Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Някляеў заклікае кандыдатаў у прэзыдэнты на Ўсебеларускі народны сход


Уладзімер Някляеў
Уладзімер Някляеў
Лідэр руху "Гавары праўду" Ўладзімер Някляеў дагэтуль ня вызначыўся са сваім удзелам у выбарчай прэзыдэнцкай кампаніі ў якасьці кандыдата на пасаду кіраўніка беларускай дзяржавы. Пра гэта ён сёньня заявіў у размове са "Свабодай".

Уладзімер Някляеў сказаў "Свабодзе", што сваё рашэньне ён абвесьціць толькі пасьля афіцыйнага старту выбарчай кампаніі:

"У якасьці кандыдата ў прэзыдэнты Някляеў зробіць крок у тым выпадку, калі будзе аб'яўлена, што будуць праводзіцца прэзыдэнцкія выбары, і названы іх тэрмін. А пакуль што я ня ведаю, куды і хто вылучаецца".

Паведамленьні некаторых мэдыяў, што Някляеў нібыта ён заявіў пра свой удзел у прэзыдэнцкай кампаніі, лідэр руху "Гавары праўду" называе памылковымі.

"Я сказаў пра тое, што я іду кандыдатам у дэлегаты Ўсебеларускага народнага сходу. Вось пра што я ўчора сказаў. Пра прэзыдэнцтва наогул не было ніякай гаворкі".

Уладзімер Някляеў кажа, што дэталі ўдзелу ва Ўсебеларускім народным сходзе яшчэ будуць абмяркоўвацца, і заклікае патэнцыйных кандыдатаў у прэзыдэнты далучыцца да гэтай акцыі:

"Гэта ідэя спантанна ўзьнікла, прыйшла мне ў галаву. І мы будзем яшчэ абмяркоўваць дэталі. Я думаю, мы зьбярэм подпісы за тых людзей, якіх хочам бачыць дэлегатамі гэтага сходу. І аднясем арганізатарам, я думаю, у Адміністрацыю прэзыдэнта. І паглядзім, што з гэтага выйдзе? Калі народных дэлегатаў народны сход прыняць не захоча, то мы тады спытаемся: што ж гэта за народны сход?

Тут узьнікае мноства варыянтаў. Напрыклад, а чаму гэта ўсім кандыдатам у прэзыдэнты не паспрабаваць стаць дэлегатамі народнага сходу? Як бы гэта замінала? Вось бы іх усе ўбачылі. А калі б яны яшчэ дамагліся выступіць. А дзе яшчэ, калі не на Ўсебеларускім народным сходзе, выступіць са сваёй праграмай — пры дзейным прэзыдэнце, пры лепшых людзях краіны? Гэта ж хораша? Хораша!"

Алесь Міхалевіч, які ўжо абвясьціў пра свой намер быць кандыдатам у прэзыдэнты, на Ўсебеларускі народны сход не зьбіраецца:

Алесь Міхалевіч
"Я заўсёды з задавальненьнем удзельнічаю ў тых мерапрыемствах, дзе я разумею парадак прадстаўніцтва і легітымнасьць удзельнікаў, якія прымаюць рашэньні. Што тычыцца Ўсебеларускага народнага сходу, то я абсалютна не разумею, якім чынам туды дэлегуюцца людзі. І я разглядаю гэтае мерапрыемства як масавы сход у падтрымку дзейнага прэзыдэнта.

З такім жа посьпехам, напрыклад, я магу сабраць столькі ж сваіх прыхільнікаў. Толькі што мне не дазволяць гэта зрабіць у Палацы Рэспублікі. Таму асабіста я не хачу ў гэтым сходзе ўдзельнічаць. Я лічу, што гэта сход з канкрэтнай мэтай, на які падбіраюцца толькі тыя людзі, якія падтрымліваюць дзейнага прэзыдэнта".

У 2006 годзе кандыдат у прэзыдэнты Аляксандар Казулін таксама паспрабаваў прайсьці на Ўсебеларускі народны сход. Але ён быў жорстка зьбіты і затрыманы супрацоўнікамі спэцслужбаў. Разам з палітыкам тады пацярпелі некалькі сябраў ягонага выбарчага штабу.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG