Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прапануем вашай увазе пераклад фрагмэнтаў артыкулу Эвэна Пэрэса "Spy for Cuba gets life" зь сёньняшняга выданьня The Wall Street Journal.

Былы аналітык Дзярждэпартамэнту і прывілеяваны праўнук вынаходніка тэлефона Аляксандра Грэма Бэла, які стаў кубінскім шпіёнам, апраўдваўся ў пятніцу 16 ліпеня за дзесяцігодзьдзі сваёй працы на Фідэля Кастра перад тым, як атрымаць пажыцьцёвае зьняволеньне.

73-гадовы Ўолтэр Кэндал Маерс і ягоная 72-гадовая жонка Гвэндалін прызналіся, што яны амаль 30 гадоў перадавалі сакрэтную інфармацыю кубінскай выведцы.

Маерс прызнаўся ў судзе ў шпіянажы і махлярстве з выкарыстаньнем электронных сродкаў.

Спадарыню Маерс прысудзілі да 81 месяца турмы пасьля таго, як яна прызналася ва ўдзеле ў змове з мэтай зьбіраць і перадаваць інфармацыю датычную нацыянальнай абароны. Яна, хутчэй за ўсё, пасядзіць чатыры з паловай гады.

Захапляліся камунізмам на бясьпечнай адлегласьці

Пракурор Гордан Гарві назваў пару "здраднікамі". Калі яны так моцна любілі кубінскі народ, сказаў Гарві, дык чаму ж спадар Маерс не раздаў свайго багацьця бедным у той краіне? Яны захапляліся рэвалюцыяй Кастра, але не пераехалі на Кубу, бо толькі хацелі захапляцца рэвалюцыяй "зь бясьпечнай адлегласьці", сказаў пракурор.

Выпадак гэтай пары, які ўсплыў сьледам за выкрыцьцём сеткі расейскіх шпіёнаў, узмацняе цьверджаньні контравыведнікаў, што замежныя шпіёны працягваюць дзейнічаць у ЗША, нягледзячы на тое, што "халодная вайна" ўжо даўно закончылася.

Паводле прызнаньняў пары, спадар Маерс і ягоная жонка, якія мелі кодавыя мянушкі “Агент 202” і “Агент 123”, былі завэрбаваныя кубінскай выведкай пад канец 1970-х гадоў, калі "халодная вайна" ўсё яшчэ была вельмі напружаная.

Дапамагалі абараніць рэвалюцыю

Паводле сьледчых Фэдэральнага бюро расьсьледаваньняў (ФБР), спадар Маерс пайшоў працаваць і шпіёніць у Дзярждэпартамэнт, дзе атрымаў доступ да дакумэнтаў з грыфам "надзвычайна сакрэтна". (...)

ФБР не агучыла, якую канкрэтна інфармацыю Маерс перадаваў кубінцам. Але пракуратура адзначыла ў матэрыялах справы, што кубінская выведка праславілася тым, што перапрадавала інфармацыю іншым краінам, уключна з Расеяй і Кітаем, ды такім групам як Ірляндзкая рэспубліканская армія.

Перад сваім арыштам у 2009 годзе пара высылала зашыфраваныя паведамленьні кароткахвалёвым перадатчыкам і перадавала інфармацыю падчас замены вазкоў у адным з вашынгтонскіх супэрмаркетаў, а таксама падчас падарожжаў у Трынідад, Бразылію ды іншыя месцы. (...)

"Мы рабілі гэта на працягу 30 гадоў дзеля сваіх ідэалаў і перакананьняў", — сказаў Маерс перад судом. Яны не кіраваліся "антыамэрыканізмам", дадаў ён, іхнай мэтай было хутчэй "дапамагчы кубінскаму народу абараніць сваю рэвалюцыю". (...)

Непралетарскае паходжаньне

Спадар Маерс вырас у багатай сям’і як нашчадак Аляксандра Грэма Бэла і ўнук Гілбэрта Гросвэнара, першага выдаўца часопісу "National Geographic".

Ён вучыўся ў прыватнай школе з інтэрнатам і ў рэспэктабэльным Унівэрсытэце Браўна. Ад першага шлюбу ў яго засталося двое дзяцей. Спадарыня Маерс нарадзілася ў Су Сіці ў штаце Аява і выхавала чацьвёра дзяцей у Паўднёвай Дакоце перад тым, як выйсьці замуж за спадара Маерса.

Судзьдзя Рэгі Ўолтан адзначыў гэтае сямейнае паходжаньне спадара Маерса і супаставіў яго зь лёсам сваёй уласнай сям’і, якая пачынала свой амэрыканскі шлях у рабстве.

Судзьдзя сказаў, што ў яго "выклікае неўразуменьне" цьверджаньне спадара Маерса аб ягонай дапамозе кубінскаму народу, калі ўзяць пад увагу, як кубінскі рэжым ставіцца да правоў чалавека. Уолтан дадаў, што, нягледзячы на дасьведчаньні ягоных продкаў у Амэрыцы, "Амэрыка не зьяўляецца такім д’яблам, як вам можа падавацца".

Пасьля адчытаньня сваіх заяваў перад судом, пара вярнулася на месца для падсудных, усьміхаючыся сваім дзецям, якія сядзелі ў першым радзе крэслаў для назіральнікаў. Сямейнікі выціралі сьлёзы.

Зачараваныя Фідэлем

Пара па сутнасьці закончыла свой шпіёнскі занятак у 2007 годзе, калі спадар Маерс выйшаў зь Дзярждэпартамэнту на пэнсію, баючыся, што іх могуць выкрыць.

Але тайны агент ФБР, прыкінуўшыся новым кубінскім куратарам пары, правёў зь імі некалькі сустрэчаў у вашынгтонскіх гатэлях у 2009 годзе. Спадарыня Маерс паставілася да гэтага новага куратара з падазронасьцю, але падтрымала свайго мужа, які быў вельмі ўсхваляваны пэрспэктывай узнаўленьня працы на кубінцаў. (...)

Пара прызналася агенту ФБР падчас гэтых сустрэчаў, што найвышэйшым пунктам іхнай кар’еры быў таемны палёт на Кубу ў 1995 годзе і чатырохгадзінная сустрэча з самым Фідэлем Кастра.

"Фідэль — цудоўны, проста цудоўны", — прызнаўся ў прыліве шчырасьці спадар Мэер тайнаму агенту ФБР, як вынікае з запісак апошняга, якія былі прадстаўленыя суду.

Спадарыня Маерс тады таксама адгукнулася: "Ён... гэта найбольш неверагодны... дзяржаўны дзяяч... апошніх ста гадоў, на прамілы Бог!"

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG