я прадаю свае творы, каб гэтую сытуацыю закрыць".


Карэспандэнтка: "Асноўныя выдаткі — гэта што было?"

"Гэта харугвы. Мне трэба мастачцы, якая шыла гэтыя харугвы, заплаціць 600 даляраў. Гэта матэрыялы і праца. Яна, дарэчы, вельмі адказна паставілася, па маіх эскізах зрабіла працу на вельмі высокім узроўні. Вы бачылі, напэўна, вялікія плякаты на будынку музэю Багдановіча. І аўтобус — 110 даляраў. З рыцарамі мне яшчэ трэба разабрацца, я ня ўсім заплаціў..."

І цяпер, каб разьлічыцца, мастак Мікола Купава выстаўляе на продаж свае працы — "Вільня. Замак", "Вечар у Ляўках", "Менск. Верхні горад", а таксама партрэты Янкі Купалы, Якуба Коласа, Алаізы Пашкевіч, Францішка Багушэвіча, іншыя творы.

Чаму беларусы кепска шануюць сваю гісторыю, не адзначаюць годным чынам гістарычныя падзеі, перамогі? Філёзаф Алесь Анціпенка тлумачыць гэта так:


"Беларусы ў новыя часы фармаваліся як вясковая нацыя. Вясковая нацыя, паводле азначэньня, ня мае гісторыі. Альбо яна мае, але ня ведае сваёй гісторыі. Адно з істотных вымярэньняў нацыі — гістарычная памяць. Гэта проста працэс, таму я б ня стаў драматызаваць. Другая прычына — якасьць нашых элітаў. Тут можна казаць пра афіцыйныя і неафіцыйныя эліты. Гэта пытаньне часу. Пройдзе 10—15 гадоў — а працэс зараз ідзе ў правільным кірунку — і будзе ў беларусаў і Грунвальдзкая бітва, і перамога пад Воршай. На першым месцы будуць выбітныя культурніцкія і інтэлектуальныя постаці".

У літаратара і выдаўца Адама Глобуса я запыталася: ці азначае такое стаўленьне да гістарычнай падзеі, што беларусы абыякавыя да сваёй гісторыі?

"А чаму гэта абыякавыя? Вельмі нават неабыякавыя. А беларусы ўвогуле не любілі ваяваць. Не было ў іх такой рысы — ваяваць у адкрытую. І тут гэта праявілася вельмі дакладна. Мы там, дзе сьпяваць, на дудачках граць, казкі расказваць — тут мы першыя... Ілгаць, хавацца ў партызанах... А калі ваяваць — дык гэта такая партызаншчына. Гэта вельмі паказальна, на мой погляд. Калі мы сьвяткуем нейкія перамогі, гэта выглядае вельмі штучна і напружвае".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG