Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Савет Фэдэрацыі Расеі ўхваліў законапраект, які пашырае паўнамоцтвы ФСБ – Фэдэральнай службы бясьпекі. Спэцслужбы атрымліваюць права выносіць папярэджаньні аб недапушчальнасьці тых ці іншых дзеяньняў, уводзіцца адміністрацыйная адказнасьць за непадпарадкаваньне законнаму патрабаваньню супрацоўніка ФСБ.

Законапраект ужо прайшоў тры слуханьні ў Дзярждуме Расеі, цяпер, пасьля зацьвярджэньня верхняй палатай Фэдэральнага Сходу ён паступае на подпіс прэзыдэнту. Варта заўважыць, што нядаўна Дзьмітры Мядзьведзеў заявіў, што закон быў прапанаваны ім. Усе этапы абмеркаваньня закону суправаджаліся гучнымі пратэстамі расейскай грамадзкасьці.

“Я мяркую, што гэтае новаўвядзеньне – самая значная, самая адкрытая спроба замаху на правы грамадзянаў за апошні час, – кажа адзін з удзельнікаў грамадзкіх пратэстаў Барыс Пустынцаў, праваабаронца, дарэчы, сябра рады па правах чалавека пры прэзыдэнце РФ. – Гэта вяртаньне да старой кагэбэшной практыкі. Гэтыя хлопцам здаецца, быццам час сапраўды пайшоў назад. Мы так дамовіліся з нашымі калегамі з праваабарончай супольнасьці: калі мы атрымліваем падобнае папярэджаньне па пошце, то адразу ж вяртаем яго назад і зьвяртаемся ў суд з нагоды грубейшага парушэньня нашых канстытуцыйных правоў. Нават у савецкі час, калі мы атрымлівалі падобныя папярэджаньні, мы рэагавалі на іх адпаведным чынам: проста не прымалі. Наступствы былі розныя, ажно да самых цяжкіх, але мы ня можам прызнаць гэтую практыку законнай”.

А якая практыка на гэты конт у Беларусі?

“У нас па закону КДБ мае права выносіць папярэджаньні грамадзянам, калі ёсьць інфармацыя, што яны могуць сваімі дзеяньнямі парушыць закон, – гаворыць беларускі праваабаронца Валянцін Стэфановіч. – Дарэчы, у нас правам выносіць такія папярэджаньні валодаюць таксама пракуратура і МУС. Гэта разглядаецца як мера прэвэнтыўнага характару. У нас у Беларусі багата выпадкаў, калі папярэджаньні КДБ і пракуратуры ўжываюцца ў грамадзка-палітычнай сфэры. Пракуратура ў свой час выносіла папярэджаньні аб недапушчальнасьці парушэньня артыкулу "Аб дыскрэдытацыі РБ", гэта асабліва актуальна падчас прэзыдэнцкіх кампаній. Такія папярэджаньні выносіліся Аляксандру Мілінкевічу і Ірыне Халіп.

Спэцслужбы нярэдка выкарыстоўваюць гэтыя папярэджаньні з мэтай перасьледу палітычных апанэнтаў і незалежных журналістаў. Вялікай небясьпекі ад гэтых дзеяньняў няма, гэта ў рэшце рэшт не пачатак крымінальнай справы. Але калі чалавека выклікаюць на прафіляктычную гутарку, а потым выносяць афіцыйнае пісьмовае папярэджаньне, то гэта дадатковы псыхалягічны ціск на чалавека.

Нягледзячы на ўсе канфлікты паміж Масквой і Менскам, на абвінавачваньні на адрас беларускіх спэцслужбаў, якія гучаць па расейскіх тэлеканалах, шмат у чым Расея творча засвойвае беларускі досьвед.
  • 16x9 Image

    Юры Дракахруст

    Журналіст. Нарадзіўся ў 1960 г. Зь 2000 г. — супрацоўнік Беларускай рэдакцыі Радыё Свабода ў Празе. Ляўрэат прэміі Беларускай асацыяцыі журналістаў (1996).
     

XS
SM
MD
LG