Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пры канцы мінулага тыдня Аляксандар Лукашэнка, наведваючы аграгарадок Холмеч, паабяцаў, што да канца году сярэдні заробак па краіне складзе 500 даляраў.

У наступным годзе ён паабяцаў істотна — у два разы — павысіць заробкі нізкааплатным катэгорыям працаўнікоў: у сельскай гаспадарцы, сыстэме адукацыі і ахове здароўя. "Настаўнікаў, дактароў, нянечак, выхавацеляў у дзіцячым садку трэба "падцягваць..." Колькі зараз атрымліваюць настаўнікі, лекары, мэдсёстры.


Сярэдні заробак у сфэры адукацыі — 769 тысяч. Гэта дадзеныя Нацыянальнага статыстычнага камітэту Беларусі.

Сьвятлана працуе выхавацелькай у дзіцячым садку заводу БАТЭ ў Барысаве:

"У мяне першая катэгорыя і 27 гадоў стажу. У мяне стаўка — 377 тысяч. З падпрацоўкамі, пры працы ў дзьве зьмены — яшчэ 100 тысяч. Атрымліваецца ўсяго 500 тысяч "бруднымі". А на рукі я атрымоўваю 350 — 370 тысяч. У нас усяго 6 выхавацеляў засталося, усе пазвальняліся".

Малады спэцыяліст, настаўніца з Ваўкавыску Тацяна распавяла:

"Зарабляю я пры нагрузцы амаль што максымальнай — у мяне 33 гадзіны — каля 200 даляраў. Надбаўка маладым спэцыялістам — 70 тысяч першыя два гады выплачваецца".

Карэспандэнтка: "А настаўнікі вышэйшай катэгорыі, са стажам — колькі атрымоўваюць?"

"Мая матуля максымальна мае рангі ўсялякія, катэгорыю вышэйшую — яна зарабляе пры нагрузцы ўдвая меншай, чым у мяне, у паўтара раза больш: прыкладна 300 даляраў".

У сфэры аховы здароўя сярэдні заробак, паводле дадзеных Белстату, — 855 тысяч рублёў. Заробак санітаркі — 350 тысяч. Мэдсястра, якая працуе ў фізіяпрацэдурным кабінэце звычайнай сталічнай паліклінікі, кажа:

"Калі ёсьць катэгорыя, даплаты за шкоднасьць, у нас атрымліваецца тысяч 700, з прэміяй можа быць 750 тысяч. Масажысткі — у іх жа цяжкая праца — яны менш атрымоўваюць, бо ў іх няма даплат за шкоднасьць. А мэдсястра атрымлівае ад 450 да 750 тысяч у нашай паліклініцы".

Заробак маладога спэцыяліста — лекара-пачаткоўца, у якога яшчэ няма катэгорыі, стажу, — прыкладна 500 тысяч. Лекар першай і другой катэгорыі ў сярэднім зарабляе каля 1 мільёна. Што да максымальных заробкаў спэцыялістаў вышэйшай кваліфікацыі, Андрэй Вітушка, лекар з 15-гадовым стажам, рэаніматоляг-нэанатоляг, кажа:

"Прыкладна 2 мільёны. 2 мільёны — 2 мільёны 500 тысяч. Тры мільёны — гэта "столь", якая даступная толькі кардыяхірургам і трансплянтолягам",

Карэспандэнтка: "Гэта лекары вышэйшай катэгорыі з усімі надбаўкамі?"

"Так, гэта вышэйшай катэгорыі з усімі-ўсімі наваротамі. Напрыклад, у мяне заробак 2 мільёны. У мяне першая катэгорыя і даплаты за тое, што я працую зь вельмі высокімі тэхналёгіямі і экстрэмальна неданошанымі дзецьмі".

Сярэдні заробак лекара ў Расеі — 800 даляраў, у Польшчы — 1500 даляраў. То бок у Беларусі спэцыяліст найвышэйшай катэгорыі атрымлівае столькі ж, колькі звычайны ўчастковы лекар у Расеі, і ў паўтара раза менш, чым звычайны лекар у Польшчы.



ЛекарыНастаўнікі
Украіна
$300$230
Расея$920$570
Польшча $1300$1050
Літва
$1300$1400


Ці вераць настаўнікі і мэдыкі, што ім істотна падвысяць заробкі? Задаю пытаньне настаўніцы Тацяне з Ваўкавыску:

"Вам паабяцалі ўдвая павысіць заробкі. Верыце вы гэтаму?"

"Калісьці абяцалі даўным-даўно, ня мне яшчэ — маім бацькам, заробак у 500 даляраў... (Сьмяецца.) Не, абяцаньням ня веру".

Гутару з мэдсястрой Дзінай:

Карэспандэнтка: "Ці верыце вы, што ўдвая вам павысяць заробак?"

"Я змагу паверыць, калі ў разьліковым лістку ўбачу... Калі сапраўды павысяць — добра, будзем вельмі рады. У гэтым месяцы нам абяцалі павысіць на невялікі працэнт, а ўдвая — гэта ж памножыць на два. Калі мы атрымлівалі 650 тысяч — павінна быць 1 мільён 300 тысяч? Не..."

Зараз у краіне не хапае 4 тысяч лекараў і 5 тысяч мэдсясьцёр. Тры чвэрці лекараў працуюць на паўтары-дзьве стаўкі. У ліпені, у зьвязку з падвышэньнем стаўкі першага разраду, заробкі ў лекараў, настаўнікаў і іншых працаўнікоў бюджэтнай сфэры вырастуць прыкладна на 5—7%.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG