Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print
Гэтым летам сьпёка ў Эўропе б’е шматгадовыя рэкорды. Сьпякота плавіць асфальт, паралізуе рух транспарту, людзі ратуюцца ў вадаёмах і музэях.



Саракаградусная сьпякота прыйшла ў Эўропу. Турысты ратуюцца ад сонца ў саборах і купаюцца ў фантанах, а ўлады ратуюць людзей ад цеплавых і сонечных удараў. У 39 правінцыях Гішпаніі ўлады абвясьцілі «аранжавую» і «чырвоную» ступень трывогі з-за занадта высокіх тэмпэратур.

Гішпанскае міністэрства аховы здароўя раіць турыстам і мясцовым жыхарам піць як мага больш вады, трымацца ў ценю, пазьбягаць алькаголю, ужываць лёгкую ежу, салаты, садавіну, гародніну і сокі, апранацца ў сьветлую вопратку і па магчымасьці пазьбягаць фізычнай нагрузкі ў дзённыя гадзіны.

У Італіі папярэджаньні аб небясьпецы выпушчаныя ў 13 гарадах, у Турыне, Вэнэцыі і Міляне тэрмомэтры паказвалі градусаў. У Рыме была зафіксаваная тэмпэратура 43 градусы. У рымскім мэтро тэмпэратура перавысіла 50 градусаў. Турысты масава купаюцца ў фантанах, нягледзячы на пагрозу штрафаў.

Анамальная сьпякота, якая ўсталявалася на тэрыторыі Нямеччыны, паралізавала чыгуначны рух на захадзе краіны, пацярпелі 13 чалавек, ёсьць загіблыя.

На нямецкую выспу Гельгалянд ў Паўночным моры абрынуўся тарнада. Сьмерч раскідаў намёты на тэрыторыі аднаго з кемпінгаў. Розныя траўмы атрымалі больш за 10 чалавек, двое пацярпелых застаюцца ў рэанімацыі. На востраве абвешчана надзвычайнае становішча.

У трох перапоўненых цягніках, якія рухаліся з Бэрліну, адключыліся кандыцыянэры. Тэмпэратура ў вагонах паднялася да 50 градусаў. Электрычкі давялося тэрмінова спыняць і эвакуаваць адтуль сотні людзей. 44 пасажырам была аказана мэдычная дапамога, 9 чалавек у стане сярэдняй цяжкасьці былі шпіталізаваныя.

Такой сьпякоты ў Нямеччыне не было зь ліпеня 1959 году.

Бэрлінскія газэты поўныя карысных парадаў, як выратавацца ад гарачыні. Самая арыгінальная зь іх - пайсьці ў музэй, бо менавіта ў музэях толькі й можна знайсьці жаданую цяпер прахалоду.

Але бэрлінцы аддаюць перавагу вадаёмам. На возеры Wannsee зьбіраецца больш за 10 тысяч чалавек. Людзі купаюцца нават у Шпрэе, хоць гэта і забаронена з-за высокага ўзроўню забруджанасьці вады.

У Чэхіі на мінулым тыдні таксама была 40-градусная сьпякота. Гэта быў тэмпэратурны рэкорд за ўсю амаль 300-гадовую гісторыю мэтэаназіраньняў ў Чэхіі. У Чэхіі і Славаччыне з-за моцнай сьпякоты на аўтамабільных дарогах пачаў плавіцца асфальт. На захадзе Чэхіі з гэтай прычыны быў закрыты для руху дзевяцікілямэтровы ўчастак міжнароднай аўтастрады.

Экспэрты-мэтэаролягі папярэджваюць, што да сярэдзіны гэтага стагодзьдзя ў Нямеччыне, як і ў іншых краінах Эўропы, сьпёка ў 40 градусаў можа стаць нормай. А да канца гэтага стагодзьдзя нормай можа стаць і 50 градусаў цяпла.
XS
SM
MD
LG