Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Гісторыя аднаго цуду: Інэса Кур’ян (Азаранка)


Інэса Кур’ян. Здымак Арцёма Канцавога.

Інэса Кур’ян. Здымак Арцёма Канцавога.

Трыццаць гадоў таму на Каляды ў Беларусі нарадзілася першае публічнае аб’яднаньне, але ўсё выглядала так, быццам яно ўзьнікла ніадкуль, на голым месцы. Ніхто Майстроўню наўмысна не задумляў і не ствараў, яна паўстала сама і пачала імкліва пашырацца, гуртуючы вакол беларускай ідэі самых розных людзей.




У гэтых перадачах мы спрабуем адказаць на пытаньне: адкуль Майстроўня ўзялася пасярод самага што ні ёсьць савецкага застою? Ані табе папярэднікаў у выглядзе разгалінаванага падпольля, ані чагосьці незвычайнага ў грамадзкай атмасфэры, ані зруху эпох, ані шолаху ветру. А можа быць, аўтарам гэтага прэцэдэнту быў горад, дзе яна ўзьнікла? Можа быць, гэта ня нацыя дасьпела, дабрала сілы для самавыяўленьня, а маладая сталіца гэтай нацыі ўвайшла ў вобраз і палічыла патрэбным сказаць пра гэта?

Такую вэрсію мне падказала гутарка з удзельніцай сёньняшняй перадачы майстроўкай Інэсай Кур’ян.

Інэса першакурсьніца, вясна 1982 году.
Інэса: “Я не нарадзілася ў Менску, я нарадзілася ў Лідзе на Гарадзеншчыне, але ў Менску жыву з часу, як стала студэнткай, з 1981 году. А з 2000 году пасялілася недалёка ад старой часткі гораду, ад Ракаўскага прадмесьця. І ўсё, што тут ёсьць, усе закуткі, мяне ўпэўнілі, што Менск мае свой дух. І я ўжо мянчучка. Я ўжо стала патрыёткай Менску”.

ЯК МЕНСК СТАЎ СТАЛІЦАЙ


Дубавец: Ці магла Майстроўня нарадзіцца недзе ў іншым горадзе? Напэўна, магла, калі б іншы горад быў сталіцаю Беларусі. Бо гэта ня горад даў падставы для ўзьнікненьня руху, а сам праз рух выявіў сваю сталічнасьць або сталасьць.

Менск, вядома, стары горад, але сталіцаю ўпершыню ў сваёй гісторыі стаў адносна нядаўна, у 1918 годзе, калі тут была абвешчана БНР. Менавіта БНР надала Менску статус сталіцы Беларусі. Датуль ён праз усю сваю біяграфію быў цэнтрам княства, павету, губэрні, адным словам – правінцыі. Прычым, правінцыі нашмат больш палянізаванай за шматвяковую сталіцу гэтага краю Вільню. Варта згадаць сярэднявечча, калі, бывала, з праваслаўнай Вільняй Менск ня мог параўнацца аніводным храмам, бо быў наскрозь каталіцкім і збольшага польскамоўным.

Але сам сабою статус – гэта шыльда, ня болей. Для таго, каб горад выявіў сваю адказнасьць за ўсю краіну і ўвесь народ, патрэбныя адмысловыя доказы. Ня офісы правіцеляў і ня іх дэкрэты, а нейкі ўнутраны зрух душы самога паселішча. Можа быць, гэта і адбылося ў Менску трыццаць гадоў таму?

У 1980-м Менск быў зусім маладой з гістарычнага гледзішча сталіцай. Бясконцыя войны і разбурэньні, рэпрэсіі і акупацыі, амаль поўная ратацыя насельніцтва – усё гэта толькі скарачала гістарычны ўзрост, бо даводзілася некалькі разоў пачынаць жыць нібы спачатку. Рэальна Менск пачаў фармаваць свой мэтафізычны вобраз беларускай сталіцы нават не пасьля вайны, калі яго накрыла хваля мігрантаў з усяго СССР, а калі адбудаваўся, гэта значыць, у шасьцідзясятыя. Пасьля -- дваццаць гадоў імклівага ўнутранага сталеньня – акурат, каб на руінах вырасла першая фармацыя новых менчукоў. І тады нараджаецца Майстроўня – пакліканая ні кім і ні чым, а гэтым горадам, які такім чынам заявіў пра свой дух і пра тое, што ён пачуваецца сталіцай, незалежна ад усіх вонкавых і фармальных чыньнікаў.

