Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Назарбаеў лічыць, што праца над "Набука" ідзе замарудна


Прэзыдэнт Казахстану Нурсултан Назарбаеў лічыць, што Эўразьвяз ня робіць рэальных крокаў у справе пабудовы газаправоду "Набука" (Nabucco). На сумеснай прэсавай канфэрэнцыі з канцлеркай Нямеччыны Ангелай Мэркель Назарбаеў сказаў "Казахстан ніколі ня быў супраць "Набука". Усё пытаньне ў тым, што Эўразьвяз акрамя размоваў - няхай гэта не прагучыць, як мая крытыка, але гэта так - нічога для рэалізацыі праекту ня робіць".

Газаправод "Набука" мае дастаўляць газ з краінаў Прыкасьпійскага басэйну на поўдзень Эўразьвязу, у абыход Расеі. Брусэль такім чынам спрабуе зьменшыць энэргетычную залежнасьць ад Масквы.

На сёньняшні дзень праект "Набука" знаходзіцца на стадыі пошуку фінансаваньня. Інвэстары, сярод іншага, асьцерагаюцца, што пабудова расейскага газаправоду "Паўднёвы паток" можа істотна зьменшыць рэнтабельнасьць праекту ініцыяванага ЭЗ. "Паўднёвы паток" мае дастаўляць газ тым жа краінам, што і "Набука".

Экспэрты ацэньваюць кошт пабудовы "Паўднёвага патоку" прыкладна ў 15 мільярдаў даляраў – амаль удвая даражэй, чым меркаваныя выдаткі на "Набука".
XS
SM
MD
LG