Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прадпрымальнікі хочуць бачыць бізнэс сярод дзяржаўных прыярытэтаў


Беларускія прадпрымальнікі сёньня прапанавалі ўладам абвясьціць разьвіцьцё малога і сярэдняга бізнэсу адным з найвышэйшых дзяржаўных прыярытэтаў. Яны рэкамэндуюць Палаце прадстаўнікоў штогод праводзіць слуханьні па праблемах прадпрымальніцтва і патрабуюць правядзеньня грамадзкай экспэртызы ўсіх законапраектаў, якія тычацца малога і сярэдняга бізнэсу. Гэтыя ды іншыя прапановы прагучалі на канфэрэнцыі прадпрымальніцкіх грамадзкіх арганізацыяў.

Старшыня аргкамітэту аб'яднаньня "За свабоднае разьвіцьцё прадпрымальніцтва" Віктар Гарбачоў для пачатку прывёў статыстыку. У 36 населеных пунктах сярод прадпрымальнікаў распаўсюдзілі 20 з паловай тысяч анкет. Высьветлілася, што 73% апытаных лічаць: за апошнія гады заканадаўства ў сфэры бізнэсу значна пагоршылася. Яшчэ горшыя вынікі ў падатковай сфэры — тут аж 97% рэспандэнтаў даюць гэткі ж адказ. Спадар Гарбачоў папрасіў прысутных у залі падняць руку, калі нехта зь іх альбо зь іхніх сем'яў пацярпеў ад рэпрэсіяў. Адгукнулася тры чвэрці аўдыторыі.

Віктар Гарбачоў назваў тры асноўныя пажаданьні на адрас ураду, каб спрасьціць працу індывідуальных прадпрымальнікаў:

Віктар Гарбачоў
"На першае месца выйшла — зьмякчыць (некаторыя пісалі — зьнізіць, зьменшыць, скараціць) падатковую нагрузку. Гэта — 39% ад тых, хто адказаў на анкету. На другім месцы — зьменшыць арэндную плату, адрэгуляваць яе згодна зь дзейным заканадаўствам. Гэта — 28%. І трэцяе — адрэгуляваць кантрольную дзейнасьць: 23%".

На лічбы зьвярнуў увагу і лідэр руху "Гавары праўду" Ўладзімер Някляеў. Выслухаўшы прадпрымальнікаў, ён выступіў перад імі. Пасьля ў інтэрвію журналістам спадар Някляеў падкрэсьліў: згодна з вынікамі апытаньня, 98% прадпрымальнікаў хацелі б удзельнічаць у стварэньні законаў у іхнай сфэры:

Уладзімер Някляеў
"І я падумаў — праблема нашага грамадзтва заключаецца ў тым, што яно ніяк ня ўдзельнічае ў палітычным жыцьці краіны. А ўжо абвешчана пра набліжэньне Ўсебеларускага народнага сходу. І там будуць прымацца нейкія важныя рашэньні. І я спытаўся ў прадпрымальнікаў: хоць адзін чалавек зь іх быў дэлегатам такіх сходаў? І ці плянуе хто быць у будучым дэлегатам? Яны ўсе расьсьмяяліся. І тады я спытаўся: а што, калі зрабіць так — мы ад кампаніі "Гавары праўду" вылучым свайго народнага дэлегата на гэты самы Ўсебеларускі народны сход? Каб наш народны дэлегат менавіта там сказаў дэлегатам ад улады, ад начальства народную праўду. Па-мойму, гэтую прапанову ўсе падтрымалі".

На канфэрэнцыі прадпрымальнікаў было і некалькі патэнцыйных кандыдатаў у прэзыдэнты. Яраслаў Раманчук нават выступіў з аналізам плюсоў і мінусаў законапраекту "Аб падтрымцы малога і сярэдняга бізнэсу" і Дырэктывы № 4. А вось Віталь Рымашэўскі сваю прысутнасьць тут патлумачыў "Свабодзе" так:

Віталь Рымашэўскі
"Я зайшоў паглядзець на ўзровень мерапрыемства, на склад удзельнікаў. Трэба ж ведаць сваіх канкурэнтаў. Я як кандыдат у прэзыдэнты павінен валодаць інфармацыяй. З восені будзе стартаваць мая перадвыбарчая кампанія. І ў нас таксама заплянаваны шэраг мерапрыемстваў — і падобнага кшталту, і трохі іншага”.

Ні намесьнік міністра эканомікі Андрэй Тур, ні іншыя запрошаныя прадстаўнікі ўладаў на канфэрэнцыю прадпрымальнікаў не прыйшлі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG