Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Падрыхтоўка да свабоды


Рыкарда Гансалес Альфонса

Рыкарда Гансалес Альфонса

Прапануем вашай увазе пераклад артыкулу кубінскага журналіста Рыкарда Гансалеса Альфонса, які 7 апошніх гадоў правёў у турме на Кубе. Паводле дамовы паміж кубінскімі ўладамі і каталіцкай царквой, на мінулым тыдні Альфонса, разам з 50 іншымі палітычнымі вязьнямі ды іх сямейнікамі, быў вызвалены і перавезены ў Гішпанію. Апублікаваны ў сёньняшнім выданьні International Herald Tribune ангельскамоўны пераклад артыкулу Альфонса, які ў арыгінале быў напісаны па-гішпанску, мае загаловак "Schooled for freedom".

Я ніколі ня думаў, што нараджуся ва ўзросьце 60 гадоў на вышыні некалькіх тысяч футаў над Атлянтыкай. Гэта ня трызьненьне: якраз так я адчуваў сябе, калі мяне вызвалілі з турмы на Кубе і ў мінулы панядзелак выдварылі ў Гішпанію разам зь іншымі кубінскімі дысыдэнтамі.

Мой дэбют у ролі вязьня сумленьня адбыўся ў першай палове 2003 году, у часе, які сусьветная прэса назвала “Чорнай вясной”. Я быў толькі адным з 75 кубінцаў, якіх пасадзілі за нашу веру ў тое, што свабода — гэта цуд, які ўсё ж здараецца, і што яна не зьяўляецца злачынствам супраць дзяржавы.

Кажуць, што турма — гэта школа. Гэта праўда. Я зрабіў усё магчымае, каб стаць добрым вучнем, і я стараўся ня плакаць. Я быў настолькі пасьпяховы, што мае таварышы далей лічаць мяне сьмелым чалавекам.

Пасьля некалькіх месяцаў у турме я ўжо зусім няблага знаходзіў дарогу ў
Кажуць, што турма — гэта школа. Гэта праўда.
лябірынтах душаў, якія пацярпелі крушэньне ў жыцьцёвым моры. Я дазнаваўся сакрэтаў і легендаў наёмных забойцаў, забойцаў у стане афэкту, гандляроў нелегальнымі парашковымі рэчывамі, нязьдзейсьненых эмігрантаў, чые таемныя ўцёкі не былі ніякая таямніцай для дзяржавы, і нават злодзеяў, якія дзяліліся лыжачкай цукру ў галодныя дні.

Урокі заалёгіі ў нас былі штодня. Я навучыўся жыць з пацукамі і дайшоў да такога стану, што ў нейкія ночы нашай трапічнай зімы (трапічнай, але ўсё ж зімы) я глядзеў на іх з пачуцьцём вельмі падобным да таго, што людзі называюць ахвотай паесьці. Я быў самотным сябрам спрытных павукоў, якія часам вызвалялі мяне ад пакутлівага гудзеньня і крывавых укусаў спадарожнікаў майго бяссоньня. Я няблага вывучыў адзіноту і маўчаньне космасу. Мне прыгадваецца каморка ня большая за даўжыню працягнутых у бакі рук. Мне таксама знаёмы смурод бітком набітай камэры і безупынны гармідар у ёй. Месяцы бясконцай цемры, месяцы вечнага сьвятла.

На некаторых уроках я быў усяго слухачом і назіральнікам, перад якім некаторыя вязьні практыкаваліся ў самакалечаньні, гэткім грубым спосабам шукаючы выйсьця свайму адчаю. Я бачыў зьнявечаныя рукі і іншыя раны, сьмяротныя і нязначныя, як грахі. Адзін мужчына адрэзаў сабе пэніс і яечкі ў адчайнай спробе стаць жанчынай. Іншыя, больш радыкальныя і вычарпаныя экзыстэнцыяльнай валтузьнёй, зьвярталіся да розных мэтадаў самагубства, усе зь якіх былі надзвычай эфэктыўнымі.

Шмат месца ў школьнай праграме прысьвячалася абароне сваіх правоў. Тут не было ніякіх тэарэтычных магчымасьцяў выбару, а заставалася толькі карэнная кубінская практыка галадоўкі.
Я няблага вывучыў адзіноту і маўчаньне космасу.
Я трымаў адну на працягу 16 дзён, пакуль частка маёй волі не адчула задавальненьня ад перамогі. Той доўгі і добраахвотны пост рэабілітаваў прымусовы штодзённы пост зьняволеньня. Нада мной таксама зьдзекаваліся ня менш, чым над кожным іншым вязьнем сумленьня, хоць і ня больш, калі я тайком напісаў зборнік наравістых вершаў пад загалоўкам "Людзі бяз твараў".

Як і ў школе, мы мелі таксама пэрыяды адпачынку. Мы закладаліся на пачкі цыгарэтаў, спрачаючыся наконт выніку шахматнай партыі, гульні ў карты ці футбольнага турніру. Я ведаў прадаўцоў і пакупнікоў рэкрэацыйных наркотыкаў, якім вельмі добра ўдавалася ашукваць пільнасьць турэмных наглядчыкаў і стукачоў або падкупляць іх.

Не бракавала і спэцыялістаў у прадмеце ўзброенай агрэсіі. Жалюгодныя паржавелыя нажы, навостраныя і аддадзеныя ў спрытныя рукі, значылі свой шлях крывёй і разьюшанасьцю параненых. (Я, аднак, не запісаўся на гэты прадмет.)

У мяне заўсёды быў талент сьненьня, і я лашчыў сваю жонку і дзяцей у снах настолькі палымяна, што яны, я ўпэўнены, адчувалі гэта падчас свайго сну.

Я быў амаль узорным вучнем і
Я не адчуваю нянавісьці .
нездавальняючую ацэнку атрымаў толькі па адным прадмеце: нянавісьці. Нягледзячы на некаторыя свае ўспаміны, я не адчуваю нянавісьці да тых, хто мяне паняволіў.

І цяпер, пасьля гэтага свайго старэчага нараджэньня, я гляджу ў будучыню з надзеяй новаяўленага чалавека. Будучы аптымістам ад роду, я нават мрою аб вяртаньні на Кубу, для якой свабода не зьяўляецца пустой марай. Я ведаю што праз наступныя 60 гадоў мне не спатрэбіцца новае нараджэньне.
XS
SM
MD
LG