ГОРАД І ЛЮДЗІ -- ПААСОБКУ


Тады, выглядае, што Майстроўню нарадзіла ня гэтая вось людзкая плынь менчукоў, а плошчы, праспэкты і камяніцы? Майстроўня не цуралася пальшчызны, быццам аддаючы даніну колішняму спалянізаванаму Менску, удзельнічала ў раскопах на Верхнім горадзе і суботніках у Траецкім прадмесьці, зьбіралася паміж Домам Ваньковіча і Домам масонаў, і нават учыняла дзе-небудзь у патаемным месцы сьпірытычныя сэансы... Словам, Майстроўня калі й не была цалкам прадуктам мэтафізыкі горада, дык горад істотна спрычыніўся да яе нараджэньня. Горад, а не яго людзкая плынь, якая ня ведала гэтага гораду і цуралася ягонае мэтафізыкі.

Так выглядаў Дом Ваньковіча, улюбёнае месца майстроўцаў у Менску.

Інэса: “Паколькі я з заходняй Беларусі, то з 1981 году я ўспрымала менчукоў на парадак ніжэй, чым жыхароў Ліды. Мне здавалася, што заходнікі больш цывілізаваныя ў параўнаньні са сталіцай. І мяне ўразіла, што менчукі такія дастаткова правінцыйныя, мала адукаваныя, дрэнна апранаюцца, некультурна выражаюцца. А такі маленькі горад як Ліда быў, як мне падавалася, на галаву вышэй. І мне падаецца, што жыхары Менску, яны вельмі заадміністраваныя нейкія. Яны вельмі любяць ерархіі на ўзроўні пасадаў, якія займаюць, вельмі ганарацца, калі хтосьці “выбіўся ў людзі”, вельмі любяць распавядаць, якія ў іх былі знаёмствы сярод працаўнікоў мэрыі ці там Дому ўраду. Гэта для іх вельмі істотна. А для мяне, “западэнкі”, гэта было неістотна. Мне нешта іншае было важнае для ўспрыняцьця сьвету. Але менчукі такія”.

Дубавец: Менчукі такія, і вось што важна. Паколькі яны не сябруюць з мэтафізыкай свайго гораду, іх саміх з гледзішча вечнасьці як бы й няма. Прыкладам, калі параўнаць людзкую плынь трыццаць гадоў таму і сёньня, мы амаль ня знойдзем пераемнасьці. Тады, у 1980-м, яна была зусім маладая, а таму агрэсіўная, нават дзікая. Яна сыходзілася раён на раён у масавых пабоішчах, гарадзкі фальклёр распавядаў страшныя казкі пра тое, што ўвесь горад атручаны праз аўтаматы газіроўкі бытавым сіфілісам або пра павешаных у парку Чалюскінцаў нэграў... Камуністы былі артадаксальнымі без усякае меры, і агульны ўзровень пабытовае культуры трымаўся так нізка, што, памятаю, уся школа хадзіла да аднаклясьніка, прафэсарскага сынка, у новую кватэру, якую атрымаў прафэсар, дзівіцца на незвычайную рэч – там у прыбіральні было бідэ!..

Сёньня гэта ўсё выглядае сьмешна, бо ні масавых пабоішчаў у Менску няма, ні партыйных артадоксаў, людзкая плынь пасталела, паспакайнела, і культура быту паднялася на некалькі парадкаў. Але гэта іншая людзкая плынь, якую нішто ня зьвязвае ані з той, трыццаць гадоў таму, ані з той, што будзе яшчэ праз трыццаць гадоў. Мэтафізыка гораду ня стала ёй бліжэй. Хіба што перастала быць варожай. Што дае надзею на пацяпленьне адносінаў калі-небудзь у будучыні. Для гэтага, між іншым, дашчэнту абрасеенай людзкой плыні давядзецца сфармаваць свае дачыненьні зь менскай пальшчызнай, якую з крыві гораду, зь яго генаў і духу ня выкінеш.

Для Інэсы Кур’ян менавіта пальшчызна стала мастком да беларушчыны. І гэта была парадаксальная гісторыя. Бо паступіла Інэса на расейскае аддзяленьне філфаку БДУ.

Інэса: “Я паступіла на расейскае аддзяленьне філфаку. І гэта было жаданьне маіх бацькоў, бо мне марылася паездка ў Кіеў, я хацела быць псыхолягам. Але бацькі мяне не пусьцілі, бо лічылі, што гэта задалёка. Таму скіравалі мяне куды-небудзь, на філфак. А расейскае аддзяленьне было нейкім такім натуральным выбарам. Таму што ў той час сьвет дзяліўся на тых, хто быў з гораду, і яны чамусьці ішлі на расейскае аддзяленьне. А той, хто быў зь сельскай мясцовасьці, той ішоў на беларускае аддзяленьне. Для мяне гэта не напоўнена было ніякім іншым сэнсам”.

Дубавец: Парадокс быў у тым, што на расейскім аддзяленьні аказалася Ірэна Папурэнка. Інэса Кур’ян патрапляе ў цэлую буру моўных і нацыянальных жарсьцяў ды аказваецца далучанай да нязнаных раней крыніц.

“СЯМЁРКА”


Інэса: “Гэта зрабіла Ірэна Папурэнка. Бо мы зь ёй пазнаёміліся ўвосені, на другім курсе, гэта быў 1982 год. Мы патрапілі ў “сямёрку”. На першым курсе я здымала кватэру, а на другім мне ўжо дазволілі разьмясьціцца ў інтэрнаце. “Сямёрка” гэта інтэрнат БДУ. Гэта быў вулей нейкі абсалютна вясёлы. Усе марылі быць у “сямёрцы”. Мяне пасялілі ў пакой зь дзяўчатамі з Польскай народнай рэспублікі. А Ірына была недзе побач”.

Дубавец: Натуральна, тыя, хто падсяліў Інэсу да польскіх студэнтак, ня ведалі, што такім чынам спрычыняюцца да вызначэньня ўсяго жыцьця дзяўчыны – яе сьветапогляду і прафэсійных заняткаў.

Інэса: “Гэта была ўмова, таму што я сапраўды прасілася ў інтэрнат. І мне сказалі ў дэканаце, што месцаў няма, але калі я хачу, то калі ласка, ёсьць адно месца ў пакоі з польскімі дзяўчатамі. І мяне пасялілі зь пяцікурсьніцамі з Польшчы. Яны вакол размаўлялі толькі па-польску, і гэтая мова ў мяне ўвайшла проста сваім ходам. І вельмі зацікавіла мяне. А потым яшчэ і яшчэ, гэтая мова стала лініяй майго жыцьця. Я да сёньняшняга дня зьяўляюся паляністкай, а зараз выступаю ў ролі загадчыцы катэдры паляністыкі ў Беларускім інстытуце правазнаўства. Я кандыдат філялягічных навук. Абараніла працу па гісторыі славянскіх моваў. Так што -- вось такое літаратурна-мовазнаўчае жыцьцё”.

У піянэрскім лягеры “Мара” з польскімі харцэрамі. Жнівень 1985 году. Інэса ў першым шэрагу пятая справа.

Дубавец: У “сямёрцы” ў Інэсы з аднаго боку апынуліся полькі, а зь іншага Ірэна Папурэнка, якая зацягнула Інэсу ў Майстроўню.

Інэса: “Папурэнка была такой вельмі-вельмі актыўнай майстроўкай. Яна ўсіх заахвочвала туды прыходзіць. Яна, відаць, паўмайстроўні туды прывяла. І я памятаю гэты цырыманіял. Мы былі такімі сьціплымі майстроўцамі, а Ірэна ўваходзіла як свой чалавек, і заўсёды было доўгае пацісканьне рук, абдымкі. А яшчэ Ірэна ўводзіла ў наш беларускі лексыкон зусім новыя словы. Яна, напрыклад, казала, што не павінна ўсё называцца торбамі, а можна сказаць кайстра. І была ў гэтым сэнсе такім добрым настаўнікам.

ЗА КРОК ДА КАРАТКЕВІЧА


Маё знаёмства з Майстроўняй пачалося з калядаваньня ў спадара Караткевіча на вуліцы Маркса. Ірына мяне пацягнула на калядаваньне. Пацягнула ў нейкія цёмныя пад’езды. Я памятаю ў цемры вывернутыя на левы бок кажухі, нехта быў там казой... Я захавала ў памяці нейкія твары, таму што ў пэўны момант у цёмным калідоры засьвяцілі ліхтары. Прыйшлі нейкія людзі, якія выганялі калядоўшчыкаў з калідора. І ўсе пачалі хавацца за гэтыя калматыя кажухі.

Знаёмства пачалося з таго, што чамусьці гэта забараняюць. Кагосьці кудысьці выганяюць з калідора. Хаця мы ішлі на абрад вельмі цікавы, вясёлы, і спачатку ўсё выглядала вельмі файна. Але потым у мяне быў нават нейкі страх ад таго, што адбывалася. Кагосьці хтосьці кудысьці гоніць, ліхтарамі сьвецяць у вочы, усе хаваюцца за кажухі...

Да спадара Караткевіча мы так і не дайшлі. Вось такое было першае знаёмства з Майстроўняй. Першае ўражаньне ў мяне вось такое – калідорнае, за крок да спадара Караткевіча”.

Дубавец: Дзеля храналёгіі варта згадаць, што на першыя Каляды ў сьнежні 1980 году майстроўцы патрапілі да Караткевіча і абышлі ўсе кватэры таго пад’езду. І хоць нехта з жыхароў выклікаў міліцыю, гэта ня зьменшыла агульнага сьвяточнага ўзрушэньня ды шчасьлівага ўздыму. Таму “паходы да Караткевіча” паўтараліся на Каляды і ў наступныя гады. Як бачым, не заўсёды ўдала. Што, аднак, не спыняла майстроўцаў.

ПТУШАЧКІ ЗЬ ЦЬВЁРДАГА ЦЕСТА


Інэса: “Я была на Гуканьні вясны каля кінатэатра “Кіеў”. Дзяўчаты нарабілі птушачак зь цьвёрдага цеста. І гэтыя птушачкі адны былі мяккія і смачныя, іх можна было есьці, а другія былі цьвёрдыя, закамянелыя, іх трэба было павесіць на шнурочак на шыю. І мне гэтыя птушачкі запомніліся на ўсё жыцьцё. Таму што я яшчэ пыталася ў дзяўчат, як зрабіць, каб яны такія цьвёрдыя былі, і які сэнс гэтых птушачак, якую яны маюць функцыю.

Праводзіны зімы на стадыёне “Арлёнак” або Гуканьне вясны каля кінатэатра “Кіеў”, 27 лютага 1983 году. Інэса сярод майстроўцаў на першым пляне.

І вось, праз шмат гадоў, здаецца, гэта быў 1995 год, я езьдзіла ў Славенію. І пазнаёмілася там зь вядомымі славенскімі антраполягамі. І адзін зь іх, Божыдар Езернік, запытаўся ў мяне, што я ведаю пра беларускія птушачкі, зробленыя зь цеста? Мне адразу згадаліся птушачкі з нашага Гуканьня вясны каля “Кіева”. І я сказала, што гэтыя птушачкі маюць магічную сілу, вельмі старажытны беларускі абрад. Іх робяць звычайна на Гуканьне вясны. А чаму ён пра гэта пытаецца?

Ён сказаў, што дасьледуе праблему канцэнтрацыйных лягераў і стараецца вылічыць падставы выжываньня чалавека ў канцлягеры. І яму патрапіўся архіўны матэрыял, дзе нехта апісвае беларускіх вязьняў канцлягера, жанчын, якія выдаваныя ім порцыі хлеба ператваралі ў птушачак. І гэтыя птушачкі стваралі ў іх там нейкі ледзьве не іканастас. Яны для іх былі нейкай магічнай сілай. І ён сказаў, што для яго вельмі важна – зразумець, якое значэньне і якую функцыю маюць у беларускай культуры гэтыя птушачкі. Чаму беларускія жанчыны, ня зьеўшы хлеб, а зьляпіўшы птушачак, выжывалі, ня гледзячы на тое, што ня елі”.

МАЙСТРОЎНЯ ЯК ШКОЛА


Дубавец: Майстроўня спрабавала называцца сьпеўна-драматычнай, але кола дзейнасьці не зьмяшчалася ў гэтыя азначэньні. На масавых сьвятах, на вечарынах і ў вандроўках Майстроўня несла беларускую ідэю іншым людзям і імкнулася далучыць іх да сябе, а пры тым увесь час была школай для сваіх.

Вэрця Лазоўская (Кандраль). Аўтар здымка Арцём Канцавы.
Вэрця Лазоўская: “І сьпеўна-драматычная, і гістарычная, і моўная. Мы вывучалі там хто літоўскую, хто польскую мову. Я там пачала ў Майстроўні польскую мову вывучаць”.

Інэса: “Я яшчэ шмат разоў прыходзіла ў Дом прафсаюзаў. На майстроўскіх занятках гэта было нешта накшталт школы. Гэта была школа беларускасьці. Я памятаю заняткі музыкі, якія праводзіла спадарыня Ларыса Сімаковіч. Я зараз даю сабе нейкае такое разуменьне, што гэта ўсё былі вельмі маладыя людзі. Спадарыня Сімаковіч была зусім, відаць, дзяўчынкай.

Спадар Вячорка быў зусім, відаць дзіцём. Калі зараз яны ўсе яшчэ ў залатым, маладым веку, дык кім яны тады былі, ужо столькі гадоў таму? Яны былі дзецьмі, але яны мелі такі аўтарытэт... Спадарыня Сімаковіч вучыла, як трэба сьпяваць, як трэба цягнуць ноты, як трэба перабудаваць сваё дыханьне падчас сьпеву. Спадар Вячорка быў паліглотам. Калі ён пасьпеў стаць паліглотам, я сабе задаю гэтае пытаньне?

Гэнік Лойка, 1983 год.
А на нейкіх занятках Генадзь Лойка прадстаўляў верш Юліяна Тувіма “Lokomotywa”. Гэта клясыка дзіцячай польскай паэзіі. І я пасьля гэтага чытаньня бегла за ім і казала: Генадзь, нам трэба сустрэцца, напішыце мне гэты вершык на паперцы, таму што я хачу яго вывучыць.

І ён знайшоў час, яшчэ раз дыктаваў на памяць Тувіма, я запісвала гэты аграмадны верш, цікавы й складаны. І хавала гэты сшытак з запісам па Лойку праз доўгія гады, бо марыла гэта перакласьці. Пераклала. Але толькі ў 2006 годзе. Але гэта была сьвятыня. Генадзь, Тувім і “Lokomotywa” – гэта было нешта геніяльнае, якое запала ў маю галаву на ўсё жыцьцё.

І самае цікавае, што калі была прэзэнтацыя маёй кніжкі, гэта было ў зборніку “Каляровая карова. Анталёгія польскай дзіцячай паэзіі”, то я прыйшла ў нейкую школу, дзе сядзеў Генадзь Лойка. Мяне гэта ўразіла, і я на гэтай прэзэнтацыі адразу сказала, што тут сядзіць чалавек, дзякуючы якому я пераклала гэты верш Юліяна Тувіма. Ён мяне натхніў яшчэ ў тыя “старажытныя” 1980-я гады.

ПАЛЬШЧЫЗНА


Я прыходзіла ў Майстроўню, вельмі дрэнна ведаючы беларускую культуру і мову. Я нават адчувала комплекс непаўнавартасьці, таму што бачыла, як добра вакол людзі размаўляюць па-беларуску. Я адчувала, што не магу на хвалю беларускую настроіцца, таму што ў мяне вакол гучала адна спрэс расейшчына – і ў жыцьці, і ў школе. Нават бацькі мае ўжо даўно не размаўлялі па-беларуску, хоць яны былі зь беларускіх сем’яў. Матуля, праўда, са Смаленшчыны, але ўсё роўна там былі свае дыялекты. І хацелася сваю беларускасьць, можна так сказаць, аднавіць.

І быў такі парадаксальны ў мяне кантакт з майстроўцамі, таму што я з другога курсу пачала добра ведаць польскую мову.
Калі мне цяжка было знаходзіць словы па-беларуску, я проста гаварыла па-польску.
І мяне вельмі зьдзівіла тое, што заменай майму няведаньню беларускай мовы стала польская мова. Майстроўцы ня тое што прымалі мяне з польскай мовай, яны нават хацелі, каб я размаўляла зь імі па-польску. І я зьняла зь сябе гэты комплекс. Калі мне цяжка было знаходзіць словы па-беларуску, я проста гаварыла па-польску. І я на ўсё жыцьцё захавала гэтую думку: сапраўдны беларус адчувае нейкую інтэлігенцкую патрэбу ведаць польскую мову.

І ў мяне такое правіла выпрацавалася, што мая польская мова – гэта вельмі вялікая казырная карта для таго, каб адчуваць сябе беларускай. І нават памятаю, празь нейкі час, калі на Курасоўшчыне было Купальле, 1983 ці 84 год... з коламі паленымі, і карагоды, і вялікія лагі. І вялікія натоўпы народу. Я ня ведаю, адкуль майстроўцы зьбіралі столькі ахвотных удзельнічаць у Купальлі, але гэта заўсёды было. Я памятаю, што мы рабілі карагоды, і хтосьці зноў скіраваў мяне: а чаму я ўжо не гавару па-польску, і я пачала зноў гаварыць па-польску. Гэта быў мой нейкі звычай ужо ў Майстроўні. Я сама сябе пачала атаясамліваць з чалавекам, які ў Майстроўні размаўляе па-польску.

І калі ўжо закончылася мая такая актыўнасьць майстроўская, я пісала дыплём на пятым курсе, сядзела ў бібліятэцы і хтосьці з майстроўцаў, здаецца, гэта быў Ігар Запрудзкі, падыйшоў да мяне і запытаўся: цо сьлічна паненка чыта?”

Дубавец: Польская была тады найбольш даступнай, і Польшча была нам найлепей вядомая і блізкая з заходніх краінаў. Але цікаўнасьць майстроўцаў разьбягалася далёка па сьвеце. Пальшчызнай усё не абмяжоўвалася.

Інэса: “Што датычыцца гэтага шматмоўя ў Майстроўні, то яшчэ ўзгадваю спадара Запрудзкага Сяргея. Памятаю, што ўсе з гонарам казалі, што спадар Запрудзкі бароніць ці дыплём, ці дысэртацыю, дзе ён піша пра сэрбскія моўныя факты. І што ён настолькі адукаваны знаўца сваёй тэмы, што фрагмэнт ці нават усю абарону рабіў па-сэрбску. Я памятаю, што гэтае шматмоўе лунала па Майстроўні. Усе ганарыліся, што спадар Запрудзкі цудоўна ведае сэрбскую мову.

МАЙСТРОЎНЯ НАГАДВАЕ ПРА СЯБЕ


Сяржук Сокалаў-Воюш. Здымак майстроўскіх часоў.
Майстроўня дала яшчэ ўяўленьне, што беларуская ідэя і думка можа быць выражана ў такім жанры, як бардаўская песьня. Я памятаю спадара Сержука Сокалава. Гэта было нешта, што бездакорна натхняла. Такі важны для мяне быў з Майстроўні вынесены смак беларускай песьні ў бардаўскім выкананьні.

Лёсы майстроўскія перасякаліся шмат разоў. У 2006 годзе я пазнаёмілася з такім паэтам, як Барыс Жанчак. Мы зь ім разам езьдзілі ў Славенію. Я прадстаўляю ў Славеніі на літаратурным фэстывалі Беларусь і зьяўляюся кансультантам міжнароднага журы. І я абрала па вершах у інтэрнэце спадара Жанчака. І аказалася, што ён муж спадарыні Ларысы Сімаковіч. Я ніколі не забывала імя Ларысы Сімаковіч, настолькі моцнае ўражаньне захавалася пасьля Майстроўні, таму калі я пачула, што ён мае жонку Ларысу Сімаковіч, я проста ўражаная была гэтым вяртаньнем Майстроўні.

Памятаю спадара Андрэя Ясінскага, якога ўсе называлі Анікам. Ён быў вельмі калярытны. І мы аднойчы сустрэліся ў Маскве выпадкова, у мэтро. І мы са спадаром Анікам цудоўна бадзяліся па гэтай Маскве з той нагоды, што мы былі майстроўцамі. Сапраўды, нешта такое было, што людзі пазнавалі адзін аднаго”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG