Лінкі ўнівэрсальнага доступу

С.Каваленка: "Буду галадаваць пасьля кожнага несправядлівага затрыманьня"


Сяргей Каваленка пасьля 9-дзённай галадоўкі

Сяргей Каваленка пасьля 9-дзённай галадоўкі

Сяргей Каваленка выйшаў на волю пасьля чарговага арышту, падчас якога адгаладаваў 9 сутак. Галадоўка спынена, аднак актывіст кажа, што ізноў будзе пратэставаць такім самым чынам, калі яго надалей будуць затрымліваць і караць, на ягоную думку, несправядліва.

Віцебскі сябар Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ Сяргей Каваленка распавёў, што спыніў галадоўку пратэсту, як толькі выйшаў з ізалятара часовага ўтрыманьня ўвечары 18-га ліпеня:
Цяпер буду галадоўку пачынаць кожнага разу, як мяне "зачыняць" ...

"Як выйшаў, дык і спыніў адразу галадоўку. Зьеў адзін памідор і шклянку булёну курынага ўвечары, і зранку таксама, яшчэ й грушу зьеў. Так што адчуваю сябе добра і бадзёра. Цяпер буду галадоўку пачынаць кожнага разу, як мяне "зачыняць". Такі будзе працяг гэтай маёй палітычнай акцыі".

Актывіст кажа, што адгаладаваў 9 сутак на знак пратэсту супраць несправядлівага затрыманьня. Ён трапіў пад варту ўвечары 8-га ліпеня, напярэдадні адкрыцьця фэстывалю "Славянскі базар".

Паводле рашэньня Першамайскага РАУС на Сяргея Каваленку было накладзена адміністрацыйнае пакараньне за парушэньне рэжыму: як зафіксавана ў міліцэйскім пратаколе, ён спазьніўся дахаты на некалькі хвілін, хаця мусіў быць дома не пазьней як а 21-й гадзіне.

Нагадаем, Сяргей Каваленка мусіць падпарадкоўвацца рэжыму, вызначанаму для ўмоўна асуджанага: тры гады абмежаваньня волі безь зьмяшчэньня ў карныя ўстановы актывісту прысудзілі за вывешваньне бел-чырвона-белага сьцяга на навагодняй ёлцы і за непадпарадкаваньне міліцыянтам падчас затрыманьня.

Апазыцыянэр кажа, што спазьненьне было справакавана — бо дахаты яго не пусьцілі спэцназаўцы, якія чакалі ягонага вяртаньня каля пад’езду:
Хлусілі проста ў вочы! ...

"Мяне чакалі ўжо перад дзьвярыма. А адзін амонавец у цывільным — наводдаль, і адразу стаў тэлефанаваць некуды, калі мы з братам да дома падыходзілі. Міліцыянт мне сказаў, што я спазьніўся на дзьве хвіліны. У мяне не было гадзіньніка. Але ўжо ў ізалятар мяне прывезьлі а палове на 10-ю. Гэта значыць, што мяне завезьлі ў Першамайскі РАУС, склалі там усе паперы і завезьлі ў ізалятар за 28 хвілін. Такога проста быць ня можа. Ды яшчэ міліцыянт у пратаколе запісаў, што я спазьніўся ўвогуле на 5 хвілін. Хлусілі проста ў вочы!"

Намесьнік начальнік Першамайскага РАУС Васіль Балад камэнтаваць высновы апазыцыянэра ня стаў:

"Матэрыялы на яго разгледжаны. Але ён можа іх абскардзіць. Можна абскардзіць, калі ён лічыць, што не спазьняўся".

Сяргей Каваленка зьбіраецца раіцца з адвакатам, ці варта абскарджваць дысцыплінарнае пакараньне. Ён пэўны, што справа была не ў спазьненьні, а ў імкненьні міліцыянтаў яго прэвэнтыўна затрымаць, каб падчас "Славянскага базару" дзе-небудзь у горадзе не зьявіліся бел-чырвона-белыя сьцягі.

Актывіста затрымлівалі і зьмяшчалі пад варту таксама напярэдадні Дня Перамогі, Дня гораду, Дня незалежнасьці 3-га ліпеня. Міліцыянты складалі пратаколы пра тое, што актывіст нецэнзурна лаяўся ў грамадзкіх месцах. Цяпер, кажа Сяргей Каваленка, ён будзе штораз абвяшчаць галадоўку, калі зноў апынецца ў ізалятары часовага ўтрыманьня з прычыны падобных абвінавачаньняў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG