Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейскі тэлеканал НТВ паказаў другую частку дакумэнтальнага фільму “Хросны бацька”, галоўны герой якога – кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка. Як ставяцца да гэтага фільму ў Беларусі і Расеі?


Дэпутат Дзярждумы Расеі ад кіруючай партыі “Адзіная Расея” Сяргей Маркаў лічыць, што фільм "Хросны бацька" ёсьць паўторам тых фільмаў, якія рабіліся пра Лукашэнку на Захадзе і ён разьлічаны на аднаго гледача.

Сяргей Маркаў
"Я лічу, што гэты фільм разьлічаны ні на расейскага гледача, ні на беларускага. Ён разьлічаны на аднаго адзінага беларускага гледача - Аляксандра Лукашэнку. Яму паказана, што ня можа Масква вечна мірыцца з тымі гадасьцямі, якія ён робіць".

Спадар Маркаў мяркуе, што гэты фільм у пэўнай ступені ёсьць адказам на інтэрвію прэзыдэнта Грузіі Міхаіла Саакашвілі, якое паказалі па беларускім тэлебачаньні. Паводле спадара Маркава, калі "усё так пойдзе, то Расея ня зможа падтрымліваць Лукашэнку на будучых прэзыдэнцкіх выбарах".

Старшыня Белдзяржтэлерадыёкампаніі Аляксандар Зімоўскі адзначыў, што афіцыйны Менск на "Хроснага бацьку" рэагаваць ня будзе, бо ён цалкам накіраваны на расейскую аўдыторыю.

Аляксандар Зімоўскі
"Паколькі ў нас зараз дружба з Грузіяй гэтыя фільмы мне падаюцца як пачварныя сны. Грузінскі філёзаф і пісьменьнік Міраб Мамардашвілі сказаў, што страшна ня жыць у сьне, страшна прачнуцца ў чужым сьне. Дык вось расейцы, гледзячы гэтыя фільмы, прачынаюцца ў чужых снах. Я лічу, тут няма ніякіх падстаў для судовага працэсу ў абарону гонару і годнасьці ці крымінальнага пакараньня за паклёп. Пазыцыі прэзыдэнта настолькі ўстойлівыя, што яму нават ня трэба зьвяртаць на гэта ўвагу".

Паводле спадара Зімоўскага, у Крамлі здаюць сабе справу ў тым, што ніякага кантролю над беларускай мэдыйнай прасторай яны ня маюць.

"Таму не такія яны наіўныя людзі, каб думаць, што гэтыя агіткі тут пройдуць па Беларусі і ўсе тут адкрыюць вочы. Гэты прадукт мэтанакіравана робіцца на тое, каб сапсаваць імідж Беларусі і яе лідэра ў расейскага электарату. Не хачу казаць, што карані гэтых фільмаў ляжаць у Беларусі. Хаця матэрыял узяты адсюль, гэта несумненна. Але ж тут няма нічога новага".

Паводле лідэра Партыі БНФ Аляксея Янукевіча, мэта гэтых фільмаў нанясеньне як мага большай інфармацыйнай і палітычнай шкоды асабіста Аляксандру Лукашэнку.

Аляксей Янукевіч
"Расея, Крэмль, прынялі рашэньне не падтрымліваць Лукашэнку на гэтых прэзыдэнцкіх выбарах. І ў любым выпадку ім Лукашэнка выгодны слабы. Такая лінія цяпер ажыцьцяўляецца Крамлём на аслабленьне, на прыніжэньне асабіста Лукашэнкі. І фільм "Хросны бацька-2” ёсьць адным з чарговых інфармацыйных удараў".

Патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты ад АГП Яраслаў Раманчук назваў гэты фільм працягам інфармацыйнай вайны з Аляксандрам Лукашэнкам.

Яраслаў Раманчук
"Крэмль ужо ня бачыць у ім свайго саюзьніка, ня верыць, што ён будзе выконваць падпісаныя дамовы па Мытным саюзе. Крэмль узяў такі курс, каб заціснуць яго ў вугал і нават не дапусьціць да таго, каб ён удзельнічаў у выбарах. Саюз алігархаў і аўтарытарных лідэраў Крамля і афіцыйнага Менску скончыўся, сварка толькі разгараецца. Таму кожны з бакоў будзе выкарыстоўваць розныя інструмэнты і інфармацыю. Крэмль пачаў з такіх адчувальных тэмаў для Беларусі як зьніклыя, карупцыя, з вельмі такога непрывабнага боку лукашэнкаўскага рэжыму. І гэта тая інфармацыя, якую кіраўнік Беларусі не хацеў, каб ведалі беларусы".

Камэнтуючы фільм “Хросны бацька-2” Станіслаў Шушкевіч адзначыў:

Станіслаў Шушкевіч
"Дзякуй Богу, што і Расея адумалася і правільна ацэньвае таго, хто ў нас забраўся незаконным чынам на вышэйшую пасаду ў дзяржаве. Гэта добры сыгнал для таго, каб мяняць сытуацыю ў Беларусі. Калі Расея спыніць прызнаваць незаконныя выбары, то праблемы з гэтым чалавекам няма, ён прайграе іх. Дагэтуль Эўропа не прызнала ніводныя сфальсыфікаваныя выбары. Ён, дарэчы, і сам гаварыў аб фальсыфікацыі, а цяпер ужо і Расея не прызнае. Таму трэба задумацца тут, што рабіць далей. І я думаю, што ня толькі пацукам, але і сумленным супрацоўнікам трэба пакідаць капітанскую рубку і абочыны на караблі ўлады".

Паводле былога кандыдата ў прэзыдэнты Беларусі Аляксандра Казуліна, гэтыя фільмы зьяўляюцца, бо "трэба ведаць, хто кіруе нашай краінай":

Алякандар Казулін
"Зараз наш спадар захоўвае нейкае патаемнае маўчаньне. Цяпер вельмі жорсткія пытаньні зададзены з такой вельмі масавай трыбуны. І калі мы пачуем на іх адказы – будзе ўсё відавочна".

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG