Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ратавальнікі Міністэрства надзвычайных сытуацый прадухілілі шэраг надзвычайных здарэньняў, выкліканых сьпякотным надвор'ем у Беларусі. Пра гэта паведаміў міністар Энвэр Барыеў з нагоды Дня пажарнай службы, які адзначаецца 25 ліпеня.

З усіх надзвычайных здарэньняў найбольш небясьпечнае адбылося на нафтаперапрацоўчым заводзе ў Мазыры. Трагедыі перашкодзіла прафэсійная праца ратавальнікаў МНС, паведаміў Энвэр Барыеў:

"Такі красамоўны выпадак адбыўся на мінулым тыдні на Мазырскім НПЗ: у выніку патрапляньня маланкі ў рэзэрвуар аб'ёмам 10 тысяч кубічных мэтраў гэты рэзэрвуар загарэўся. А пажар парку нафтапрадуктаў — праблема ўсяго сьвету з гледзішча тушэньня, і сёньня не існуе тэхналёгій, якія вырашаюць гэтую праблему. Тым ня менш, з дапамогай ратавальнікаў, гэты пажар цягам 30 хвілін быў ліквідаваны".

Таксама на мінулым тыдні з-за сьпякоты здарыўся збой у працы шэрагу падстанцый на Гомельшчыне. У выніку без электрычнасьці заставаліся жылыя дамы і прадпрыемствы, у тым ліку шпіталі, кажа Энвэр Барыеў:

"Тэхніка не вытрымлівае высокіх тэмпэратур. Да прыкладу, была сытуацыя, калі была адключаная электрычнасьць у аддзяленьнях, дзе перабояў з падачай электрычнасьці быць не павінна. Але ў нас ёсьць пераносныя генэратары, і мы падавалі электрычнасьць на некаторы час, пакуль была адноўлена крыніца асноўнага паступленьня".

Як паведаміў Энвер Барыэў, Міністэрства надзвычайных сытуацый дапамагае прадпрыемствам сельскай гаспадаркі падчас жніва, у тым ліку кадрамі: некаторыя ратавальнікі бяруць адпачынкі і на гэты час перакваліфікоўваюцца ў камбайнэраў. МНС таксама патрулюе вэрталётамі лясы і тарфянікі, а яшчэ заклікае грамадзян быць асьцярожнымі на прыродзе з агнём:

"Пры цяперашніх умовах надвор'я ня варта наведваць лясы, распальваць агонь, асабліва на тарфяніках. У нас 20% тэрыторыі — тарфянікі, і ні МНС, ні Міністэрства прыродных рэсурсаў ня ў стане вырашыць гэтую праблему без удзелу кожнага чалавека і ўсяго грамадзтва".
XS
SM
MD
LG