Лінкі ўнівэрсальнага доступу


Фэст без міліцыі

За брамай Новага замку, на падворку адбыўся джазавы фэст, я невялікі аматар гэтай музыкі, яна мне хутчэй не падабаецца, але атмасфэра змушае выказацца. Па-першае, упершыню, як прызналіся арганізатары, яны вырашылі пашырыць рамкі: загучаў джаз-рок, а ён мне вельмі даспадобы, як старому аматару рок-н-ролу ўвогуле.

Але галоўнае – біў у вочы рэзкі кантраст. Напярэдадні два дні запар улады адзначалі сваё чарговае вайсковае сьвята. Горад навадніла міліцыя ўсякага гатунку ў розных шапках, нейкія нават новыя заўважыў — а-ля амэрыканская марская пяхота, але чорныя. Быў традыцыйны бясплатны канцэрт на плошчы і паслухмяная чарга моладзі да КПП з “антытэрарыстычнымі” брамкамі. Адчуваньне гораду ў аблозе, а неверагодная сьпякота выклікала ў мяне яшчэ думкі пра атмасфэру ў славутым рамане Камю “Чума”.

І вось канчаюцца афіцыйныя сьвяты, раптоўна зьнікае гарачыня, а ў Новым замку пачынаецца джаз-фэст. А я не магу даць веры сваім вачам: празь вядомую браму са сфінксамі ў падворак спакойна прапускаюць тых, хто набыў квіткі, яны купляюць піва і свабодна разьмяшчаюцца хто на газоне, хто — бліжэй да сцэны — у крэслах. Адчуваеце — нікога не абшукваюць, не абмацваюць, няма ніякіх чорных жалезных міліцэйскіх брамак, ніводнага чалавека ў фуражцы, ніводнага “варанка”! А дзе нашыя абавязковыя на масавых мерапрыемствах “аўтазакі”? Няма! Жарты жартамі, але я адчуў своеасаблівы “культурны шок”. Аказваецца, можна абысьціся бяз гэтай навалы ў чорным з друкамі, кайданкамі і кабурамі!

Што ні кажыце, той жа джаз-рок – гэта сапраўды свабодная музыка свабодных людзей (як прынята гаварыць пра рок агулам). Арганізатары фэсту папросту не запрасілі міліцэйскія атрады, навошта? Сакрэт у тым, што ўсе астатнія вулічныя шоў улады самі робяць, трэба ж паказваць насельніцтву, што плойма людзей у форме апраўдвае свой нятанны для бюджэту хлеб!

Барабанныя перапонкі рэагуюць па-рознаму…

Другое ўражаньне. У падворку ў прыватнай галерэі ў Старым горадзе выстава “Грунвальд”, запрашаюць наведнікаў, ствараюць атмасфэру яшчэ на вуліцы два музыкі — дуда і барабан. Незвычайна для Горадні, узрушліва, нібы музыка з рыцарскіх часоў. Мінакі спыняюцца, слухаюць з усьмешкамі, фатаграфуюць. Раптам з балькона пажылая кабеціна пачынае зьвягліва праганяць музыкаў, яны ёй перашкаджаюць, загучна граюць! Непрыемнае ўражаньне. А вось нядаўна — проста насупраць балькона грымеў тры дні са сцэны ансамбль на сьвяце нацыянальных культураў, на сьвяце, якое рэгулярна адбываецца! Гэта не перашкаджала кабеце? Альбо — побач — за сто мэтраў гучныя канцэрты на ўвесь горад, якія ўвесь час учыняюць улады? У тым і рэч, што гэта — улады робяць, а значыцца так трэба.

Абавязкова скажу, як некалькі гадоў таму на пляцоўцы перад барам на Віленскай стаў выступаць біт-гурт, які граў шлягеры Deep Purple ды іншых славутых рок-музыкантаў. Як пацягнулася туды публіка, бо ў горадзе нічога цікавага не адбывалася дагэтуль! Нават начальства ацаніла: старшыня гарвыканкаму прывёў пасла адной закаўкаскай краіны з жонкай, якія прыехалі паглядзець горад. Што вы думаеце? Жыхары дому, прычым ён там адзіны жылы, напісалі “цялегу” — музыканты перашкаджаюць ім жыць… Але ж побач — на ленінскім пляцы ўлады тады рэгулярна рабілі сьвяты — фаервэркі, канцэрты, дыскатэкі, і гук, я вам скажу, быў такі, што на небе, мабыць, чутно было. Але ж гэта — улады, значыцца так трэба. Наш абываталь, добра вядома, “маладзец сярод авец”. Канцэрты ля бару ўлады забаранілі, хаця самі іх любілі.

Вулічны тэатар? Немагчыма!

Такое ўражаньне: начальства нашае, як у савецкія часы, далей Масквы ня ведае, за мяжой не бывае. Яно не разумее, што турысты замежныя, якіх па загаду зь Менску трэба абавязкова прыцягваць, паедуць у Горадню толькі тады, калі самі жыхары гораду адчуюць сябе цалкам натуральна, утульна, свабодна і разьняволена ў ім. Перш — патрэбна свабоднае асяродзьдзе для жыцьця саміх гарадзенцаў. Але калі мядзьведзь на вуха наступіў, гэтага не зразумець.

Дзіўна гучыць, але ў горадзе не бывае вулічных прадстаўленьняў, спэктакляў у падворках, у архітэктурным асяродзьдзі. Гэта калісьці зразумелі нават камуністы: у Горадні ў часы перабудовы двойчы адбыўся міжнародны тэатральны фэст. Але сёньня начальства мысьліць, на жаль, “даперабудовачнымі” думкамі: яно наіўна уяўляе, што замежнікаў можна прыцягнуць сваімі нарадамі і справаздачамі пра рэзкае павелічэньне турызму, сваімі бясплатнымі канцэртамі пад наглядам арміі людзей у форме.

Хаця “каню зразумела”: у адным падворку павінны граць дуда і барабан, каб заахвоціць наведаць грунвальдзкую выставу, у Новым замку ў гэты час будзе гучаць джаз-рок, а ля бару на Віленскай пачнуць зьбірацца аматары музыкі Beatles. Калі самім гарадзенцам стане па-сапраўднаму цікава ў горадзе, калі яны атрымаюць выбар — куды пайсьці і што пачуць і ўбачыць, калі будуць ведаць, што ня стануць вісець над душой міліцыянты, ня будуць абшукваць іх, тады, можа, і “інтурыст” пачуе пра цікавае і, што немалаважна, свабоднае для самавыражэньня жыцьцё ў горадзе над Нёманам, і захоча купіць квіток у стары каралеўскі горад. Але пакуль што сам я ў гэта ня веру.
  • 16x9 Image

    Сяргей Астраўцоў

    Нарадзіўся 11 красавіка 1959 г. у Менску. Сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў і Беларускага пэн-цэнтру, выдаў сем кніг прозы і публіцыстыкі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG