Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ф.Вячорка заклікаў урад ЗША падтрымаць беларускія незалежныя мэдыі


Францішак Вячорка, адзін зь лідэраў “Моладзі БНФ” і былы “палітрэкрут”, знаходзіцца ў ЗША на запрашэньне Інстытуту дэмакратыі ва Ўсходняй Эўропе. Моладзевы лідэр сустрэўся з прадстаўнікам Дзяржаўнага дэпартамэнту, арганізацыямі і інстытутамі, якія займаюцца Беларусьсю.

Як паведаміў палітык, прадстаўнікоў Дзярждэпартамэнту ЗША найбольш цікавілі будучыя прэзыдэнцкія выбары і ўдзел апазыцыі ў іх. “Я апісаў сваё бачаньне сытуацыі. Я сьвята ўпэўнены, што павінен быць адзіны кандыдат, які закліча людзей на плошчу і будзе зь імі да перамогі. Мяне пыталіся пра пэрсаналіі, - паведаміў Вячорка. - Таксама я паінфармаваў, што моладзевыя арганізацыі маюць адзіную стратэгію і зьбіраюцца працаваць на вулічную мабілізацыю”.

Францішак Вячорка меў сустрэчы з былым амбасадарам у Беларусі Карэн Сьцюарт, Дэвідам Крэмэрам, прадстаўнікамі Хельсынскай камісіі ўраду ЗША, Нацыянальнага Дэмакратычнага інстытуту і Міжнароднага Рэспубліканскага інстытуту, кіраўніком Амэрыканска-Балтыйскай асацыяцыі Карлам Алтау.

“Я расказаў пра ініцыятыву Івана Шылы “Наша армія”, культурніцкія праекты, сваю службу і выбарчую кампанію ў Мазыры. Я прапанаваў ім арганізаваць інфармацыю кампанію ў падтрымку НАТО. Мяне пыталіся, якім чынам ЗША можа спрыяць Беларусі. Я прасіў падтрымліваць незалежныя мэдыі, у першую чаргу тэлеканал “Белсат” і “Радыё Свабода”, а таксама моладзь”, - паведаміў Ф.Вячорка.

Палітык узяў удзел у брыфінгу міжнароднай праваабарончай арганізацыі Freedom House, прысьвечаным выхаду справаздачы за 2009 год. “Я выступіў з крытыкай дакладу, таму што ў ім адзначаецца два паляпшэньні сытуацыі ў Беларусі, але не гаворыцца пра ператрусы ў журналістаў, пра палітвязьняў, урэшце пра гвалтоўны прызыў у войска, - адзначыў Вячорка. - Падчас брыфінгу я пазнаёміўся з дырэктарам Энэргетычнага інстытуту Расеі Ўладзімірам Мілавым і каардынатарам моладзевага руху “Абарона” Алегам Казлоўскім”.

У Нью-Ёрку Францішак Вячорка наведаў галоўны офіс Freedom House, дзе меў размову з дырэктарамі па дасьледаваньнях Арчам Падынгтанам і па навучаньні – Крысам Ўокерам, аўтарам апошняга дакладу па сытуацыі з правамі чалавека ў сьвеце. “Мы гаварылі пра Беларусь і Кубу, пра падабенства сытуацыяў і спосабы пераўтварэньняў. Я выклаў свае заўвагі наконт дакладу, - распавёў Францішак Вячорка. – Усе, з кім я сустракаўся ў Нью-Ёрку, выказвалі падтрымку дэмакратычным сілам. Амэрыка і надалей будзе падтрымліваць тых, хто змагаецца з дыктатурай у Беларусі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG